Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК ІГНАРУЕ АРГАНІЗАЦЫЮ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЯЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Рэч у тым, што два гады таму Камітэт па правох чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады несправядліва пакаралі сп. Лапцэвіча за распаўсюджваньне ўлётак і таму павінны аднавіць яго ў правох. Аднак афіцыйны Менск гэтага дагэтуль не зрабіў.

У Магілеве Уладзімер Лапцэвіч працаваў на абласным радыё, а таксама ўзначальваў гарадзкую арганізацыю Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі “Народная Грамада”. У 1997 годзе, напярэдадні ўгодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, сп. Лапцэвіча затрымалі за распаўсюджваньне ўлётак, прысьвечаных гэтай гістарычнай падзеі, і пакаралі штрафам.

Апазыцыцянэр аднак не пагадзіўся з пакараньнем і з дапамогай адмыслоўцаў зь Беларускага Гэльсынкскага Камітэту абскарджваў яго спачатку ў раённым, потым абласным і Вярхоўным судах. Але безвынікова. Тады, было вырашана зьвярнуцца ў Камітэт ААН па правох чалавека, які займаўся справай тры гады.

(Лапцэвіч: ) “Камітэт ААН прызнаў, што Беларусь парушыла частку 2 артыкулу ХІХ Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе ідзе гаворка аб свабодзе распаўсюджваньня інфармацыі, якая нікому ня шкодзіць. Так было з улёткамі – у іх утрымваўся толькі погляд на падзеі 1918 году. Яшчэ Камітэт рэкамэндаваў, каб Беларусь аднавіла мае правы – вярнула грошы за штраф і судовыя выдаткі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці выканалі беларусія ўлады пажаданьні Камітэту ААН?”

(Лапцэвіч: ) “Дагэтуль гэтага не зрабілі. Камітэт рэкамэндаваў таксама Беларусі, каб яна апублікавала ўсе тыя рэкамэндацыі і больш так не трактавала сваіх грамадзянаў, як мяне. Аднак дагэтуль нічога гэтага ня зроблена”.

У красавіку сёлета, ужо ў Польшчы, сп. Лапцэвіч пры дапамозе Польскага Гэльсынкскага фонду, яшчэ раз зьвярнуўся да чальцоў Камітэту з паведамленьнем, што Беларусь не выконвае рэкамэндацыі Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў у ягонай справе. А некалькі дзён таму польскія праваабаронцы накіравалі ліст у справе Ўладзімера Лапцэвіча да адмысловага справаздаўцы ААН па справах свабоды слова.

Паводле экспэрта Польскага Гэльсынкскага фонду Веслава Вацлаўчыка, які займаецца справай Уладзімера Лапцэвіча, гэткая пазыцыя афіцыйнага Менску можа прывесьці нават да байкоту Беларусі, бо тут гаворка ідзе фактычна пра ігнараваньне Менскам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Гаворыць Веслаў Вацлаўчык.

(Вацлаўчык: ) “Рашэньне камітэту ААН зьяўляецца толькі пажаданьнем, а не рашэньнем абавязковым, якім ёсьць, напрыклад, вырак міжнароднага суду ў Страсбуры. Аднак для дэмакратычных краінаў практычна няма розьніцы, ці гэта рашэньне Камітэту ААН, ці Страсбурскага суду, яны іх аднолькава шануюць і ім падпарадкоўваюцца. Беларусь падпісала Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе сярод іншага гаворыцца, што дзяржава-падпісант мае абавязак шанаваць меркаваньні Камітэту ААН па правах чалавека. Рашэньне Камітэту ў справе Лапцэвіча вядомае ўжо 2 гады, але Беларусь дагэтуль нічога не зрабіла. У дадзеным выпадку, Беларусь ня проста ігнаруе шматлікія звароты грамадзкіх арганізацыяў і міжнароднай супольнасьці ў справе абароны свабоды слова, але ігнаруе міжнародную арганізацыю, зь якой мае канкрэтную дамоўленасьць. Гэта ўжо зусім іншы узровень”.
XS
SM
MD
LG