Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“МАКДОНАЛДЗ” ПАДАЎ ПАЗОЎ НА БДУ Ў ГАСПАДАРЧЫ СУД МЕНСКУ


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнікі будаўнічай фірмы і ўнівэрсытэту сьцьвярджаюць, што праход для людзей захаваецца, хаця ў самім офісе “Макдоналдзу” ўжо ня вераць гэтым словам і мяркуюць, што сёньня, ідучы з працы, яны будуць вымушаныя пералазіць праз двухмэтровы плот.

Начальнік аддзелу грамадзкіх сувязяў замежнага прадпрыемства “Рэстараны Макдоналдз” Вольга Траян называе гэтыя дзеяньні ўнівэрсытэту незаконнымі, бо ў мінулую пятніцу інспэкцыя Дзяржбуднагляду спыніла дзеяньне дазволу на падрыхтоўчыя працы да 12 жніўня. БДУ да гэтага часу павінен прыбраць шэраг недахопаў:

(Траян: ) “Цяпер гэта ўжо клясыфікуецца як незаконнае будаўніцтва, бо дзейнічае забарона на будаўнічыя работы. БДУ са сваімі падрадчыкамі пайшоў далей, на парушэньне забароны. Учора мы падалі пазоў у Гаспадарчы суд гораду Менску на дзеяньні, якія ўжо ажыцьцёўленыя БДУ і ягоным падрадчыкам”.

Спадарыня Траян зазначае, што “Макдоналдз” вядзе падлік усіх стратаў, і гэтыя лічбы будуць перададзеныя ў суд.

Нядаўна амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак у інтэрвію агенцтву “Associated Press” назваў канфлікт вакол “Макдоналдзу” ў Менску праявай неспрыяльнасьці інвэстыцыйнага клімату ў Беларусі, з гэтай прычыны замежны капітал адмаўляецца тут працаваць: “Такая сытуацыя зьяўляецца адным з многіх выпадкаў, калі беларускія ўлады парушалі пагадненьні з замежнымі інвэстарамі. І інвэстары павінныя быць заклапочаныя тым, што ў гэтай краіне даволі небясьпечна ўкладаць грошы”.

Сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка абверг гэтыя цьверджаньні, заявіўшы, што спадар Козак хоча пераўтварыць гаспадарчую спрэчку ў канфлікт паміж беларускай уладай і замежнымі інвэстарамі:

(Латушка: ) “Час ад часу паміж суб’ектамі гаспадараньня ў працэсе іх дзейнасьці могуць узьнікаць рознагалосьсі, аднак гэта ніякім чынам не зьяўляецца адлюстраваньнем агульнага інвэстыцыйнага клімату ў нашай краіне. Такія абагульненьні ня маюць пад сабой падставаў”.

Тым часам кіраўніцтва кампаніі “Макдоналдз” накіравала звароты ў Менгарвыканкам, урад і прэзыдэнцкую адміністрацыю з просьбай разабрацца ў сытуацыі. Адказу адтуль не паступала.

Замежнае прадпрыемства “Макдоналдз” было гатовае закансэрваваць свой рэстаран на час будоўлі факультэту міжнародных дачыненьняў, але патрабуе ад БДУ кампэнсацыі на паўмільён даляраў, урадавых гарантыяў і дзьве новыя пляцоўкі ў горадзе для будаўніцтва сваіх рэстарацыяў. Аднак унівэрсытэт ня здольны выканаць гэтыя патрабаваньні.

Рэктар БДУ Аляксандар Казулін заявіў, што “Макдоналдз” прызвычаіўся дзейнічаць з пазыцыі сілы і грошай, імкнецца атрымаць усё за грашы і лічыць БДУ і сыстэму адукацыі Беларусі слабымі і прыніжанымі”. Паводле А.Казуліна, у БДУ нібыта гатовыя працягваць дыялёг, але рыхтуюцца і да судовага працэсу.

“Макдоналдз” уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых інвэстараў у эканоміку Беларусі, ягоныя інвэстыцыі склалі звыш 14 мільёнаў даляраў. У мінулым годзе кампанія пералічыла ў бюджэт Беларусі больш як тры мільёны даляраў падаткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG