Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ ЗОНЕ ВЯДЗЕЦЦА ГАСПАДАРКА


Казімер Яноўскі, Гомель

Аднак і без дазволу шэраг калгасных кіраўнікоў выкарыстоўваюць “зону” ў сваіх гаспадарчых мэтах.

Камчарнобыль адмовіў аблвыканкаму выкарыстоўваць радыяцыйную “зону” для нарыхтоўкі кармоў з дзвюх прычынаў. Як пісаў у адмысловым лісце намеснік старшыні Камчарнобылю Валерый Шаўчук, на гэта не пагадзілася міністэрства сельскай гаспадаркі. Да таго ж у 99-м, калі Камчарнобыль дазваляў сенакос у адселенай “зоне”, аблвыканкам не паінфармаў яго пра вынікі выкарыстання забруджаных радыяцыяй кармоў.

Тым часам гаспадарнікі, не зважаючы на афіцыйную перапіску і радыяцыйную бясьпеку, накіроўваюць вяскоўцаў на забруджаныя тэрыторыі пасьвіць калгасную жывёлу і здабываць кармы. Менавіта з гэтай прычыны адміністрацыя зонаў адчужэньня і адсяленьня сёлета двойчы штрафавала дырэктара сельгаспрадпрыемства “Дружба” Добрушскага раёну Уладзімера Жытнікава і галоўнага заатэхніка Васіля Самуськова.

Дырэктар Гомельскага конезаводу №59 Валерый Жолудаў накіраваў на сенакос у адселеную вёску Пралетарый Веткаўскага раёну цэлую мэханізаваную брыгаду. Сямёра мэханізатараў пад кіраўніцтвам агранома Банькова пасьпелі там закласьці ажно 54 тоны сенажу. Што зь ім зараз рабіць, ніхто ня ведае. Начальнік адміністрацыі зонаў адчужэньня Камчарнобылю Юрый Кузьміч выказаў нават думку, што, калі б не сухое надвор’е, трэба было б нарыхтаваны корм навогул спаліць. Інакш яго ўсё адно паспрабуюць вывезьці з “зоны”.

У тым жа Веткаўскім раёне адміністрацыя чацвёрты год запар штрафуе старшыню калгаса “Дружба” Мікалая Чваркова - і за нарыхтоўку ў “зоне”. кармоў, і за сяўбу збожжавых, і за выпас жывёлы. Аднак спадар Чваркоў штрафы ігнаруе, грошы не сплачвае і працягвае кожны год парушаць рэжым адселенай зоны.

Да парушэньняў спрычыняюцца і кіраўнікі Магілеўшчыны. Да прыкладу, старшыня калгасу “Прагрэс” Касцюковіцкага раёну Генадзь Боханаў распарадзіўся сёлета засеяць у “зоне” 80 гектараў збажыны. Штаф у 30 тысячаў рублёў калгаснага кіраўніка не напалохаў.

У адміністрацыі зонаў адчужэньня лічаць, што беларускае заканадаўства ў дачыненьні парушальнікаў рэжыму радыяцыйных тэрыторыяў надзвычай мяккае. Аднак самі яны нічога змяніць ня могуць.
Райвыканкамы ж часцей за ўсё навогул заплюшчваюць вочы на гаспадарчыя паходы “калгасных сталкераў” у адселеныя “зоны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG