Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ. СЛОВЫ САЛІДАРНАСЬЦІ ЖУРНАЛІСТАМ ПАГОНІ ПРАЗ СЕЦІВА. ЯК ВЫГЛЯДАЕ АФІЦЫЙНАЯ БЕЛАРУСЬ У ІНТЭРНЭЦЕ?


Вольга Караткевіч, Прага

Адносна таго, што прапануе Палічка, цікавым падаецца набор і мэханізм мэлёдыяў для мабільнага тэлефона, якія могуць замяніць Моцарта і клясычныя для Нокіі ці Сымэнсу на Касіў Ясь Канюшыну, Мой родны кут, як ты мне мілы ці, напрыклад, Паветраны шар з рэпэртуару НРМ

Калектыў зачыненай гарадзенскай газэты Пагоня працягвае працаваць у Інтэрнэце, некалькі месяцаў назад зьмяніўся адрас выданьня – www.pahonia.com . Але ў апошнія тыдні ён працуе нерэгулярна. Я зазірнула ў гасьцёўню Пагоні і ўбачыла, што перасьлед журналістаў з Горадні працягвае выклікаць шырокі рэзананс. Словы салідарнасьці прыходзяць на адрас Пагоні з суседніх краінаў, зь Беларусі. Я зьвярнула ўвагу на паведамленьне з Сафіі – Баўгарыя прапануе конкурс на на публікацыю кнігаў “Дыктатура”, “КГБ і Я”, літаратурна-палітычны аналіз рэпрэсыўнай сыстэмы Беларусі і былога СССР, пэрспэктывы далучэньня Беларусі на НАТО, выказваецца гатовасьць да супрацоўніцтва і падаюцца адрэсы адпаведных інстытуцыяў у Баўгарыі -– www.ciela.net , www.antiandpro.search.bg

Ствараны ў Беластоку польскамоўны сайт пра Беларусь з адрасам www.bialorus.pl мае важную для карыстальнікаў абноўку – тэматычны беларускіх сайтаў ад палітычных да культурных і музычных. На гэтым сайце падборка навінаў зь Беларусі – у асноўным спасылкі на Белорусскую деловую газэту, Радыё Рацыя, Хартыю-97. У гэтай падборцы – інфармацыя ад прысуду над Міхаілам Чыгіром да паведамленьняў пра мор рыбы ў рацэ Белавескай пушчы да атакаў зьмеяў на калгасы ва ўсходняй Беларусі.

Асобны разьдзел сайту прысьвечаны музычнаму фэстывалю маладой беларускай рок-музыкі Басовішча, які тыдзень назад завершыўся ў польскім Гарадку.

Сёлетні фэстываль быў 13-м і ў гэтым ж годзе спаўняецца 13 гадоў вельмі папулярнаму ў Беларусі гурту Нэйра-Дзюбэль – як напісана на сайце самой каманды “13 гадоў - мутантам Беларускага року”.

Нэйра-Дзюбэль выступаў на Басовішчы, лідэр гурту Аляксандар Кулінковіч на сайце гурту дзеліцца ўражаньнямі пра фэстываль.

Сайт Нэйра-Дзюбэля застаецца расейска-англамоўным, хаця Аляксандар Куллінковіч ужо пачаў спяваць па-беларуску… Варта ўзгадаць кампазыцыю Я памру тут.

Нагадаю адрас гурту Нэйра-Дзюбэль www.neurodubel.com

Мы ўвесь час гаворым пра новыя сайты, прысьвечаныя палітыцы і культуры, абнаўленьні і дыскусіі, новыя інфармацыйныя праекты – і варта сказаць, што разьвіцьцё беларускага Інтэрнэту зьвязанае з актыўнасьцяй у сеціве прадстаўнікоў альтэрнатыўнай афіцыйнай думкі, канкрэтных асобаў- палітыкаў, гісторыкаў, мастакоў, якія зусім ня маюць іншых магчымасьцяў папулярызаваць свае ідэі і погляды.

У гэтай перадачы мы вырашылі зрабіць агляд Інтэрнэт-сайтаў, скажам так, афіцыйнай Беларусі. Высьветлілася, што ўзровень іх жадае быць лепшым. Міністэрства сувязі дагэтуль ня мае свайго сайту. Самая прасунутая ў афіцыйным Бэлнэце вобласьць - Віцебская, а найбольш перадавыя амбасады Беларусі ў замежжы знаходзяцца ў Літве, Нідэрляндах, Нямеччыне й ЗША. Далей – Юры Сьвірко:

(Свірко: ) “Галоўны афіцыйны сайт Беларусі (http://president.gov.by) ад нядаўняга часу адкрываецца шасьцю словамі па-беларуску: "Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка". Усё астатняе на ягонай старонцы падаецца па-расейску, хаця ў адным полі з прозьвішчам Лукашэнкі стаіць спасылка на "English version".

У расейскамоўнай частцы ёсьць найважнейшыя зьвесткі, што выдзяляюцца клічнікамі. Чатыры клічнікі мае спасылка на "Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь", адзін клічнік - цытата з прадстаўніка Вярхоўнага Камісара ААН у справе ўцекачоў Богдана Нагайлы, якая гучыць так: "Беларусь заслугоўвае самага высокага прызнаньня за ейнае стаўленьне да ўцекачоў".
У карыстальнікаў сайту Аляксандра Лукашэнкі можа скласьціся ўяўленьне, што сюды цягнуць усё, што сьведчыць хоць пра нейкае прызнаньне. Гэтую думку пацьвярджае яшчэ адзін і апошні клічнік на сайце, што суправаджаецца такім тэкстам: "Грамадзяне Літвы, паводле інфармацыі газеты "Lietuvos rytas", уключылі Аляксандра Лукашэнку ў дзясятку самых вядомых людзей плянэты". Пра тое, што ў гэтую дзясятку трапілі й нэгатыўныя пэрсанажы, на сайце не паведамляецца.
З гэтага сайту можна даслаць электронны ліст спадару Лукашэнку, аднак побач з формай для ліста ёсьць папярэджаньне: "Скаргі грамадзян разглядаюцца ў апаведнасьці з законам "Аб звваротах грамадзян Рэспублікі Беларусь".
З англамоўнай старонкі Аляксандра Лукашэнкі можна даведацца, што ён праводзіў "сэлектыўную інтэрком-канфэрэнцыю" ў пытаньнях уборкі ўраджаю, а яшчэ нядаўна сустрэўся са старшынём "Палаты Рэспублікі" Аляксандрам Вайтовічам.
Дарэчы, гэтая палата, якая афіцыйна называецца Саветам Рэспублікі, мае свой уласны сайт http://www.sovrep.gov.by дзе ўсё толькі па-расейску. На сайце было менш за 2,5 тысячы наведваньняў. А вось так званая палата прадстаўнікоў у Інтэрнэце не прадстаўленая.
Савет Міністраў Беларусі свайго адрасу ня мае - на ягоны сайт можна трапіць толькі шляхам спасылкі з прэзыдэнцкага сэрвэру. І там, і на саўмінаўскай старонцы ёсьць пералік сайтаў асобных міністэрстваў. Адметна тое, што Міністэрства сувязі свайго сайту дагэтуль ня мае! Гэта ня дзіўна, калі прыгадаць, што цяперашні міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка на адной з прэсавых канфэрэнцыяў заявіў, што Інтэрнэтам карыстацца ня ўмее, бо ён яму без патрэбы.
Таксама ня маюць сваіх старонак такія неабходныя насеьніцтву ведамствы, як міністэрствы аховы здароўя, культуры, падаткаў і збораў, працы й сацыяльнае абароны.
Зрэшты, іх можна аднесьці да такіх жа засакрэчаных установаў, як міністэрствы надзвычайных сытуацыяў, энергетыкі, КГБ і дзяржкамітэт памежных войскаў. Усе чатыры сілавыя структуры таксама ў Інтэрнэце не прысутнічаюць.
Што да замежных афіцыйных сайтаў Беларусі, дык МЗС зрабіла спробу аб'яднаць іх пад агульным дахам на адрасе: (http://belembassy.org).
Адкрываецца гэты сайт па-беларуску. Ёсьць таксама расейская ды ангельская вэрсіі. Сайт вельмі просты - толькі кантактная інфармацыя беларускіх амбасадаў і кансулятаў. Свае ўласныя сайты маюць толькі беларускія прадстаўніцтвы ў ААН, АБСЭ, НАТО ды Эўразьвязе, а таксама амбасады ў Літве, Нідэрляндах, Нямеччыне й ЗША.

Ужо некалькі месяцаў у Сеціве ня можна прачытаць газэту Наша Свабода. Калі набіраеш адрэсу газэты, на экране зьяўялецца сайт Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі Народная Грамада. рамады. Такая сытуацыя цягнецца ўжо не адзін тыдзень. У рэдакцыі газэты мне сказалі, што праз тыдзень яна зьявіцца ў Інтэрнэце. А я гартала сайт Народнай Грамады і
клікнула на спасылку Наша Моладзь – у выніку апынулася на сайце Маладых сацыял-дэмакратаў, дэвізам якога Маладосьць, Салідарнасьць, Дэмакратыя. У рэальным жыцьці арганізацыя дамагаецца рэгістрацыі Мінюстам, а ў віртуальнай прасторы папулярызуе ідэі сацыял-дэмакратыі і інфармуе пра падзеі ў Беларусі. Распавядаелідэр Маладых-сацыял дэмакратаў гісторык Марына Азаронак

(Азаронак: ) “Для людзей, якія не заангажаваныя ў палітыцы, а проста цікавяцца палітычным жыцьцём, найбольш папулярныя якраз паведамленьні ў Інтэрнэце, інфармаваньне празь Сеціва”.

(Караткевіч: ) “Наколькі ў вас разьвітая сувязь з чытачамі, якая геаграфія кантактаў?”

(Азаронак: ) “Хаця наш сайт існуе ня так даўно, ад красавіка, сайт наведалі ўжо прадстаўнікі больш як 30-ці краінаў, найбольш гэта, вядома, наведнікі зь Беларусі. Але існуюць і такія экзатычныя краіны як Індыя, Новая Зэляндыя, Пакістан. Былі прадстаўнікі з Паўднёвай Афрыкі. Цікавяцца менавіта сытуацыяй у Беларусі, жыцьцём сацыял-дэмакратаў.

Плюсам да нашага сайту зьяўляецца тое, што ў нас добра робіцца пераклад на ангельскую мову ўсіх навінаў. Яны зьяўляюцца амаль аўтаматычна разам зь беларускімі і расейскімі. Інфармацыя пра наш сайт ёсьць і на Google, і на іншых.

Сайтаў зараз зьяўляецца вельмі шмат, шмат разнастайных сайтаў, таму казаць, што беларускі Інтэрнэт разьвіваецца – гэта відочна. Але галоўнай хібай, я думаю, усіх арганізацыяў – арыентацыя на беларускую мову і мала інфармацыі ідзе на замежнай мове.

Хаця зацікаўленасьць Беларусьсю вельмі высокая і, магчыма, калі падсумаваць статыстыку, якую я прадстаўляла перад гэтым, недзе 50 на 50 – прадстаўнікоў зь Беларусі, якія наведваюць кожны дзень, і 50 адсоткаў з замежжа”.

Пра сваё бачаньне ролі Сеціва для сучаснай беларускай партыі гаварыла лідэрка Маладых беларускіх сацыял-дэмакратаў Марына Азаронак. Адрас іх сайту – www.belmsd.org .
XS
SM
MD
LG