Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЫПЛЯМАТ АБЯЦАЕ “ВЫЗВАЛЕНЬНЕ ЭКАНОМІКІ Й ГРАМАДЗТВА”


Алесь Грыневіч, Менск

Асноўнай тэмай артыкула “Спадар Пуцін і дыктатар” былі зьмены ў расейскай палітыцы ў дачыненьні да Беларусі. “The Washington Post” заклікала прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна паказаць, што ён падзяляе каштоўнасьці заходніх дэмакратыяў і спыніць падтрымку дыктатуры ў Беларусі. Пачаць газэта прапаноўвала з разгляду справаў зьніклых апанэнтаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У адказе на гэты артыкул часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Сяргей Рачкоў спрабуе абвергнуць асобныя цьверджаньні. Да прыкладу, спадар Рачкоў піша, што новы закон датычна свабоды рэлігіі і рэлігійных аб’яднаньняў яшчэ не прыняты. Паводле беларускага дыплямата, парлямэнт вырашыў не сьпяшацца і ўважліва яго разгледзець.

Спадар Рачкоў піша, што незалежныя міжнародныя назіральнікі нібыта прызналі леташнія прэзыдэнцкія выбары свабоднымі й справядлівымі. Пры гэтым ён не тлумачыць, якія менавіта назіральнікі маюцца на ўвазе. Датычна беларуска-расейскіх адносінаў дыплямат піша толькі, што Беларусь ніколі не спрабавала адрадзіць Савецкі Саюз і што беларускія прапановы аб саюзе з Расеяй базуюцца на прынцыпах канфэдэрацыі, з захаваньнем сувэрэнітэту абедзьвюх дзяржаваў.

Апошні абзац зь ліста беларускага паверанага варты цытаваньня:

“Кіраўніцтва Беларусі разумее, што настаў час зрабіць рашучы прагрэс у вызваленьні эканомікі і грамадзтва краіны. Гэта будзе азначаць далейшыя крокі да прыватызацыі сярэдніх і буйных прадпрыемстваў (у тым ліку нафтаперапрацоўчых заводаў), урадавую падтрымку малому і сярэдняму бізнэсу, заахвочваньне плюралістычнай грамадзянскай супольнасьці і больш увагі да правоў чалавека. Беларускія ўлады наважаныя пайсьці гэтым шляхам”.

Ці можа такая рыторыка сьведчыць пра намер беларускіх уладаў палепшыць дачыненьні з Захадам? Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што такія заявы можна разглядаць толькі як прапаганду.

(Саньнікаў: ) “Тое, што зьяўляецца цяпер у заходняй прэсе і тое, што можа гучаць з вуснаў афіцыйных асобаў Беларусі — гэта так званы экспартны варыянт праўды. Гэта могуць быць спробы выдаць стан у Беларусі за больш-менш нармальны і зноў, чарговы раз заявіць, што ў Беларусі ёсьць падставы, ёсьць памкненьні да паляпшэньня сытуацыі і ў правах чалавека, і з дэмакратыяй увогуле. Нічога рэальнага за гэтым няма. Цяпер, пасьля такога працяглага пэрыяду згортваньня дэмакратычных і эканамічных рэформаў, ніхто ня будзе верыць у такія заявы”.

У лісьце беларускага дыплямата ў “The Washington Post” асобна выдзяляецца намер прыватызаваць нафтаперапрацоўчыя заводы. Ці можа гэта быць спробай зацікавіць заходніх інвэстараў? Дарэчы, на мінулым тыдні “Белорусская деловая газета” пісала аб тым, што ўлады Беларусі зьвярнуліся да былых прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Сяргея Гайдукевіча і Міхаіла Марыніча па дапамогу ў пошуку заходніх інвэстараў для нафтаперапрацоўчага комплексу.

Рэдактар беларускага часопісу “Arche” Валер Булгакаў кажа, што магчымыя надзеі на заходнія інвэстыцыі ў беларускую нафтаперапрацоўку ў найбліжэйшыя гады наўрад ці спраўдзяцца:

(Булгакаў: ) “Заходнія інвэстыцыі ня пойдуць у тую краіну, дзе няма празрыстага эканамічнага рэжыму, адкуль немагчыма без усялякіх праблемаў забраць інвэставаныя грошы назад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG