Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ ГАТОВЫЯ АБМЯРКОЎВАЦЬ ПЫТАНЬНЕ ПРА КНГ АБСЭ ТОЛЬКІ НА ПАСЕДЖАНЬНІ СТАЛАЙ РАДЫ АБСЭ Ў ВЕНЕ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня Аляксандар Сычоў, які ў Міністэрстве замежных справаў адказвае за зносіны Беларусі зь міжнароднымі арганізацыямі, на сваёй прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што беларускі бок чакае рэакцыі АБСЭ на сваю прапанову. Сутнасьць беларускага падыходу ў тым, што пытаньне пра Кансультацыйна-назіральную групу трэба разгледзець на паседжаньні Сталага камітэту АБСЭ ў Вене. Паводле спадара Сычова, пазыцыя Беларусі перададзеная ў сталіцу Аўстрыі і застаецца нязьменнай:

(Сычоў: ) “Я яшчэ раз хачу пацьвердзіць нашую зацікаўленасьць у наладжваньні канструктыўных адносінаў з Арганізацыяй Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе. Мы гатовыя сёньня абмяркоўваць сытуацыю вакол КНГ АБСЭ ў рамках Сталай рады. І адпаведна чакаем рэакцыі на нашыя прапановы”.

Што тычыцца АБСЭ, дык Вена прапануе, каб Беларусь спачатку прыняла новага кіраўніка КНГ АБСЭ амбасадара Гайкена і ўжо зь ім абмяркоўвала ўсе пытаньні.

Галоўнай жа тэмай сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі быў камэнтар МЗС да дакладу Дзярждэпартамэнту ЗША аб правах чалавека ў 2001 годзе. На думку Аляксандра Сычова, “аўтарам дакладу ў той частцы, што тычыцца Беларусі, не ўдалося пазьбегнуць тэндэнцыйнасьці й няпэўнасьці фактаў”. Камэнтар ёсьць на афіцыйным сайце МЗСу і займае аж 49 старонак. Намесьнік міністра сказаў, што гэты дакумэнт ужо перададзены і амбасадару Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Майклу Козаку.

Між тым, ня выключана, што ў хуткім часе Аляксандар Сычоў зможа выказаць свае меркаваньні непасрэдна Дзярждэпартамэнту. Ва ўладных кабінэтах у Менску кажуць пра тое, што менавіта ён узначаліць беларускую амбасаду ў Вашынгтоне, адкуль ужо даволі даўно зьехаў Валеры Цапкала. Я спытаўся сёньня ў намесьніка міністра, наколькі гэта праўдападобна. Адказ Аляксандра Сычова быў наступным:

(Сычоў: ) “Мне, вядома, вельмі складана камэнтаваць гэтае пытаньне, паколькі, я скажу, я зыходжу ў сваёй дыпляматычнай практыцы з таго, што ніколі ня трэба адмаўляцца ад тых пасадаў, што табе не прапаноўваюць. Так што, пажывем — пабачым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG