Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АПАЗЫЦЫЯ Ў АЗЭРБАЙДЖАНЕ КРЫТЫКУЕ ПЛЯНАВАНЫ РЭФЭРЭНДУМ


Натальля Судлянкова, Прага

Урад заяўляе, што гэтыя зьмены патрэбныя, каб выканаць абавязацельствы краіны прывесьці сваё заканадаўства ў адпаведанасьць зь міжнароднымі нормамі. Гэтыя абавязацельствы выцякаюць з сяброўства краіны ў Радзе Эўропы і АБСЭ.

Апазыцыя, у сваю чаргу, упэўненая, што гэтыя зьмены патрэбныя кіраўніку краіны Гейдару Аліеву, каб узмацніць ягоную ўладу і даць яму магчымасьць назваць свайго пераемніка.

У Баку адбылася сустрэча прадстаўнікоў ураду і апазыцыі. Мяркуецца, што адбудзецца пяць дыскусыяў за круглым сталом.

Яшчэ раней першыя сутычкі паміж кіраўніцтвам краіны і апазыцыяй адбываліся ў сувязі з прызначэньнем даты рэфэрэндуму.

Апазыцыя заяўляла аб тым, што плебісцыт трэба праводзіць пазьней, каб даць магчымасьць насельніцтву лепш азнаёміцца з прапанаванымі зьменамі.

Гэтую прапанову апазыцыі падтрымалі Злучаныя Штаты і эўрапейскія краіны. Тым ня менш, рэфэрэндум адбудзецца менавіта 24 жніўня, як настойваў Аліеў.

Наступным спрэчнай кропкай стала прапанова ўраду скасаваць выбарную сыстэму, якая дзейнічае зараз.

Згодна з Канстытуцыяй Азэрбайджану 1995 году 100 сябраў парлямэнту абіраюцца цягам простага галасаваньня большасьцю выбаршчыкаў. 25 дэпутатаў абіраюцца згодна з партыйнымі сьпісамі. Гэта ёсьць так званая прапарцыйна-мажарытарная сыстэма.

Урад лічыць, што прапарцыйная сыстэма выбараў – гэта экспэрымент, які праваліўся. Дэпутаты, што былі абраныя па партыйных сьпісах, не адчуваюць, на думку афіцыйных ворганаў, адказнасьці за свае рашэньні.

Вось што, напрыклад, сказаў прадстаўнік адміністрацыі прэзыдэнта Азэрбайджану Шахін Аліеў:

“Прапарцыйная сыстэма карысная толькі ў парлямэнцкіх рэспубліках. У прэзыдэнцкай рэспубліцы, як у нас, яна можа толькі стварыць перашкоды. Агульная мажарытарная сыстэма добра сабе зарэкамэндавалаў розных краінах, напрыклад, у Італіі”.


Але з такім падыходам не згаджаецца апазыцыя. Намесьнік старшыні партыі Мусават Арыф Гаіеў заявіў, што кіраўніцтва краіны імкнецца правесьці гэты рэфэрэндум, каб мець магчымасьць афіцыйна спыніць дзейнасьць апазыцыйных партыяў.

“Урад ніколі не тлумачыў неабходнасьць зьмены сыстэмы. Ліквідацыя прапарцыйнай сыстэмы – гэта шлях забясьпечыць кіраўніцтва толькі адной партыі. Прапарцыйную сыстэму выбараў больш цяжка фальсіфікаваць ці маніпуляваць ёю. Параўноўваць нас трэба не з Бэльгіяй ці Італіяй, але з сярэднеазіяцкімі рэспублікамі.”

Гэта быў Арыф Гаіеў.
Але найбольш супярэчлівай зьяўлецца прапанаваная зьмена ў прызначэньні патэнцыйнага часовага кіраўніка дзяржавы ў выпадку сьмерці прэзыдэнта ці ягонае няздольнасьці кіраваць краінай.
Сёньня дзейнічае закон, згодна зь якім пераемнікам зьяўляецца сьпікер парляманту.
Аліеў прапануе, каб часова выконваючым абавязкі кіраўніка краіны стаў прэм’ер-міністар, якога прызначае прэзыдэнт .
Апазыцыя лічыць, што гэтыя зьмены дадуць магчымасьць 79 гадоваму Аліеву, які мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, ужо зараз фактычна прызначыць свайго пераемніка на пасадзе прэзыдэнта Азэрбайджану.
XS
SM
MD
LG