Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ГАРАДЗЕНСКІЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ АКТЫЎНА ЎДЗЕЛЬНІЧАЛІ Ў АДНАДЗЁННЫМ СТРАЙКУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Самы буйны гуртовы рынак гораду — “Паўднёвы”. Там толькі адна жанчына разьвесіла раніцай свой тавар. Пакупнікоў, аднак, не было. На “Паўднёвым”, па зьвестках адміністрацыі, працуе тры з паловай тысячы чалавек. Не працавалі таксама рэчавыя рынкі “Цэнтральны” і “Грандзіцкі”.

Наведвалі гарадзенскія рынкі мы з Валерыем Леванеўскім, які ўзначальвае страйкавы камітэт прадпрымальнікаў Беларусі. Па ягоных словах, кожны прадпрымальнік у сярэднім плаціць у бюджэт штомесяц 200 тысяч рублёў. Зь верасьня падаткі могуць значна павялічыцца, нават удвая. Гаворыць Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Мы плянуем пачаць перамовы з прадстаўнікамі ўраду дзеля таго, каб разьвязаць праблему. Калі ўрад ня пойдзе насустрач, мы будзем вымушаныя абвесьціць яшчэ некалькі акцыяў пратэсту. І самая скрайняя мера — гэта спыненьне выплаты падаткаў і іншых плацяжоў у бюджэт”.

Гэта, па словах Валерыя Леванеўскага, можа адбыцца пасьля 1 верасьня. Хаця ён гаворыць, што яны будуць шукаць шляхі, каб разьвязаць канфліктную сытуацыю. Сам страйк ён ацэньвае як удалы:

(Леванеўскі: ) “Сёньняшні дзень ужо паказаў, што прадпрымальнікі гатовыя адстойваць свае законныя правы і інтарэсы. Па нашых зьвестках, ужо ўзялі ўдзел у страйку прыблізна 100 тысяч прадпрымальнікаў і асобаў, якія працуюць па найме. Найбольш актыўныя — Горадня, Гомель, Менск”.

Валеры Леванеўскі адзначае, што падтрымалі сёньняшні страйк і на гарадзенскіх міні-рынках. У некаторых райцэнтрах вобласьці рынкі не працавалі часткова. На думку страшыні страйкаму, прадпрымальнікі на сёньня застаюцца найбольш згуртаванай сілай ня толькі ў Горадні, але і ва ўсёй краіне.
XS
SM
MD
LG