Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ КНІГІ “БЕЛАРУСЬ У ХХ СТАГОДЗЬДЗІ”


Галіна Абакунчык, Менск

Укладальнікамі й аўтарамі некаторых працаў зьяўляюцца кандыдат гістарычных навук Ігар Кузьняцоў і гісторык Якаў Басін. Усяго ж у кнізе свае артыкулы зьмясьцілі дваццаць тры беларускія й замежныя аўтары: навукоўцы, палітолягі й незалежныя журналісты. Сярод іншых — Радзім Гарэцкі, Леанід Сьмілавіцкі з Ізраілю, прафэсар Андрэеў з Расеі.

Гэта зборнік навуковых працаў, кожная зь якіх дасьледуе асобны пэрыяд гістарычнага, моўнага, нацыянальнага разьвіцьця Беларусі ў ХХ стагодзьдзі, палітычныя рэпрэсіі й антыкамуністычны супраціў. Чаму ўзьнікла патрэба такога выданьня — у інтэрвію нашаму радыё патлумачыў адзін з аўтараў Якаў Басін:

(Басін: ) “Цяпер у Беларусі мала незалежных працаў, у гістарычнай навуцы — таксама адкат. І зьявілася патрэба, каб незалежныя гісторыкі дзесьці публікавалі свае працы. Гэта нецэнзураваны зборнік. Цэнзурай ёсьць сьветапогляд самога аўтара”.

Паводле спадара Басіна, па сутнасьці кніга сталася пачаткам бесцэнзурнага навуковага друку ў Беларусі. Менавіта з гэтай прычыны выдаўцы друкавалі кнігу не на радзіме, а ў адным з расейскіх выдавецтваў. Гаворыць рэдактар зборніка Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Я думаю, усім зразумела, што гэта зроблена не з эканамічных прычынаў, а ў зьвязку з тым, што сёньня існуе вялікая група апанэнтаў, якія на выхад любога выданьня, якое не ўкладаецца ў іхную ідэалягічную схему, адказваюць даносамі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю ды іншыя інстанцыі. Таму мы разумеем, што многія нашыя выдавецтвы ня могуць узяць на сябе адказнасьць друкаваць зборнік і не баяцца нэгатыўных наступстваў”.

Артыкулы публікуюцца на беларускай і расейскай мовах, частка іх прысьвечаная гісторыі беларускага габрэйства. Зборнік надрукаваны за асабістыя сродкі выдаўцоў накладам усяго 300 асобнікаў, але ягоныя аўтары намерваюцца выдаць новыя кнігі з сэрыі “Беларусь у ХХ стагодзьдзі”, толькі ўжо большымі накладамі й шырэйшым колам аўтараў.
XS
SM
MD
LG