Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАСТАВІЎ ЗАДАЧУ АЛІМПІЙЦАМ: 25 МЭДАЛЁЎ З АФІНАЎ


Уладзімір Глод, Менск

Адразу параўнаем тое, што было, і тое, на што разьлічвае прэзыдэнт Алімпійскага камітэту Беларусі. На апошніх летніх гульнях, што праходзілі ў 2000 годзе ў Сыднэі, уся скарбонка беларускіх алімпійцаў склала 17 медалёў, зь якіх толькі тры — Кацярыны Хадатовіч-Карстан, Яніны Карольчык і Эліны Зьверавай — былі залатымі. Такім чынам, у сталіцы Грэцыі беларускай камандзе трэба будзе зрабіць значны крок наперад.

Афіцыйных чыноўнікаў цешыць тое, што летась у алімпійскіх нумарах на пяршынствах сьвету і Эўропы спартоўцы Беларусі атрымалі 19 медалёў. Аднак, па-першае, 19 – усё ж не 25, а па-другое, што яшчэ важней — такая арытмэтыка на практыцы ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю. І гэта тлумачыцца даволі проста — шмат хто з спартоўцаў усіх краінаў ня лічыць для сябе нават пяршынствы сьвету, ня кажучы пра Эўропы, галоўнай мэтай. Для іх такія спаборніцтвы – толькі прамежкавыя на шляху да галоўнага старту чатырохгодзьдзя. Так што ўзгаданая арытмэтыка чыста ўмоўная.

І яшчэ адна акалічнасьць не дае аптымізму. Міністар спорту і турызму Яўген Варсін на паседжаньні казаў аб тэндэнцыі да зьніжэньня фінансаваньня нацыянальных зборных. Вось канкрэтныя лічбы: 2000 год — 8,1 мільёна даляраў; летась — 7 мільёнаў, сёлета плянаванае фінансаваньне — толькі 5,95 мільёна. Кіраўнік алімпійскага штабу, ён жа віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын паабяцаў, улічваючы “бацькоўскія клопаты” Аляксандра Лукашэнкі пра спорт, што будуць выдадзеныя ўсе заплянаваныя грошы.

Але што з таго? Спэцыялісты мінстэрства лічаць, што штогод патэнцыйным алімпійцам патрэбна 18 мільёнаў даляраў. Дзе ўзяць? На паседжаньні выканкаму прагучала даволі цьмянае пажаданьне выкарыстоўваць унутраныя рэзэрвы. Але віцэ-прэзыдэнт НАКу Генадзь Аляксеенка паскардзіўся, што кіраўнікі нават самых буйных беларускіх прадпрыемстваў адмаўляюць у матэрыяльнай падтрымцы з прычыны цяжкага фінансавага становішча на заводах і фабрыках. І таму ўсе спадзяваньні на тое, што прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка знойдзе патрэбныя сродкі. Дзе? На гэтае пытаньне кіраўнік дзяржавы, як вядома, адказаў не дае.

Прыблізны склад беларускай каманды ў Афінах пакуль 150-170 спартоўцаў. А гэта азначае, што прыкладна кожны шосты-пяты, улічваючы камандныя віды спорту, павінен атрымаць мэдаль. Я патэлефанаваў сёньня шэрагу вядомых беларускіх спартоўцаў і трэнэраў і пацікавіўся, наколькі гэта, на іхную думку, рэальна. Адказы знаходзіліся ў дыяпазоне ад "Абсалютна немагчыма" да "Калі так здарыцца, гэта будзе сапраўдны цуд".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG