Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛАГОЙСКУ ПАЧАЎСЯ СУД ЗА ПРАВА ЎЖЫВАЦЬ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ


Севярын Квяткоўскі, Менск

Сума пазову за кампэнсацыю маральных стратаў — адзін мільн эўра. Сьведкам судовага працэсу стаўся карэспандэнт "Свабоды".

(Судзьдзя Матвеенкава: ) "Справа па пазову Валуя Леаніда Пятровіча пра абарону гонару й годнасьці, і спагнаньне маральнае шкоды ў суме адзін мільён даляраў ЗША".

Судзьдзя Матвеенка памылілася ў назьве валюты, да якой Лявон Валуй прывязаў суму пазову. Сам спадар Лявон тлумачыць, што абраў такую суму й назву валюты зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, мяркуе, што ў эўропе мільён за абразу — нармальная рэч, а па-другое, хоча стварыць прэцэдэнт, каб надалей дзяржаўныя чыноўнікі прытрымліваліся закону "Аб мовах".

Лявон Валуй вінаваціць Аляксандра Рымшу ў адмове прыняць анкеты для дазволу на выезд за мяжу, напісаныя па-беларуску.

(Валуй: ) "Я напісаў усё па-беларуску, ён адмовіўся прыняць: "Перапішы на расейскай мове, альбо пакінь кабінэт".

Так цьвердзіць спадар Валуй. Афіцэр лагойскага РУУС Аляксандар Рымша сьцьвярджае, што толькі параіў Валую абраць для запаўненьня анкеты расейскую мову. Ад гвалту са свайго боку спадар Рымша катэгарычна адмаўляецца. Суду былі прадстаўленыя дзьве анкеты. Першая зь беларускай, і другая — канчатковая — з расейскай вэрсіяй, у якой адна графа была запоўненая па-беларуску. Месца працы было пазначанае словамі "фэрмэрская гаспадарка".

На думку судзьдзі Матвеенкавай, прысутнасьць у анкеце слова "гаспадарка" сьведчыць пра двухмоўнасьць дакумэнта, а значыць вінаваціць начальніка пашпартнага няма за што. Кажа прадстаўнік Лявона Валуя ў судзе Ўладзімер Лабковіч:

(Лабановіч: ) "У судзе Лагойскага раёну слухалася беспрэцэдэнтная справа, якая можа ўвайсьці ў аналы абароны грамадзянскаіх гонару й годнасьці. Менавіта, як казалі клясыкі, "людзьмі звацца". У судзе мы бачым абсалютна цынічныя, на маю думку, паводзіны судзьдзі, абсалютна цынічныя паводзіны прадстаўнікоў органаў улады".

Разгляд справы ўскладняецца тым, што ў часе спрэчкі пра мову ў кабінэце не было сьведкаў: адно Рымша й Валуй.

(Валуй: ) "Гарантыя беспакаранасьці з боку ўлады, вось што рухае цяперашнім чыноўнікам".

Лагойскі фэрмэр не сумняецца ў адмоўным рашэньні суду. Але верыць, што сам факт разьбіральніцтва можа чамусьці навучыць, калі ня ўсіх, дык хаця б раённых чыноўнікаў. Прысуд маюць абвесьціць 12 жніўня.


XS
SM
MD
LG