Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ ПЕРАДАЧА ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ. ВЁСКА МАРКАВА – БЛАСЛАВЁНАЯ ЗЯМЛЯ


Тацяна Сапач, Маркава-Вільня

(Голас: ) "У нас - ад Менску да Вільні - не бывае засухі, і дажджы не заліваюць, і калі вайна - усё роўна ўсе людзі тут застаюцца... Такое месца: і бульба родзіць, і збожжа родзіць, бяз хлеба людзі не ядуць. Чыстая праўда! Якія пажары ні былі - а нас усё мінае і мінае, тут, ад Менску да Вільні".

(Сапач: ) "Якраз на сярэдзіне шляху ад Менску да Вільні (ці наадварот) знаходзіцца Маркава, колішняе каралеўскае мястэчка, а цяпер - вёска, цэнтар калгасу і сельсавету. Адсюль 100 кілямэтраў да Менску, і столькісама да Вільні. Яшчэ зусім нядаўна па прысмакі і аздобы для сьвяточнага стала маркаўцы выпраўляліся ў Вільню, яшчэ нядаўна Вільня для маркаўскіх людзей мела значэньне проста вялікага гораду, празь які чалавеку адкрываецца ўвесь сьвет.

Больш дакладна акрэсьліць становішча Маркава на зямлі і ў часе я прашу былога настаўніка Віктара Іванавіча Бараўца. Віктар Іванавіч выкладаў геаграфію, а гісторыяй Маркава стаў займацца ўжо як выйшаў на пэнсію".

(Баравец: ) "Самое Маркава як населены пункт займае выгоднае геаграфічнае становішча, зьяўляецца скрыжаваньнем дарог. Маркава - ня простая вёска з адной вуліцай. Яно мае выгляд маленькага гарадка, ці мястэчка. 10 вуліцаў, завулкі, галоўная дарога Маладэчна -Смаргонь, пасьля - глядзіце - скрыжаваньне, тут расходзяцца дарогі на былыя Цяляткі (цяпер Падлес) і на Асташкі (гэтай вёскі ўжо няма). Калі я прыехаў у Маркаўскую школу настаўнічаць, мяне замацавалі за гэтымі дзьвюма вёскамі як агітатара...

- А за што Вы агітавалі?

- За тое, за што неабходна было агітаваць... за ўсё харошае! Далей... самое Маркава калісьці было местам такога маштабу, як Ашмяны. Ашмянам пашанцавала, а Маркава было спалена, зьнішчаныя ўсе жыхары, за выключэньнем дзьвюх сем'яў - Рагуновічаў і Міцькоў. Ад іх потым усё пайшло зноў... А вось хто зьнішчыў Маркава? Я думаў: швэды, ажно - не, расейцы, вось так..."

(Сапач: ) "Такім чынам, самыя старыя прозьвішчы ў Маркаве - Рагуновічы і Міцькі, а пасьля -- Асіповічы, Куліцкія, Сіняўскія, Яблонскія - гэтакіх у вёсцы па 8-10 сем'яў. Жывуць яны ў той частцы вёскі, якая бліжэй да Вільні".

(Голас: ) "А мне здаецца, што няма нідзе лепей, як тут, у нас. Нікуды з Маркава не паедзем. А дзеткі нашыя самі пазьбіраліся і паехалі адсюль. Але ж і не далёка - у горад, у Маладэчна".

(Сапач: ) "Не для сябе, а для гарадзкіх дзяцей, для іхнага добрага, сытага жыцьця, старыя трымаюць у вёсцы скаціну, садзяць вялікі гарод і бяруць у калгасе дзялкі буракоў. Пасьля на кожныя субота- нядзелю бацькі чакаюць сваіх маладэчанскіх маркаўцаў, не адвыклых ад цяжкой вясковай работы.

20 гадоў таму вуліца Зарэчная была самай маладой, самай шумнай маркаўскай вуліцай. Зарэчка лічыла сябе ледзьве не асобнай дзяржаваю ў межах вёскі - зарачанская моладзь трымалася разам, мела свае завядзёнкі і свой гонар. А пасьля ўсе разьехаліся - хто куды. Цяпер Зарэчная вуліца ажывае толькі ўлетку, калі на вакацыі да бабуляў зьжджаюцца ўнукі. Гарадзкія Волечка і Алёнка з ахвотай разважаюць пра сваё вольнае вясковае жыцьцё".

(Голас: ) "Мне падабаецца тут бываць, у Маркаве. Я бабулі дапамагаю, у полі, на гародзе... Пасьля мне бабуля купляе што-небудзь смачнае.

- А я б хацела жыць у вёсцы. Як я сабе гэта ўяўляю? Ну, у мяне павінна была б быць вялікая гаспадарка: сьвіньні, карова, качкі, куры... І каб катоў было многа. А сабака - адзін, але затое вялікі...

(Сапач: ) "Разаважаць пра будучыню Маркава бабулі аддаюць унучкам. А самі ведаюць мінулае і сёньня. Дзьве бабы Любы пералічаюць часы, пры якіх жылі - за Польшчаю, за немцамі, савецкую ўладу называюць рускай, а цяпер, маўляў, - жыцьцё за беларусамі".

(Голас: ) "Цяпер добра жыць. Пэнсію ў хату прыносяць, усяго хапае. А пры Польшчы я служыла, дзіцёнкам. Цяжка было, але ж бяз хлеба не сядзелі. Хто працаваў, той і меў".

(Сапач: ) "І яшчэ пра адную ўладу прыгадваюць - зусім сваю, маркаўскую. Адразу па вайне, як яшчэ не вярнуліся з фронту мужыкі, кіраваць сабою вяскоўцы выбралі кабету, Дварэцкую Любу.Чытаць-пісаць яна ня ўмела, але за ёй быў парадак.

Наагул, у меркаваньнях пра ўладу маркаўцы разыходзяцца. Адныя лічаць, што ўсім кіруе сельсавет, іншыя - што болей залежыць ад калгаснага начальства".

(Голас: ) "Як што якое, дык куды ідзеш? У калгас, вядома. Вось, напрыклад, памрэ чалавек, дык тады ўжо ідуць у калгас, там памогуць, труну зробяць. А сельсавет? Ну, торфам забясьпечваюць... А болей што? Толькі торф, а больш нічога не магу сказаць.

- Улада? У Маркаве? Сельсавет! Ёсьць старшыня, я бачыла яго, харошы, толькі вот прозьвішча ня ведаю..."

(Сапач: ) "Старшыню сельсавету завуць Іван Скакоўскі. Ён сапраўды малады і харошы, ці, як яшчэ любяць казаць у Маркаве, спраўны. На сваёй пасадзе Іван Іосіфавіч нядаўна; ягоны папярэднік, кажуць, у час прэзыдэнцкіх выбараў агітаваў народ за Ганчарыка. Народ выбраў Лукашэнку, а ў сельсавеце неўзабаве зьявіўся Скакоўскі. Сваёй найпершай задачай галоўны сельсаветчык лічыць тлумачэньне насельніцтву сутнасьці законаў і пастановаў, каб насельніцтва ведала, у якой дзяржаве жыве. Я захацела ведаць, у якой дзяржаве жыву, і напрасілася на ролю насельніцтва".

(Скакоўскі: ) "Калі можна так сказаць, мы жывем у дзяржаве пераходнага пэрыяду. Куды мы далей пойдзем: ці мы будзем жыць у вялікай агульнай дзяржаве, ці захаваем незалежнасьць -- тут 50 на 50, і якім шляхам мы пойдзем далей, яшчэ няясна...

-Зусім я, перапрашаю, заблыталася... Дык куды ж ісьці і што рабіць?

- ... і тут адно другому не супярэчыць".

(Сапач: ) "Працуй пільне, дык і тут будзе Вільня", - ня ведаю, ці тут нарадзілася гэтая прымаўка, але тут, у Маркаве, яе любяць паўтараць".

(Голас: ) "Гаспадарка ў нас невялікая. Дзьве сьвіньні ў хляве, куры... Затое на гародзе і ў полі шмат усялякага вырошчваем: і бульбу, і буракі, і ўсялякую іншую гародніну, а пасьля -- вінаград, сьлівы, яблыкі розных дорбых гатункаў..."

(Сапач: ) "Галіна Савасьцей у Маркаве, што называецца, на кіраўнічай пасадзе - загадвае дзіцячым садком. На маё пытаньне, у чым яна абсалютна ўпэўненая, Галя адказвае..."

(Савасьцей: ) "Абсалютна? Ні ў чым нельга быць упэўненым абсалютна - працу можна страціць, захварэць можна... У чым я сапраўды абсалютна ўпэўнена - што працаваць трэба будзе заўсёды, і ня гледзячы ні на што..."

(Сапач: ) "Паступова асноўнае, жывое жыцьцё Маркава перамяшчаецца ў тую частку, якая бліжэй да Менску. Тут некалькі новых вуліц -мураваныя дамкі з усімі гарадзкімі выгодамі, тут школа, калгасная сядзіба, клюб, пошта, садок. Побач з садком марудна, але няўхільна расьце будынак бальніцы. Бальніца ў Маркаве патрэбна, а яе будаўніцтва зьвязваюць зь імем Вячаслава Кебіча, дэпутата цяперашняй так званай палаты прадстаўнікоў. Агітуючы за сябе, Вячаслаў Францавіч быў шчодры на абяцаньні. Але маркаўцы звыкліся, што абяцанага трэба чакаць не адзін год, і чакаюць цярпліва. А па мэдыцынскую дапамогу зьвяртаюцца да Тані Ільлюшонак".

(Ільлюшонак: ) "Неадкладную дапамогу мы, вядома, аказваем. Але - і толькі. Бальшыня паслуг цяпер - платныя, за лекі трэба плаціць. А бальніца вельмі патрэбна".

(Дзявочы голас - некалькі словаў пра Маркава па-ангельску.)

(Сапач: ) "Алёна Корсак рыхтуецца да іспытаў у Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Сёлета яна з залатым мэдалём закончыла сярэднюю школу ў Маркаве. Магчымасьць адкрыць для сябе ўвесь сьвет дзяўчынка зьвязвае зь Менскам. А яшчэ Алёна марыць пабываць у Вільні, якая стала для маркаўцаў замежнай, амаль недаступнай, і якую цяпер трэба адкрываць для сябе як частку ўсяго сьвету.

У Маркаўскай сярэдняй школе моваю навучаньня заўсёды была беларуская мова. Будынак школы стары, але ўнутры - сьветла, прыемна, у калідорах - зялёнае мора кветак. Самае вялікае багацьце - два партрэты, Купалы і Коласа, работы Юрыя Герасіменкі-Жызьнеўскага. Самы вялікі набытак і гонар - тое, што палову настаўніцкага калектыву складае моладзь зь ліку былых выпускнікоў школы. У сваім моладзевым асяродку настаўнікі абмяркоўваюць рэформу, якасьць новых падручнікаў, вытокі вясковага патрыятызму. Гаворыць настаўніца роднай мовы і літаратуры Ларыса Фёдараўна".

(Голас: ) "Калі я пабачыла новыя падручнікі па беларускай мове, я была проста ў гневе. Кепскія падручнікі, нецікавыя, без ілюстрацый... Мне ажно неяк сорамна стала за тых, хто іх складаў. Вучыцца па гэтых падручніках нашым вясковым дзецям будзе цяжка. Нашым дзецям і так цяжка. Яны столькі працуюць, а дзеля матэрыяльнага становішча рэдка калі могуць паехаць куды на экскурсіі, у тэатр. Бацькам прыходзіцца выбіраць, ці кавалак хлеба купіць, ці тых пару рублёў выдаць на паездку... Цяжка нашым дзецям... Але яны неблагія, нашы вясковыя дзеці. І я ім кажу: "Не саромцеся таго, што вы вясковыя. Ганарыцеся тым, што вы вясковыя. Ужо гэтым адным вы адрозныя. Пасьля, можа быць, вы будзеце вылучацца нечым іншым, а пакуль вам дадзена гэтая мова, гэты кшталт, вы - іншыя, вы не падобныя". Я й сама некалі, на першым курсе інстытуту, імкнулася гаварыць па-руску, але, дзякуй богу, гэта мінулася. Вось пра такія рэчы мы гаворым на ўроках, і па-за ўрокамі - не саромецца сябе такога, які ты ёсьць".

(Сапач: ) "А яшчэ ў Маркаве любяць сьвяты. Самыя розныя. Іх масавасьць і размах не залежаць ад загадаў звыш, а толькі ад густаў і выбару самых вяскоўцаў.

3 ліпеня. Насупраць школы, ля помніка палеглым у вайну землякам, - мітынг. Удзельнічаюць два вэтэраны - былы дырэктар школы і былы настаўнік. Раніца, злое сонца, прамовы пра вайну і перамогу. Купка ўрачыста ўбраных дзетак: "белы верх, чорны ніз", кветкі зь вясковых гародчыкаў, наперадзе цэлы дзень. Усё сканчаецца праз паўгадзіны.

Вечар на Купальле. Ля сельскага клюбу пастаноўка маркаўскага драмгуртка. Асноўныя ўдзельнікі - хлопцы-старшаклясьнікі".

(Голас: ) "Мне 15 гадоў заўтра будзе, бачыце, на Купальле нарадзіўся. І ў папараць-кветку, вядома, веру.

- А ці падабаецца вам тая ўлада, пры якой вы жывяце?

- Не, не падабаецца.

- Дык і што гэта за ўлада?

-іО, а гэта сакрэт..."

(Сапач: ) "Купалінка, Сымонка, добрыя малойцы, цёмныя сілы... Перамагае дабро й справядлівасьць, палае вогнішча, пяюцца песьні. Наперадзе - цэлая ноч.

А самае вялікае сьвята ў Маркаве - на Спажу, 28 жніўня. У гэты дзень у царкоўнай службе ўдзельнічаюць сьвятары з усіх навакольных храмаў, а народу на фэст зьяжджаецца -- не пералічыць. У цэнтры вёскі віруе кірмаш, прадаюць доўгія цукеркі ў бліскучых шалёсткіх абгортках, рознакаляровых цукровых пеўнікаў, разнастайнае гаспадарчае начыньне.

Будзе сьвята і сёлета. Маркаўцы запрашаюць - прыяжджайце і вы. Зь Менску, ці зь Вільні. Сьвята чакае вас роўна на сярэдзіне шляху, за 100 кілямэтраў ад адное сталіцы, і за столькі ж ад іншай. Да сустрэчы ў колішнім каралеўскім мястэчку Маркаве".
XS
SM
MD
LG