Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З ПРЫЧЫНЫ СЬПЯКОТЫ ПАГОРШЫЎСЯ СТАН ЗДАРОЎЯ ЭКС-ДЫРЭКТАРА МТЗ МІХАІЛА ЛЯВОНАВА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Стан здароўя экс-дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава рэзка пагоршыўся. У яго падняўся ціск і пачаліся галаўныя болі, абвастрылася таксама хвароба хрыбта. Сваякі Лявонава зьвязваюць гэта пагаршэньне з надзвычайнай сьпякотай у камэры жодзінскага сьледчага ізалятару, дзе ўжо тры месяцы трымаюць былога дырэктара МТЗ.

Між тым, адміністрацыя ізалятару і дактары нічога ня робяць, каб палепшыць стан здароў Лявонава, лічыць ягоная жонка Алена. Яна распавядае:

(Лявонава: ) “Ён ня паліць, а ягоныя сукамэрнікі ўсе паляць, з гэтай прычыны дыхаць у камэры няма чым і ў звычайныя дні, а тут яшчэ такая сьпякота стаіць. Але перавесьці яго ў іншую камэру адмаўляюцца, кажуць, ва ўсіх адно і тое ж. Днямі зь ім бачыліся адвакаты, яны казалі, ён выглядае вельмі дрэнна. Яны лічаць, што мэдычная дапамога аказваецца яму вельмі фармальна, яна не адпавядае сапраўднаму стану ягонага здароўя”.

Таксама Алена Лявонава сказала, што ёй невядома пра нейкія сьледчыя дзеяньні з удзелам мужа. Паводле яе, ужо некалькі месяцаў запар Лявонава на допыты не выклікаюць. “Дык навошта трымаць вельмі хворага чалавека ў турме? Можа, гэта такая форма ціску на падсьледнага?” — задаецца пытаньнем Алена Лявонава.

У беларускіх турмах утрымліваецца 44 тысячы асуджаных, і яшчэ больш за 5 тысяч — у сьледчых ізалятарах у чаканьні судоў. Паводле людзей, якія прайшлі праз ізалятары і турмы Беларусі, выпрабаваньне сьпякотай — спосаб узьдзеяньня на вязьняў нават больш моцны, чым зьнявагі ці пакуты ад недахопу ежы.

Дэпутат Андрэй Клімаў правёў за кратамі больш за чатыры гады. Ён перакананы, што гэта палітычны рэжым краіны наўпрост зацікаўлены ў тым, каб вязьні былі ў дрэнных умовах. “Над краінай павінен вісець жах турмы, інакш ёй немагчыма будзе кіраваць”, — тлумачыць такія ўмовы Андрэй Клімаў. Паводле Клімава, у цяперашнія сьпякотныя дні ў камэрах сьледчых ізалятараў тэмпэратура каля 40 градусаў, і вельмі верагодна, што ня ўсе вязьні перажывуць гэты пэрыяд.

(Клімаў: ) “У Менскім сьледчым ізалятары гэта звычайная рэч, калі людзі ў такую сьпякоту паміраюць менавіта ад недахопу кіслароду і ад высокай тэмпэратуры”, — паведаміў Андрэй Клімаў, які бальш за год адседзеў у сталічным ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Паводле яго, да сьпякоты дабаўляецца перанаселенасьць камэраў. Акрамя таго, дзьверы і вокны камэраў зачыненыя, цыркуляцыі паветра няма ніякай. Камэры ніколі не праветрываюць. Між тым, прыбіральні знаходзяцца ў камэрах.

Як вязьні ратуюцца ад сьпякоты, спытаўся я ў Андрэя Клімава.

(Клімаў: ) “Абліваюцца халоднай вадой, п’юць моцную гарачую гарбату ды закутваюцца ў мокрыя рушнікі ці прасьціны. Лепш хадзіць па камэры, чым сядзець ці ляжаць, бо трэба быць актыўным і каб паветра цыркулявала. Але слабому чалавеку ўсё гэта не дапаможа, у яго абвастраюцца ўсе хваробы адразу”.

Паводле Клімава, уплыў дактароў на становішча вельмі абмежаваны. Яны даюць лекі толькі тым, каму ўжо вельмі дрэнна. У найлепшым выпадку могуць пакласьці ў турэмны шпіталь. “Але бывае, што ўдзел мэдыкаў увогуле зводзіцца да таго, каб толькі зафіксаваць факт сьмерці вязьня”, — сьцьвярджае Андрэй Клімаў.

Ён згадаў, што ў сьпякотныя дні адміністрацыя турмы можа павялічыць працягласьць шпацыру вязьняў у турэмным дворыку, але выкарыстоўваецца гэтая мера даволі рэдка.

Між тым, выканаўца абавязкаў начальніка Камітэту выкананьня пакараньняў Мікалай Чайкін сьцьвярджае, што гэтымі днямі ў турмах робіцца ўсё, каб пераадолець сьпякоту без ахвяраў. Ён аднак адмовіўся ўдакладніць, якія захады зробленыя, каб палегчыць умовы ўтрыманьня вязьняў. Падпалкоўнік Чайкін заявіў толькі, што выпадкаў сьмерці ці цяжкіх захворваньняў з прычыны сьпякоты ў беларускіх турмах гэтымі днямі не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG