Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАДГІСТОРЫЯ КАНФЛІКТУ ВАКОЛ ГАЗЭТЫ “НАША СВАБОДА”


Сяргей Навумчык, Прага

16 ліпеня ў “Палітыцы” -- дадатку да газэты “Наша Свабода”—быў надрукаваны артыкул Міхаіла Падаляка “Канфідэнцыйна”. У публікацыі пераказвалася справаздача пад назовам “Шматпрофільнае дасьледваньне палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Рэкамэндацыі да выпрацоўкі адзінай дзяржаўнай лініі”.

Паводле Падаляка, гэтай справаздачай, падрыхтаванай расейскімі аналітыкамі, нібыта кіруюцца ў Крамлі. Аўтар публікацыі сьцьвярджаў, што “новая зьнешнепалітычная дактрына Крамля цяпер сыходзіць з таго, што прэзыдэнт Лукашэнка тармозіць разьвіцьцё эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краінаў, што істотна ўплывае на даходнасьці расейскіх транзытных праектаў”.

Дарэчы, у сваёй публікацыі Міхаіл Падаляк спаслаўся на сваю размову ў Менску з супрацоўнікам расейскага ФСБ, які нібыта заявіў – цытуем: “Можаце пачынаць адлік. Максымум 14-15 месяцаў – і нашаму былому саюзьніку давядзецца займацца мэмуарамі. Сёньня ў нас ёсьць дэталёва сфармуляваны заказ – Лукашэнка павінен сыйсьці. І чым хутчэй гэта адбудзецца, тым лепей…Іншая справа, як гэта зрабіць без усялякіх там рэвалюцыяў і каб не тырчэлі ў ва ўсім гэтым нашыя вушы. А яшчэ нам трэба вельмі прызадумацца над тым, каб у выніку прэзыдэнтам альбо хаця б кіраўніком беларускага ўраду застаўся лаяльны да нас чалавек” – канец цытаты.

У сваіх мэтах, паводле Падаляка, Масква выкарыстоўвае і ўзаемаадносіны ў бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі.

Значнае месца ў артыкуле было прысьвечанае ўзаемаадносінам паміж Генэральным пракурорам Віктарам Шэйманам і Старшынём камітэту Дзяржкантролю Анатолем Тозікам, якія нібыта знаходзяцца паміж сабой у канфлікце і змагаюцца за ўплыў на кіраўніка дзяржавы…

Літаральна праз дзень пасьля выхаду артыкула Аляксандар Лукашэнка прыняў Шэймана і Тозіка і пасьля словаў пра ўзмацненьне барацьбы са злачыннасьцю выказаў “заклапочанасьць усё больш частымі выпадкамі выкарыстаньня непраўдзівай інфармацыі дзеля дыскрэдытацыі найвышэйшых службовых асобаў”. Лукашэнка заклікаў прыцягваць да адказнасьці тых, хто “нагнятае абстаноўку ў грамадзстве”.

30 ліпеня стала вядома, што старшыня камітэту Дзяржкантролю Анатоль Тозік падаў зыск супраць газэты і супраць Падаляка, намагаючыся спагнаць з рэдакцыі і з журналіста суму, эквівалентную 120 тысячам амэрыканскіх даляраў.

У сераду маёмасьць, якая знаходзіцца ў памяшканьні рэдакцыі, была апісаная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG