Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАРКЕВІЧ І МАЖЭЙКА ЗЬБІРАЮЦЦА АПЭЛЯВАЦЬ ДА ААН


Віталь Цыганкоў, Менск

У сваёй касацыйнай скарзе на адрас Гарадзенскага абласнога суду Маркевіч і Мажэйка патрабуюць адмяніць вынесены судом ніжэйшай інстанцыі прысуд і цалкам іх апраўдаць. Нагадаю, што гарадзенскі гарадзкі суд асудзіў Маркевіча і Мажэйку да двух з паловай і двух гадоў абмежаваньня волі адпаведна.

Пакуль абодва журналісты знаходзяцца на волі, аднак, калі абласны суд не задаволіць іхнюю скаргу, прысуд уступіць у сілу. Гэта азначае, што ўжо 15 жніўня Маркевіч і Мажэйка могуць быць адпраўленыя адбываць пакараньне ў адну з 9 адпаведных установаў Гарадзенскай вобласьці. Рэдактар зачыненай уладамі газэты "Пагоня" Мікола Маркевіч асабліва не спадзяецца на справядлівы разгляд скаргі абласным судом.

(Маркевіч: ) “Зварот у гарадзенскі абласны суд мы ўважаем як чыста фармальны крок, бо разумеем, што той суд, які сёньня існуе на Беларусі, ня ў стане справядліва і законна разгледзіць нашую справу. Гэта чыста фармальны крок, які можа даць нам магчымасьць прасоўваньня наперад, у прыватнасьці, наша мэта – камітэт правоў чалавека ААН. Бо справядліва і законна разгледзіць нашую справу могуць разгледзіць толькі людзі, не прызначаныя Лукашэнкам”.

Справа журналістаў "Пагоні" узначальвае цэлы шэраг прыкладаў уціску беларускімі ўладамі незалежнай прэсы. "Народная воля", "Рабочы", "Наша свабода" --гэтыя газэты спазналі судовы альбо крымінальны перасьлед. Сёньня ж уначы дадалася новая інфармацыя - невядомыя злодзеі абакралі офіс газэты "Згода". Мікола Маркевіч ацэньвае гэтыя падзеі наступным чынам:

(Маркевіч: ) “Я мяркую, што гэта падзеі аднаго шэрагу, гэта зьявы аднаго роду. Яны пацьвярджаюць думку, што Лукашэнка выстрайвае зь Беларусі крэпасьць, якая асаджаная з усіх бакоў. Тое, што адбываецца – зачыстка палітычнага, інфармацыйнага і эканамічнага палей”.

Дарэчы, сёньня павінна быць быць вызначаная дата суду па справе рэдактара газэты "Рабочы" Віктара Івашкевіча. Аднак з-за адсутнасьці судзьдзі дзень пачатку гэтага працэсу пакуль не быў прызначаны.
XS
SM
MD
LG