Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЛІКВІДУЮЦЬ НАСТУПСТВЫ ЎЧОРАШНЯГА ЎРАГАНУ І ПАДЛІЧВАЮЦЬ СТРАТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Падчас урагану, эпіцэнтар якога прыйшоўся на раёны ля плошчы Якуба Коласа, некалькі дзясяткаў вялізных дрэваў упалі на аўтамабілі. Кавалкамі бляхі, якія сарвала ветрам з дахаў дамоў у раёне ЦУМу, параніла некалькіх чалавек. Затапіла станцыю мэтро “Плошча Якуба Коласа”. У выніку на дзьве з паловай гадзіны быў спынены рух электрацягнікоў у мэтро.

Таксама ўчора з прычыны паваленых дрэваў месцамі на дарогах утварыліся заторы. Спыніўся грамадзкі транспарт. Ураганам сарвала лініі электраперадачаў. 450 прыватных дамоў засталіся без электрычнасьці. Вадой затапіла склад гатовага адзеньня беларуска-брытанскага прадпрыемства “Мастра” і будынак Акадэміі музыкі.

У дзяжурнай частцы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў нам паведамілі, што ўчора мелі папярэджаньне ад Гідрамэтэацэнтру пра надыходзячы ўраган.

(Дзяжурны: ) “На гэты момант застаецца некалькі дамоў без электрычнасьці. Колькі канкрэтна дрэваў павалена і колькі аўтамабіляў у выніку пабіта, мы ня ведаем. Наконт аўтамабіляў нас выклікалі далёка ня ўсе. Толькі тады, калі трэба было сьпілаваць дрэва, каб вызваліць аўтамабіль.

Мы факсам атрымалі паведамленьне з Гідрамэтэацэнтру пра надыходзячы ўраган і чакалі яго. А вось насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі павінен быў паінфармаваць Цэнтар грамадзянскай абароны. Чаму не паінфармавалі? Ня ведаю, чым яны там займаюцца”.

У штабе грамадзянскай абароны ніхто з супрацоўнікаў ня мог патлумачыць, як ажыцьцяўляецца папярэджаньне насельніцтва пра хуткае стыхійнае бедзтва. Нарэшце адказалі, што насамрэч далі паведамленьне на адну FM-станцыю “Сталіца” за 20 хвілінаў да ўрагану.

Cупрацоўнік службы прафіляктыкі штабу грамадзянскай абароны, які не пажадаў назваць сваё прозьвішча, паведаміў:

(Супрацоўнік: ) “У 18.10 быў матэрыял. Па “Сталіцы” было. Не мая гэта функцыя. Я, як кажуць, апісваю тое, што адбываецца ці можа адбыцца. Разумееце? Я “прафіляктую” ў сродках масавай інфармацыі”.

Уладальнікі аўтамабіляў, расьціснутых паваленымі дрэвамі, ніякай грашовай кампэнсацыі не атрымаюць. Абавязковае страхаваньне грамадзянскай адказнасьці ўладальнікаў транспартных сродкаў не прадугледжвае грашовай кампэнсацыі стратаў ад стыхійнага бедзтва.

Цяпер уладальнікі аўтамабіляў могуць паспрабаваць спагнаць грошы альбо зь “Зеленбуду” — за тое, што не сьпілавалі дрэвы своечасова, альбо з грамадзянскай абароны — за тое, што не папярэдзілі людзей пра набліжэньне ўрагану.
XS
SM
MD
LG