Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СТАНЕ ЎСХОДНЯЯ МЯЖА ПОЛЬШЧЫ НОВЫМ “БЭРЛІНСКІМ МУРАМ”?


Віталь Тарас, Прага

Вельмі добрыя шанцы далучыцца да Зьвязу сярод першых мае Польшча, якая мае ўжо 26 парамэтраў з 30 неабходных. Між тым, пад націскам краінаў Зьвязу Польшча мае намер значна ўмацаваць мяжу зь Беларусяй ды Ўкраінай. Артыкул на гэтую тэму апублікаваны ў сёньняшнім нумары брытанскай газэты “Independent”.

Ужо зараз выказваюцца апасеньні, што ўсходняя мяжа Польшчы працягласьцю 1200 кілямэтраў ператворыцца ў жалезную заслону пасьля таго, як гэтая краіна ўступіць у ЭЗ.

Усяго на межах Польшчы дзейнічаюць 156 пастоў з інтэрвалам 20 - 30 кілямэтраў. Пры гэтым польскія памежнікі маюць на ўзбраеньні сучаснае абсталяваньне, улучна з гелікоптэрамі, прыборамі начнога бачаньня і тэрмавізарамі. Аднак, у сувязі з апасеньнямі краінаў Эўрапейскага Зьвязу наконт нелегальнай іміграцыі, наркатрафіку, гандлю людзьмі і тэрарызму Польшча пагадзілася вылучыць дадатковыя сродкі на ахову мяжы.

Пастаўленая задача прыкладна ўтрая павялічыць корпус памежных сілаў ў бліжэйшыя гады. Зараз у Польшчы крыху больш за пяць тысячаў памежнікаў, і каля тысячы цывільных асобаў працуюць на мяжы паводле найму. Плянуецца, што ў 2006 годзе агульная колькасьць памежных сілаў дасягне 18 тысячаў.

Урад плянуе закупіць для іх сем новых гелікоптэраў і два зьнішчальнікі коштам звыш 25 мільёнаў даляраў кожны.

Нягледзячы на вялікія інвэстыцыі з боку ўраду, крытыкі гавораць, што гэтыя намаганьні будуць марнымі, калі ня будуць зробленыя захады супраць карупцыі, а таксама не падвысіцца прафэсійны ўзровень польскіх памежнікаў.

Як вядома, у сувязі з далучэньнем да ЭЗ Польшча ўводзіць новыя правілы ўезду для грамадзянаў Беларусі і Ўкраіны, паводле якіх зь ліпеня наступнага году трэба будзе купляць уязныя візы. Зразумела, гэта ўскладніць магчымасць паездак у Польшчу звычайных грамадзянаў. А ці выйграюць ад гэтага самі палякі?

Для грамадзянаў Польшчы сытуацыя ня зьменіцца, прынамсі, да 2007 году, калі краіна ўвойдзе ў зону Шэнгенскіх пагадненьняў. Да гэтага часу польскія грамадзяне павінны будуць, як і дасюль, прад’яўляць свае пашпарты пры ўезьдзе ў краіны ЭЗ.

Акрамя таго, і гэта адзначае “Independent”, узмацненьне кантролю на ўсходняй мяжы Польшчы нанясе яшчэ адзін удар без таго слабым эканомікам Беларусі ды Ўкраіны. Газэта прыводзіць меркаваньне дасьледчыцы Цэнтру вывучэньня эўрапейскай палітыкі Джоаны Апап: “Калі вы пачынаеце ўзводзіць новы “Бэрлінскі мур”, што вядзе да маргіналізацыі краінаў па-за ім, вы рызыкуеце, што гэтыя краіны страцяць матывацыю да прагрэсу. Яны могуць таксама адмовіцца ад супрацоўніцтва ў сфэры бясьпекі”.

Праблемы мяжы ўжо выклікалі сутыкненьне інтарэсаў Зьвязу і Расеяй вакол Калінінградзкай вобласьці, якая пасьля ўступленьня Польшчы ў гэты зьвяз ператвараецца ў расейскі анкляў на тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу. Кіраўніцтва Зьвязу адпрэчыла патрабаваньне Масквы стварыць адмысловы транспартны калідор для расейскіх грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG