Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ Ў БЕЛАРУСІ РЭЛІГІЙНАЯ ТАЛЕРАНТНАСЬЦЬ?


Кастусь Бандарук, Прага

Апошнім часам у рэлігійным жыцьці Беларусі адбылося некалькі трывожныx падзеяў. Гэта найперш разбурэньне царквы а. Івана Спасюка, а таксама новы закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”. Ці ў сьвятле гэтых ды іншых фактаў рэлігійнага жыцьця можна гаварыць пра рэлігійную талерантнасьць у Беларусі? У абмеркаваньні гэтай тэмы ўдзельнічаюць: намесьнік рэдактара грэка-каталіцкага часопісу “Царква” Ігар Бараноўскі i прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў “Галгофа” Павал Кандрашчук.

(Бандарук: ) Як ужо паведамлялася, напрыканцы мінулага тыдня ў пасёлку Пагранічны Бераставіцкага раёну адбылося разбурэньне храма а. Івана Спасюка. Нагадаю, што некалькі гадоў таму ён выйшаў са складу РПЦ і цяпер са сваёй парафіяй ў пасёлку Пагранічны падпарадкоўваецца Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве зь сядзібай у Амэрыцы. Уначы з 1 на 2 жніўня ўлады прыступілі да разбурэньня храма, які а. Іван пачаў будаваць у сваім уласным агародзе. Сам сьвятар вымушаны хавацца, а за нібыта будаўнічае самавольства яму пагражае некалькі гадоў турмы. І яшчэ адна падзея. 27 чэрвеня «Палата Прадстаўнікоў» прыняла ў другім чытаньні “Закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”. Увосень закон можа быць канчаткова прыняты беларускім «парлямэнтам». У ім існуе падзел на “традыцыйныя” і “нетрадыцыйныя” веравызнаньні, што некаторыя канфэсіі ўспрынялі з абурэньнем. Яны лічаць новы закон недэмакратычным і дыскрымінацыйным асабліва ў дачыненьні да пратэстанцкіх цэркваў. З пытаньнем - як ён ацэньнвае гэтыя падзеі - я зьвярнуўся да спадара Ігара Бараноўскага, намесьніка рэдактара грэка-каталіцкага часопісу “Царква”.

(Бараноўскі: ) “Я пачну з самай скандальнай на сёньняшні дзень падзеі грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі - разбурэньня храма а. Яна Спасюка. Натуральна, мы, грэка-каталікі, пільна адсочвалі сытуацыю: што ж будзе, якія будуць дзеяньні ўладаў у гэтай сытуацыі. Можна спрачацца: меў права ці ня меў права а. Спасюк будаваць сваю царкву тым шляхам, якім ён пайшоў. Аднак тое, што ўчынілі ўлады - а мы ўчора пасьля Літургіі абмяркоўвалі гэтую падзею зь вернікамі - гэта проста быў шок. Людзі ў шоку. Яны ня могуць зразумець, як ўлада, якая дэкляруе сваю прыхільнасьць, прынамсі да Праваслаўнай Царквы, праўда, іншай юрысдыкцыі, гэтак можа паставіцца да пачуцьцяў вернікаў, няважна, каму яны падпарадкоўваюцца. Мы лічым, што гэта варварства, падобны прыклад якога цяжка знайсьці нават ў сярэдневечныя часы. Гэта проста нечуванае для Беларусі”.

(Бандарук: ) Такое меркаваньне выказаў прадстаўнік беларускіх грэка-каталікоў Ігар Бараноўскі зь Берасьця. А вось што думае пра разбурэньне храма пратэстанцкі прапаведнік зь Менску Павал Кандрашчук.

(Кандрашчук: ) “Я гэта бачыў. Я абураны, што такое робіцца ў наш цывілізаваны час і ў нашай “цывілізаванай краіне” - Беларусі. Я засмучаны гэтым. Мне сорамна перад міжнароднай супольнасьцю. Я думаю, што ўсе, хто бачыў і хто чуў пра гэта - абураныя”.

(Бандарук: ) Гэтак лічыць прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў “Галгофа” Павал Кандрашчук. Тут хачу прыгадаць яшчэ адзін прыклад. У суботу 3 жніўня міліцыя затрымала ў Менску 17 удзельнікаў шэсьця прадстаўнікоў руху «Гары Крышна». “Без дазволу нельга бубніць”, - заявіла міліцыя. Больш за дзесятак крышнаітаў, якіх дарэчы беларускія ўлады ня хочуць рэгістраваць, праседзелі ноч пад вартай і затым былі пакараныя штрафам памерам 200 тысячаў рублёў. У пратаколе міліцыянты памылкова напісалі, што яны затрымалі вызнаўцаў юдаізму. Але вернемся да “Закону аб рэлігійных арганізацыях”. Днямі, 6-7 жніўня ў Раўбічах адбылася міжканфэсійная канфэрэнцыя. Сярод іншага, прадстаўнікі розных канфэсіяў абмеркавалі і гэты закон. Якое стаўленьне Вашай Царквы да яго? Павал Кандрашчук.

(Кандрашчук: ) “Мы супраць, таму, што ён абмяжоўвае правы сапраўдных вернікаў. Вось нядаўна ў “Советской Белоруссии” ці ў “Рэспубліцы” быў апублікаваны артыкул, дзе даказвалася, што найбольшы адсотак вернікаў - праваслаўныя. Аднак іх наагул нельга лічыць вернікамі. Яны далёкія ад сапраўднай веры. Таму іх гэты закон не хвалюе. Ён хвалюе сапраўдных вернікаў. Калі закон будзе прыняты, для нас, пратэстанцкіх цэркваў, ён будзе вельмі шкодны. Справа ў тым, што мы хочам працаваць зь дзецьмі, хочам, каб нашы абшчыны разьвіваліся, каб іх афіцыйна рэгістравалі. А там, у законе, многае з гэтага - забараняецца".

(Бандарук: ) А вось думка прадстаўніка грэка-каталіцкай царквы Ігара Бараноўскага.

(Бараноўскі: ) “Закон, безумоўна, - гэта крок назад. Безумоўна, гэта недэмакратычны закон, і вельмі прыкра, што сродкі масавай інфармацыі, асабліва ўрадавыя, скажаюць пазыцыю каталіцкай царквы, а таксама мусульманаў і юдэяў у гэтым пытаньні. Справа ў тым, што яны вельмі неадназначна паставіліся да гэтага закону, прапанавалі шэраг паправак, якія аднак не былі ўлічаныя. Гэта няпраўда, што каталіцкая царква ўхваляе закон. Гэта нонсэнс. Грэка-каталікі і я асабіста лічым, што закон значна абмяжоўвае дзейнасьць шэрагу рэлігійных арганізацыяў у Беларусі за выключэньнем РПЦ. Я, як журналіст, таксама зьвяртаю ўвагу на тыя моманты, што тычацца СМІ. Уводзіцца рэлігійная цэнзура, што таксама нечуваная рэч у сёньняшні час. Абурае і тое, што маюць быць нейкія “экспэрцкія рады” . Невядома, колькі яны будуць экспэртызаваць і якія рашэньні будуць затым прымаць. Усё гэта многіх абурае”.

(Бандарук: ) Гэта быў Ігар Бараноўскі. На фоне вышэй сказанага ўзьнікае пытаньне рэлігійнай талеранцыі. Паводле энцыкляпэдычнага вызначэньня, талерантнасьць (ад лацінскага слова “tolerare” - пераносіць, цярпець, вытрымліваць), гэта “сьведамая згода на вызнаваньне і пашырэньне іншымі людзьмі поглядаў, зь якімі мы не пагаджаемся, а таксама на выбар ладу жыцьця, які яны лічаць адпаведным, але якога мы не ўхваляем”. Інакш кажучы, быць талерантным, гэта значыць “прызнаваць права іншага чалавека на ўласныя погляды і густы іншыя чым нашыя, калі толькі яны не рэакцыйныя, антыгуманныя або шкодныя". Прынята лічыць бацькамі паняцьця “талерантнасьць” Джона Лока і Вальтэра. У адказ на рэлігійны перасьлед у тагачаснай Эўропе, дзе дзейнічаў прынцып “cuius regio eius religio” (чыя ўлада таго і рэлігія), Лок і Вальтэр выступалі за талерантнае стаўленьне да іншых, што гарантавала б асабістую недатыкальнасьць і бясьпеку іншадумцаў і іншых канфэсіяў. Талеранцыя ў іх азначала мір з усімі і адсутнасьць перасьледу, адсюль і назоў “талеранцыя нэгатыўная”. Аднак ужо ў XV стагодзьдзі паняцьце талеранцыі спапулярызаваў прафэсар Кракаўскага Ўнівэрсытэту Павал Влодкавіц. На Саборы ў Канстанцы (1414-1418) праз 4 гады пасьля Грунвальдзкай бітвы ён выступіў супраць крыжакоў, якія агнём і мячом перацягвалі паганаў у хрысьціянства. Свае погляды Влодкавіц выказаў у словах “fides ex necessitate esse non debet” - вера ня можа паходзіць з прымусу. Гэта ў далёкім мінулым. Але ці ў сьвятле вышэйзгаданых фактаў можна гаварыць пра рэлігійную талеранцыю ў Беларусі? Спадар Кандрашчук.

(Кандрашчук: ) “Я думаю, што не. Акрамя ўсяго, некалькі дзён таму ў “Рэспубліцы” быў зьмешчаны паклёпніцкі артыкул. Я ня памятаю загалоўку, але там наш пратэстанцкі рух быў абсьмеяны перад чытачамі. Такім чынам, я думаю, што няма ў нас рэлігійнай талеранцыі”.

(Бандарук: ) Калі яшчэ вярнуцца да інцыдэнту ў пасёлку Пагранічны, дык прыгадваю, што паводле самога а. Спасюка, мясцовы праваслаўны сьвятар блаславіў рабочых на разбурэньне храму. Як правіла, сам сьвятар нічога ня робіць без дазволу і блаславенства свайго начальства, але гэта ня мусіць адпавядаць настроям сярод шэраговых вернікаў. Спадар Бараноўскі,
як Вы ацанілі б ўзровень талерантнасьці сярод шырэйшых колаў грамадзтва?

(Бараноўскі: ) “Я б сказаў, што на побытавым узроўні большасьць вернікаў дастаткова спакойна і талерантна ставяцца адзін да аднаго незалежна ад канфэсіі і юрысдыкцыі. Я ў гэтым перакананы і маю шмат сяброў, якія належаць да розных цэркваў, але мы паміж сабою вельмі добра адзін аднаго разумеем. Мы не прэтэндуем на тое, каб некага прымушаць верыць інакш. Я чуў шмат выказваньняў наконт сытуацыі з айцом Спасюком нават з боку праваслаўных. Яны ставяцца да гэтай сытуацыі нармальна, маўляў, ёсьць людзі, якія думаюць інакш і хай яны вераць, як хочуць. А тое, як сябе паводзяць ўлады, дык гэта не адпавядае душы беларуса. Я думаю, што гэта сёньняшняя палітычная сытуацыя, кан’юнктурныя асобы і пачуцьці некаторых кіруючых асобаў спрыяюць распальваньню рэлігійнай варажнечы ў краіне. Я лічу, што гэта вельмі небясьпечная зьява для стабільнасьці ў нашым грамадзтве. Важна, каб нас не падзялілі паводле рэлігійнай прыкметы. Абурае тое, што ўлады ня хочуць слухаць іншых канфэсіяў акрамя адной. Гэта сёньня, на жаль, палітычная кан’юнктурнасьць і нішто іншае”.

(Бандарук: ) Гаварыў Ігар Бараноўскі, намесьнік рэдактара грэка-каталіцкага часопісу “ Царква”. Такім чынам, талеранцыя - гэта пэўны мінімум добразычлівасьці ў дачыненьні да іншага чалавека: цярпліва пераносіць ягоную іншасьць. Пад уплывам філязофіі Міла (J.S Mill), Гэрбэрта Маркузэ (Herbert Marcuse) а таксама сучасных постмадэрністаў, зьявілася паняцьце “станоўчай талеранцыі”. Яна палягае ў тым, што “ўсе дзеяньні, стаўленьні і погляды роўнапраўныя, што не існуе ні аб’ектыўная праўда ні каштоўнасьць, з дапамогай якіх можна ацэньнваць дзеяньні, стаўленьне і погляды іншых людзей”. Аднак такая талеранцыя вядзе да абыякавасьці, да неадрозьніваньня зла ад дабра. Ці можна задаволіцца гэтым, калі гутарка йдзе пра рэлігійную талерантнасьць? Паколькі талеранцыя не пашыраецца на шкодныя і дэструктыўныя паводзіны і дзеяньні, то заўсёды будуць узьнікаць пытаньні: а што лічыць шкодным? Ці тое, што цяпер лічыцца дрэнным, у будучыні не акажацца карысным? Урэшце, якія павінны быць межы талерантнасьці? Сьвятое Пісаньне вучыць, што ў дачыненьнях зь іншымі людзьмі трэба кіравацца не велікадушнай паблажлівасьцю, але любоўю. Тою любоўю, якая “доўга церпіць, якая міласэрная, не зайздросьціць, не надзімаецца, не вывышаецца, не буяніць, не шукае свайго, якая не гняўлівая, ня думае благога, ня радуецца з крыўды, але цешыцца з праўды, любоўю, якая ўсё пакрывае, усяму верыць, усяго спадзяецца, усё церпіць, і якая ніколі ня чэзьне” ( 1Кар.13, 4-8).
XS
SM
MD
LG