Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРА МОЛАДЗЕВАГА РУХУ “ЗУБР” ЦІМАФЕЯ ДРАНЧУКА ПРЫВЕЗЬЛІ Ў АДДЗЯЛЕНЬНЕ КАРДЫЯЛЁГІІ НА ХУТКАЙ ДАПАМОЗЕ


Любоў Лунёва, Менск

На дзьвярах пакоя, дзе ляжыць Цімафей Дранчук — шыльдачка, на якой пазначана, што гэта палата для вэтэранаў і інвалідаў вайны. Ля дзьвярэй — двое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным зь пісталетамі на поясе. Да Цімафея нікога не пускаюць. Сам ён ляжыць, прыкуты кайданкамі за правую руку да ложка.

(Дранчук: ) “На самой справе ўмовы ўтрыманьня ў спэцпрыёмніку абсалютна жахлівыя. Камэра разьлічаная на чатырох чалавек. Калі я там знаходзіўся, было дзевяць чалавек. Спачатку нас трымалі ў адной камэры з бамжамі, дзе вошы, смурод і гэтак далей. Я адразу паскардзіўся на здароўе. Адзінае, што для мяне зрабілі — выклікалі да мяне праз кожныя дзьве гадзіны мясцовага фэльчара. Ён рабіў мне нейкія ўколы, ад якіх мне рабілася яшчэ горш. Двое сутак я там папросту ня спаў. Урэшце выклікалі хуткую дапамогу…”

Тут міліцыянты спынілі Цімафея і загадалі яму апрануцца, каб пайсьці ў корпус афтальмалёгіі. У Цімафея падвышаны ціск. Лекары паведамілі, што будуць трымаць яго ў шпіталі столькі, колькі спатрэбіцца, каб паправіць ягонае здароўе. Цяпер, каб высьветліць, ці ёсьць чэрапна-мазгавая траўма, Цімафей здае адпаведныя тэсты.

Пэрсанал шпіталю абураны паводзінамі міліцыянтаў. Лекары ня супраць таго, што супрацоўнікі міліцыі стаяць пад дзьвярыма палаты, але тое, што хворага чалавека прыкулі кайданкамі да ложка, выклікае нэгатыўную рэакцыю. На просьбу лекаркі зьняць кайданкі з пацыента міліцыянты адказалі, што ў іх ёсьць загад кіраўніцтва і яны яго выконваюць.

Адчуваецца разгубленасьць міліцыянтаў. Яны тэлефанавалі кіраўніцтву ў Цэнтральнае ўпраўленьне міліцыі, каб ім дазволілі пакінуць Дранчука ў шпіталі і сысьці. Але ім загадалі ахоўваць яго да 18-й гадзіны, а потым міліцэйскае начальства вырашыць, што рабіць далей.

Кіраўнік Цэнтральнага ўпраўленьня міліцыі Станіслаў Дубаневіч у размове пагадзіўся, што сіла супраць Цімафея ўжываецца неабгрунтавана. Ён паведаміў Радыё Свабода, што станоўча вырашыць пытаньне адносна кайданкоў.

Такім чынам, у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна ў цяжкіх умовах, дзе людзі пакутуюць ад задухі й цеснаты, застаюцца лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец і прадпрымальнік Леанід Малахаў. Ня ў лепшых умовах і Валеры Шчукін, якога ўтрымліваюць у Берасьцейскім ізалятары.

Як стала вядома пазьней, Цімафею Дранчуку зьнялі кайданкі. Яго пакінулі ў шпіталі, каб лячыць стацыянарна. Лекары паведамілі Радыё Свабода, што ў Цімафея сапраўды падвысіўся ціск і ёсьць падазрэньне на чэрапна-мазгавую траўму. Міліцыяты нарэшце зьнялі свой пост і цяпер яго не ахоўваюць узброеныя людзі ў цывільным.
XS
SM
MD
LG