Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДА ЗША ВЫКАЗВАЕ ТРЫВОГУ АДНОСНА ЗАКРЫЦЬЦЯ “ПАГОНІ”, “НАШАЙ СВАБОДЫ”, ПЕРАСЬЛЕДУ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ЦАРКВЫ І А. ЛЯБЕДЗЬКІ


Ул. інф.

Гэтая справаздача была падрыхтаваная ў пачатку 2002 году. У дакумэнце адзначаюцца шматлікія парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. На мінулым тыдні намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Сычоў, у прыватнасьці, адзначыў, што “беларуская частка справаздачы Дзярджэпартамэнту мае шмат недакладнасьцяў і хлусьцівых зьвестак”.

А зараз цытую рэакцыю дыпляматычнага прадстаўніцтва ЗША ў Беларусі: “ Мы ўважліва пазнаёміліся з камэнтарамі МЗС, камэнтары, прадстаўленыя ў амбасаду і Дзярдэпартамэнт, па вялікім рахунку, пацьвярджаюць згаданыя ў справаздачы факты, некаторыя характарыстыкі аспрэчваюцца”. “Больш за ўсё нам бы хацелася ўключыць у тэкст Справаздачы пра правы чалавека за 2002 год зьвесткі, якія б дэманстравалі, што ўрад Беларусі робіць значныя крокі для паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі”, - гаворыцца ў заяве амбасады.

“Аднак пры падрыхтоўцы справаздачы мы павінныя падаваць рэаальныя факты, таму ў нас няма іншага выбару як з трывогай адзначаць і паведамляць пра такія выпадкі як закрыцьцё газэты “Пагоня”, прысуд у дачыненьні да газэты “Наша Свабода”, зьнішчэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы і перасьлед Аб’яднанай грамадзянскай партыі і яе лідэра Анатоля Лябедзькі”.

Амбасада ЗША заклікае беларускія ўлады выправіць становішча і цалкам зьмяніць сытуацыю.

Нагадаю, што ўчора кангрэсмэн ЗША Крыстафэр Сьміт выступіў з заявай адносна разбурэньня ў Пагранічным будынку аўтакефальнай праваслаўнай царквы і адзначыў, што гэты факт павінен паспрыяць падтрымцы Акту ў дэмакратыі ў Беларусі. Тэкст гэтага акту чытайце на нашым сайце – www.svaboda.org
XS
SM
MD
LG