Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЫНА АЛЕГА АЛКАЕВА ЗЬБІВАЛІ ВОСЕМ ЧАЛАВЕК


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вячаслаў Алкаеў, сын вядомага палітычнага ўцекача, былога палкоўніка міліцыі Алега Алкаева быў вывезены на ўскраіну Менску і жорстка зьбіты. Інцыдэнт адбыўся ў нядзелю, цяпер вядзецца расьсьледаваньне. Паводле папярэдніх дадзеных, у зьбіцьці Вячаслава Алкаева бралі ўдзел ажно 8 ахоўнікаў рэчавага рынку ў менскім мікрараёне Малінаўка. Цяпер яны сьцьвярджаюць, што малады чалавек быў нападпітку і сам пачаў свару, а ў пасёлак Сеньніца яго адвезьлі, каб супакоіць.

Вячаславу Алкаеву 25 гадоў, ён сяржант міліцыі, ахоўвае камітэт барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю пры Міністэрстве ўнутраных справаў. У нядзелю малады Алкаеў ня быў на службе. Паводле яго, на рынак у Малінаўцы ён прыехаў па прыватных справах. Сам Вячаслаў камэнтаваць інцыдэнт, які зь ім адбыўся, адмаўляецца.

Ягоны бацька Алег Алкаеў, які цяпер жыве ў Нямеччыне, заявіў Радыё Свабода, што яму ня хочацца верыць ў сувязь гэтага інцыдэнту з ягонай асобай, але выключыць такую магчымасьць ён ня можа.

(Алкаеў:) "Я не выключаю нічога. Але пакуль факт той, што зьбілі чалавека, і цяпер з гэтым трэба разьбірацца. Я сам былы сьледчы і ведаю, што да завяршэньня расьсьледаваньня нічога нельга камэнтаваць. Нібыта сын хацеў дамагчыся нейкай справядлівасьці, а яго моцна пабілі".

Нагадаю, былы начальнік менскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў ёсьць аўтарам вядомага рапарту, у якім выкрываецца сувязь вышэйшых асобаў краіны са зьнікненьнямі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Летась пасьля абнародаваньня рапарту Алкаеў быў вымушаны зьехаць у Нямеччыну, дзе атрымаў палітычны прытулак. Алкаеў кажа, што яму невядома, ці атрымлівала пагрозы ягоная сям’я, якая засталася ў Беларусі. Паводле Алкаева, зьбіцьцё сына ёсьць першым фактам, які можа сьведчыць пра перасьлед ягоных сваякоў. А вось жонка Алкаева Ірына заявіла Радыё Свабода пра трывалае "цкаваньне іхняй сям’і".

XS
SM
MD
LG