Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ПАДТРЫМАЎ ПАЗОЎ ТОЗІКА СУПРАЦЬ НАШАЙ СВАБОДЫ. СУМА ГРАШОВАЙ КАМПЭНСАЦЫІ ТЛУМАЧЫЛАСЯ ШОКАМ ЖОНКІ АНАТОЛЯ ТОЗІКА


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Маскоўскі раённы суд Менску прыйшлі каля трох дзесяткаў журналістаў, дырэктарка Менскага бюро IREX МакКэндзі, супрацоўнік амэрыканскай амбасады і сам амбасадар Майкал Козак.

Міхаіл Падаляк і рэдактар газэты Наша Свабода Павал Жук заявілі адвод судзьдзі:

(Жук: ) “Мы заявілі гэты адвод таму, што гэты самы судзьдзя Савіч закрываў газэту Навіны, менавіта такім самым чынам судовы працэс як калька – хуткі, неправавы. Судзьдзя зьяўляецца зацікаўленай асобай і не вытрымлівае зацьверджаных грамадзянскім кодэксам тэрмінаў назначэньньня суду”.

Судзьдзя гэтага хадайніцтва не задаволіў. Напачатку судовага разьбіральніцтва журналісты назвалі пазоў Анатоля Тозіка неабгрунтаваным. Сам старшыня камітэту Дзяржкантролю ў суд не зьявіўся. Яго інтарэсы прадстаўлялі яго падначаленыя Анатоль Баржанін і Алена Кунцэвіч. Яны сьцьвярджалі, што аўтар артыкулу “Канфэдынцыйна” стварыў вобраз Тозіка як інтрыгана і шантажыста. Аргумэнтацыя гэтага выклікала рогат. Спадар Баржанін патлумачыў, што сьцьвярджэньні пра тое, што Тозік зьвяртаўся са скаргамі да прэзыдэнта на дзейнасьць Шэймана характарызуе Тозіка як інтрыгана. А тое, што Тозік ня любіць Шэймана, - як шантажыста.

Алена Кунцэвіч пайшла яшчэ далей. Яна абгрунтавала суму кампэнсацыі 120 тысячаў амэрыканскіх даляраў тым, што, апроч Тозіка, пацярпела яго жонка – калі жонка Тозіка прачытала публікацыю, у як зрабіўся шок. Чаму? Бо, калі яе муж падазраецца ў нелюбові на Шэймана, гэта можа мець наступствы для ўсёй сям’і.

Аргумэнты абароны на карысьць таго, што насамрэч акцэнт у артыкуле быў зроблены не на асобе Тозіка, а на даклад пра карупцыю ў асяродзьдзі дзяржчыноўнікаў суд не ўлічыў.

Суд таксама адхіліў хадайніцтва абароны наконт лінгвістычнай і псыхалягічнай экспэртызы, каб упэўніцца ў тым, што Тозік насамрэч вельмі пакутваў. Суму кампэнсацыі маральнай шкоды памерам 120 тысячаў даляраў журналісты назвалі амаральнай, яны спаслаліся на тое, што сярэдні заробак менш за 100 даляраў.

Абаронцы зрабілі выснову, што пазоў Тозіка скіраваны не на кампэнсацыю маральнай шкоды, а на зьнішчэньне газэты.

Судзьдзя задаволіў пазоў Тозіка, але зменшыў суму кампэнсацыі – рэдакцыя газэты Наша Свабода і Міхаіл Падаляк павінныя заплаціць не 120 тысячаў даляраў, а 58 тысячаў.

Дарэчы, гэтыя грошы Анатоль Тозік папрасіў пералічыць на будаўніцтва шпіталю ў вёсцы на Піншчыне.

Павал Жук так адкамэнтаваў такое рашэньне:

(Жук: ) “Тое, што пазоў быў задаволены – гэта ня дзіва, бо гэты ж самы судзьдзя задволіў пазоў Шэймана 3 гады таму і расправіўся з газэтай. Мы будзем далей змагацца, каб апэляваць да больш высокіх інстанцыяў. Суд выканаў загад Лукашэнкі, бо гэтая лёгіка дзеяньняў аднолькавая”.
XS
SM
MD
LG