Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.


Праскі акцэнт. 4 жніўня


Чарговая перадача прысьвечаная аналізу прычынаў і вынікаў прадпрымальніцкага страйку, які адбыўся на гэтым тыдні. Чаму менавіта дробныя прадпрымальнікі сталіся самаю арганізаваную групаю насельніцтва?

Які сацыяльны партрэт беларускага прадпрымальніка? У якой ступені ўлада залежыць ад прыватнага бізнэсу? Ці зьяўляюцца прадпрымальнікі палітычную сілаю?

Над гэтымі пытаньнямі разважаюць у “Праскім акцэнце” наш эканамічны аглядальнік Міхась Залескі і намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандар Сасноў. Перадачу падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст.



Суботні дыялёг. 3 жніўня


Слухайце размову Iрыны Халiп з Жаннай Лiтвiной, старшынёй Беларускай асацыяцыi журналiстау, аб чарговым абвастрэньнi адносiнаў памiж уладай i незалежнай прэсай.



Сымбаль веры. 3 жніўня


Адноснае разьняволеньне цэркваў, якое наступіла ў Беларусі ў канцы 80-х гадоў, зрабіла магчымым будаўніцтва новых храмаў. За апошнія 10 год у краіне пабудаваныя дзясяткі новых цэркваў і касьцёлаў. Ну а дзе новыя храмы, там і новыя абразы, новая скульптура, гэта значыць новае рэлігійнае мастацтва. І вось пытаньне – якое яно?

Ці радуюць вока беларусаў гэтыя новыя касьцёлы і цэрквы, ці дапаўняюць яны натуральным чынам беларускі пэйзаж, ці працягваюць яны беларускія традыцыі ў сакральнай архітэктуры і жывапісе і ці трэба гэтыя традыцыі працягваць? Гэтыя пытаньні ў чарговым выпуску Сымбаля Веры працягваюць абмяркоўваць Алег Трусаў, Юры Хадыка. Прагучыць у перадачы і апытаньне на менскіх вуліцах, што думаюць пра выгляд новых храмаў менчукі. Вядзе выпуск Сяргей Абламейка.


Вольная студыя. 4 жніўня


Госьць Міхася Скоблы прафэсар Адам Мальдзіс, якому днямі спаўняецца 70 гадоў.



Беларускі дыялёг на Інтэрнэце. 4 жніўня


Беларускі дыялёг на Інтэрнэце. Сярод тэмаў гэтага выпуску: Газэта “Наша свабода” мае ў запасе Інтэрнэт-варыянт выданьня, але будзе выходзіць на паперы. Як праз Інтэрнэт знайсьці беларусаў у іншых краінах сьвету? Цэнзура і беларуская мова ў менскіх інтэрнэт-кавярнях. Новы праект – беларускае музычнае Інтэрнэт-радыё “Талака”. А таксама навіны Інтэрнэту. Выпуск падрыхтаваў Сяржук Сокалаў-Воюш.



Галерэя Свабоды. 4 жніўня


У нядзелю 20 красавiка 1986 году гэтак званыя “воiны-iнтэрнацыяналiсты”, зьбілі навучэнцаў Рэспублiканскае школы-iнтэрнату iмя Ахрэмчыка, якiя прыйшлi на бераг Сьвiслачы ў Траецкiм прадмесьцi на "Гуканьне вясны".
У чарговай перадачы Сяргея Харэўскага “Галерэя Свабоды” – расповед пра тое, як склаўся лёс тых “дзяцей вясны”, што сталі ўжо мастакамі.



Беларускі літаратурны працэс на Свабодзе. 4 жніўня


Галоўны рэдактар “Полымя” Сяргей Законьнікаў і намесьнік Генадзь Дзьмітрыеў выказваюць ацэнкі дзеяньням улады ў спробах усталяваць кантроль над літаратурай.



Вострая брама. 4 жніўня


Гэтым летам маштабныя пляны новага будаўніцтва ў старой Вільні прымусілі ўзяцца за працу літоўскіх археолягаў. Прымусілі, бо, як кажа беларускі гісторык Алег Трусаў, літоўцы неахвотна раскопваюць сталіцу Вялікага Княства.

Разам з археалягічнымі знаходкамі нібы картачныя дамкі разбураюцца міты пра спрадвечную літоўскасьць гэтага гораду, які на працягу пяціста гадоў быў гістарычным і культурным цэнтрам Беларусі.

Пра факты, якія сталі вядомыя ў часе апошніх раскопак, пра тое, што замоўчваюць літоўскія гісторыкі, словам, пра сутнасьць канфлікту дзьвюх гістарычных школаў вакол мінуўшчыны Вільні вы даведаецеся з новага выпуску "Вострае Брамы".
XS
SM
MD
LG