Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫТАНСКІЯ МЭДЫКІ: ЧЫМ ДАЎЖЭЙ МАЦІ КОРМЯЦЬ ДЗЯЦЕЙ СВАІМ МАЛАКОМ, ТЫМ МЕНЕЙ РЫЗЫКУЮЦЬ ЗАХВАРЭЦЬ НА РАК


Віталь Тарас, Прага

Пачнем выпуск з новага адкрыцьця брытанскіх мэдыкаў: чым даўжэй жанчына корміць немаўляці сваім малаком, тым менш яна рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы.

Паводле зьвестак, апублікаваных у апошнім нумары мэдычнага часопісу “Лянцэт”, калі жанчына корміць сваім малаком немаўляці больш за шэсьць месяцаў, гэта зьніжае рызыку зьяўленьня ў яе пухліны на 5 адсоткаў – нават калі ў яе ёсьць генэтычная схільнасьць да раку.

Яшчэ пры канцы 18-га стагодзьдзя адзін італьянскі дасьледчык выявіў, што рак грудзяў найбольш пашыраны сярод манахіняў. Ён зьвязаў гэта з адсутнасьцю ў іх дзяцей. Хуткі рост анкалягічных захворваньняў малочнай залозы ў жанчынаў назіраўся з канца 19-га стагодзьдзя да 1970- х гадоў стагодзьдзя 20-га. Тады было выяўлена, што колькасьць дзяцей ёсьць важным фактарам зьніжэньня рызыкі зьяўленьня пухліны.

Апошнія дасьледаваньні, праведзеныя мэдыкамі ў розных краінах сьвету, ахоплівалі 150 тысячаў жанчынаў. На думку брытанскіх экспэртаў, новыя зьвесткі могуць дапамагчы растлумачыць той факт, што ў індустрыяльна разьвітых краінах рак малочнай залозы распаўсюджаны болей, чым у іншых краінах.

Вядома, што ў слабаразьвітых краінах жанчыны маюць па сем-восем дзяцей і кормяць кожнага зь іх грудным малаком два-тры гады. У Вялікай Брытаніі маці кормяць немаўлят сваім малаком усяго каля двух месяцаў. Між тым, паводле згаданых дасьледаваньняў, кожны дадатковы год натуральнага кармленьня мацярынскім малаком зьніжае верагоднасьць зьяўленьня пухліны больш як на 4%. Да гэтага трэба дадаць само нараджэньне дзіцяці, якое зьніжае рызыку жанчыны захварэць на рак грудзяў на 7%.

Калі б кожная жанчына магла кармціь свайго дзіцёнка дадаткова шэсьць месяцаў, гэта азначала б зьніжэньне колькасьці захворваньняў прыкладна на 1000 выпадкаў у год.

***

Лета лічыцца найлепшым часам для тых, хто вырашыў скінуць лішнія кіляграмы. І ня толькі таму, што гэтаму спрыяе больш актыўны лад жыцьця ў адпачынку – прагулкі на сьвежым паветры, турызм, плаваньне й г.д. Салаты са сьвежага зяленіва, й гародніны – асабліва, калі яны толькі што сабраныя з градаў і памытыя, куды больш карысная ежа ў летнюю сьпёку, чымся, скажам, тлустыя стравы зь мяса ці здобныя вырабы.

Але наколькі салаты з гародніны дапамагаюць пазбавіцца лішняй вагі? Адказ на старонках апошняга нумару часопісу “Newsweek” дае аглядальнік гэтага выданьня Карэн Колінз. Некаторыя яе парады, спадзяемся, будуць карыснымі і нашым слухачам.

Салаты ўтрымліваюць разнастайныя харчовыя рэчывы, якія добрым чынам узьдзейнічаюць на біяхімічныя працэсы ў арганізьме чалавека і зьніжаюць рызыку захварэць на рак – сьцвярджае Карэн Колінз. Але калі ў салаце ёсьць інгрыдыенты з высокім утрыманьнем тлушчу, ён будзе не такі ўжо карысны.

Напрыклад, сталовая лыжка звычайнага соўсу для салату ўтрымлівае 70-80 калёрыяў. Калі вы выбіраеце паміж салатам, запраўленым алеем, ці рыбным салатам з маянэзам, альбо бульбяным салатам, заўсёды трэба мець на ўвазе іх калярыйнасьць. З другога боку, салат на сьняданак не павінен быць вельмі сьціплым, бедным на пратэіны, бо гэта прывядзе да таго, што ўжо апоўдні ў вас разгуляецца апэтыт – раіць аглядальніца “Newsweek”.

Ці можна лічыць прадукт дыетычным, калі ён утрымлівае алей?

На гэтае пытаньне Карын Колінз адказвае: паводле афіцыйных стандартаў, прадукт лічыцца дыетычным, калі ён утрымлівае меней як паўграму тлушчу. Зьвесткі аб ягонай колькасьці, як правіла, зьмешчаныя на этыкетцы. Аднак аўтарка часопісу нагадвае, што прадукт, які ня мае ў сваім складзе тлушчу, усё-ткі ўтрымлівае пэўную колькасьць калёрыяў.

Што тычыцца страваў, адмыслова пазбаўленых цукру, дык тут таксама трэба лічыць калёрыі, а таксама вугляводы – раіць часопіс. Калі параўнаць іх колькасьць з колькасьцю, што ўтрымліваецца ў натуральным прадукце, розьніца можа аказацца такой самай, што ў прадукце бяз цукру. Так што аматарам якой-небудзь “колы-лайт” ня варта надта спадзявацца на асаблівую дыетычнасьць улюбёнага напою.

Стравы з курыцы ці індычкі таксама прынята лічыць дыетычнымі. Але ж і гэта не заўсёды так. Хот-дог з курацінай можа ўтрымліваць ад 9 да 17 грамаў тлушчу (а гэта 120-180 калёрыяў). Так што гэты хот-дог амаль нічым не адрозьніваецца па сваёй калярыйнасьці ад хот-догу з сасіскай зь ялавічыны ці сьвініны, папярэджвае амэрыканскі часопіс “Newsweek”.

***

А цяпер, паводле традыцыі, некалькі парадаў арганізацыі Real Аge.

Ужывайце вітаміны-антыаксыданты ў дастаковай колькасьці. Гэта дапаможа вам засьцерагчыся ад розных захворваньняў – ад інфаркту да раку. Выберыце мультывітамінны прэпарат, што Вам больш пасуе (ці лепей сказаць, які прапісаў вам лекар), і не забывайце ўжываць гэты прэпарат штодня.

Вы лічыце, што масаж існуе толькі дзеля раслабленьня мышцаў? На думку навукоўцаў, ён таксама спрыяе вашаму эмацыйнаму здароўю. Нядаўнія дасьледаваньні пацыентаў з болем у сьпіне паказалі, што масаж ідзе на карысьць ня толькі іхнаму целу, але й цэнтральнай нэрвовай сыстэме. У людзей, якія лекаваліся з дапамогай масажу, ня толькі зьмяншаўся боль, але й зьнікала пачуцьцё дэпрэсіі. Яны пачалі лепей спаць у параўнаньні зь людзьмі, якія карысталіся іншымі мэтадамі тэрапіі.

Многія пажылыя людзі пакутуюць ад болю ў каленях. Аднак тыя зь іх, хто ёсьць пэсымістамі паводле натуры, больш цяжка спраўляюцца з такімі задачамі, як прагулка альбо ўзыходжаньне па лесьвіцы. З другога боку, аптымісты маюць лепшую матывацыю і таму лепш вырашаюць праблемы са здароўем.

Адна-дзьве шклянкі сухога віна ў дзень могуць дапамагчы вам засьцерагчыся ад прастуды. Апошнія дасьледаваньні засьведчылі: тыя, хто рэгулярна ўжывае вінаграднае віно, прасьцюжаюцца радзей за тых, хто цалкам устрымліваецца ад алькаголю. Дасьледчыкі мяркуюць, што гэты эфэкт даюць так званыя фляваноіды, якія ўтрымліваюцца ў гронках вінаграду. Калі вы ня любіце віно, улучыце ў ваш пастаянны рацыён вінаград.
XS
SM
MD
LG