Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІ КАНФЛІКТ: ПОГЛЯД БЕЛАРУСАЎ З МАСКВЫ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Андрэй Макагон, Аляксей Бука, Уладзіслаў Максімаў

Сёньня ў нашай праграме размова на актуальную тэму: беларуска-расейскі канфлікт, ягоныя прычыны і наступствы. Нашыя суразмоўцы – беларусы з Масквы, чыя дзейнасьць тым ці іншым чынам зьвязаная са сфэраю эканомікі. Яны выказваюць уласныя меркаваньні пра сучасныя праблемы беларуска-расейскіх стасункаў.

Віцэ-прэзыдэнт расейскага банку “Держава” Андрэй Макагон гаворыць пра ягонае бачаньне падставаў для абвастрэньня беларуска-расейскіх ўзаемаадносінаў.

(Макагон: ) “Трэба паглядзець на тыя апошнія падзеі, якія адбываюцца паміж Расеяй і Беларусьсю з пункту гледжаньня эканамічных інтарэсаў Расеі.

У сфэры эканомікі Расеі ёсьць два суб’екты – бізнэс і дзяржава. З пункту гледжаньня бізнэсу адносна Беларусі ёсьць дзьве зацікаўленасьці – рынак збыту расейскіх тавараў і другое – буйныя беларускія прадпрыемствы як аб’екты пакупкі для расіянаў, каб мець там свой бізнэс.

З пункту гледжаньня ўраду таксама ёсьць дзьве мэты: першая – Беларусь як калідор для транспартыроўкі на Захад нафты і газу, другая – падаткі на карысьць Расеі ў межах мытнага саюзу. З гэтых пазыцый і трэба паглядзець на тое, што зараз адбываецца. Адносна бізнэсу: Лукашэнка абяцаў бізнэсу Расеі прадаваць буйнейшыя прадпрыемствы на карысьць расіян і на ўмовах расіян. Што зараз адбываецца – усім вядома. Адносна плянаў расейскага ўраду: таксама ёсьць праблемы – вялізная мытная дзірка на мяжы”.

А вось меркаваньне Аляксея Букі – дырэктара фірмы па продажу аўтамабіляў.

(Бука: ) “Канфлікт Беларусі з Расеяй – гэта канфлікт Лукашэнкі з Расеяй, ці можа нават з расейскай вярхушкаю.Тыя амбіцыя, якія ён меў, не спраўдзіліся, ён згубіў асноўную мэту свайго існаваньня – стаць прэзыдэнтам агульнай дзяржавы”.

Трэйці наш суразмоўца Ўладзіслаў Максімаў – аглядальнік расейскай газэты “Ведомости”, лічыць, што аснову канфлікту складаюць найперш эканамічныя прычыны.

(Максімаў: ) “Гэта ўсё даволі заканамерна, бо ідзе гаворка пра магчымую прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў. Зараз пачынаецца гандаль за найлепшую цану нейкіх стратэгічных прадпрыемстваў”.

Як вядома, ключавымі момантамі, якія прывялі да канфлікту, былі гісторыя з кампаніяй “Балтыка”, а таксама адмова Лукашэнкі прадаць расейкаму бізнэсу прадпрыемствы нафтаперапрацоўкі, найперш полацкі “Нафтан”, зь перадачаю расейцам кантрольнага пакету акцыяў – 50 адсоткаў плюс 1 акцыя.

Нашы суродзічы ў Маскве зацікаўлена назіраюць за гэтай справай продажу гігантаў беларускай эканомікі. Паслухаем Андрэя Макагона:

(Макагон: ) “У інтарэсах Беларусі зараз правесьці прыватызацыю шэрагу найбуйнейшых прадпрыемстваў, напрыклад, у галіне нафтаперапрацоўкі – найперш “Нафтан”. Яго трэба прадаваць, бо той стан, у якім ён знаходзіцца, патрабуе мадэрнізацыі і грошай. Ня так шмат пакупнікоў ёсьць на гэтае прадпрыемства, і калі зараз страціць час, то тыя патэнцыйныя пакупнікі з Расеі, той жа “Юкос”, “Лукойл”, “Сургутнефтегаз” знойдуць альтэрнатыўныя аб’екты пакупкі.

Расейскі бізнэс, калі ў яго ня будзе кантрольнага пакету акцыяў, у Беларусь ня пойдзе, аднойчы ўжо наступіўшы на граблі. Патэнцыйныя расейскія пакупнікі зараз шукаюць альтэрнатыўныя аб’екты ўкладаньня грошай. Я мяркую па сродках масавай інфармацыі Расеі: той жа “Сургутнефтегаз” зараз аб’явіў, што ён будзе разглядаць прапановы з боку Ўкраіны, калі не памыляюся – адносна Крэменьчускага нафтаперапрацоўчага камбінату, і плянуе будаваць разам з “Роснефтью” новы завод у Ленінградзкай вобласьці.

Паглядзіце, як той жа самы “Лукойл”, “Юкос” ідуць у Эўропу, купляюць там прадпрыемствы, “Лукойл” купіў ў Румыніі”.

Уладзіслаў Максімаў таксама ўпэўнены, што расейскі капітал варта шырэй прыцягваць ў Беларусь:

(Максімаў: ) “Прынамсі, нічога дрэннага, мне здаецца, няма ў тым, што расейскія прадпрыемствы ўдзельнічалі б у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Тым больш, што ніякіх іншых варыянтаў Лукашэнка за доўгія гады свайго кіраваньня амаль што не пакінуў. Мне здаецца, што заходнія бізнэсоўцы не ўспрымаюць Лукашэнку як бізнэс-партнэра ў першую чаргу таму, што яго не ўспрымаюць як сур’ёзнага палітыка. Расейскія бізнэсоўцы ў гэтай сытуацыі застаюцца амаль што адзінымі прэтэндэнтамі на нейкіх гіпатэтычных тэндэрах, калі яны нарэшце будуць аб’яўленыя і праведзеныя.

Жаданьне набыць кантрольны пакет выглядае заканамерным ня толькі ў нашым выпадку. Кожная кампанія заўсёды хоча атрымаць кантроль”.

Сп. Уладзіслаў лічыць, што адмовіўшы расейцам у прыватызацыі па іхнаму пляну Лукашэнка пакінуў без адказу важнае пытаньне”.

(Максімаў: ) “Горш за ўсё у дадзеным выпадку тое, што Лукашэнка ня даў ніякага адказу на пытаньне, як усё ж далей будуць жыць і разьвівацца гэтыя беларускія прадпрыемствы, пра якія ідзе гаворка.

Кепска тое, што кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў, здаецца мне, ня маюць ніякага ўплыву на Лукашэнку, у іх пытацца пра тое, якія ўмовы яны лічаць найлепшымі, будуць у апошнюю чаргу”.

Як вядома, найбольш выгадны продаж можа адбыцца тады, калі аб’ект прапануецца розным фірмам, якія ў выніку канкурэнцыі прапануюць уладальніку лепшыя ўмовы.

Якая сытуацыя ў нашым выпадку? Гаворыць сп. Максімаў:

(Максімаў: ) “Стварыўшы такія палітычныя ўмовы для бізнэсу ў Беларусі, непрымальныя амаль што ні для каго, апрача Расеі як палітычнага саюзьніка, Лукашэнка усё ж абмежаваў магчымасьці выбару паміж канкурэнтамі, і мне здаецца, што гэта нэгатыўна паўплывала на працягу апошніх гадоў і будзе ўплываць далей на магчымую цану продажу”.

Аляксей Бука хоць і лічыць продаж заводаў неабходным, усё ж
мяркуе, што трэба падыходзіць да справы абачліва.

(Бука: ) “Гэта было б выгадна абедзьвюм краінам таму, што Беларусь атрымала б нейкія грошы на разьвіцьцё эканомікі і Расея атрымала б сваю выгаду – прадпрыемствы і калідор на Захад. Але гэта магло б прывесьці да амаль поўнага кантролю над беларускай эканомікай. Тут ужо павінна быць дзяржаўнае рэгуляваньне гэтага бізнэсу, 50 адсоткаў плюс 1 акцыя павінны заставацца ў беларускіх уладаў. Я лічу, што гэта немагчыма – аддаваць ў чужыя рукі. Гэта адна з асноваў эканомікі, адсюль ідуць грошы ў бюджэт дзяржаўны. Калі ён аддасьць гэтыя асноўныя прадпрыемствы, то ён страціць кантроль над эканомікаю ўвогуле і пачнецца яго адсоўваньне ўбок. І тут ужо алігархі і іншыя людзі будуць дыктаваць яму эканамічную палітыку, а праз эканоміку ўжо можа быць палітычны ціск. Я ўпэўнены, што прадаваць нельга, бо гэта страта эканомікі, гэта будзе зьнішчэньне крок за крокам палітычнай незалежнасьці”.

На вашую думку, сп. Аляксей, Лукашэнка выступае тут абаронцам дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі?

(Бука: ) “Ён выступае абаронцам сваіх асабістых інтарэсаў: калі ён згубіць эканоміку, ён згубіць уладу”.

Уладзіслаў Максімаў лічыць, што продаж прадпрыемстваў мала паўплывае на палітычную сытуацыю:

(Максімаў: ) “Палітычны ціск адбываецца і без таго. Вядома, што праз тарыфы на пракачку газу гэты ціск ужо адбываецца на працягу апошніх гадоў, і мне здаецца, што Расея мае рэсурс гэтага ціску нават без прыватызацыі прадпрыемстваў у Беларусі”.

Сп. Максімаў выказаўся і адносна апошняй спрэчкі вакол нафтаводаў кампаніі “Запад-Транснефтепродукт” ў адказ зь беларускага боку як раз на гэты палітычны ціск, што асабліва выразна выявіўся ў апошніх заявах Уладзімера Пуціна пра расейска-беларускае аб’яднаньне.

(Максімаў: ) “Рэагуючы на тыя самыя заявы Пуціна, Лукашэнка праявіў сябе як прагматык і ледзьве не як дзяржаўны дзеяч. Шкада толькі, што ў беларускай палітычнай эліце ўсё залежыць ад слова і ад настрою аднаго чалавека”.

Аляксей Бука ўсё ж мяркуе, што наяўныя з Расеяю дамовы трэба выконваць.

(Бука: ) “Калі зробленыя дамовы, іх трэба выконваць. Калі ты ўжо пайшоў назад, з табою ўжо ніхто ня будзе мець справы і бізнэсу ніхто не захоча мець. І таму, я лічу, што калі ён спачатку абяцаў, а цяпер зрабіў наадварот, то гэта вельмі моцны ўдар для беларускага бізнэсу. З інвэстараў, ня толькі з тых, хто ўжо ўкладалі грошы, але і з патэнцыйных няшмат хто захоча укладаць грошы. Трэба шукаць выйсьце”.

Мы запыталі у нашых суразмоўцаў, як, на іх думку, могуць разьвівацца падзеі на эканамічным полі далей. Паслухаем Аляксея Буку.

(Бука: ) “Цяжка ўявіць, што будзе далей. Будуць “завінчвацца гайкі”, з расейскага боку будзе ўціск ісьці, калі ўбачаць такія адносіны да расейскага капіталу, капіталу, які ўжо рэальна ўкладзены ў эканоміку Беларусі. Гэта немалыя грошы, калі параўноўваць зь бюджэтам Рэспублікі Беларусь. Я мяркую. што шмат хто пабаіцца ўкладаць грошы.

На мой погляд, Лукашэнка будзе чакаць. Ён будзе чакаць і глядзець, як будзе далей мяняцца сытуацыя. Цяпер у сваіх выступленьнях Лукашэнка ўжо ня згадвае Расею. У расейскіх сродках масавай інфармацыі вельмі, вельмі мала інфармацыі пра Беларусь”.

Андрэй Макагон таксама мяркуе, што Расея будзе выкарыстоўваць магчымасьці націснуць на Беларусь.

(Макагон: ) “Хутчэй за ўсё будзе нейкі ціск з боку Расеі на ўрадавым узроўні на Беларусь. Да якога ўзроўню тут пойдзе Расея, зараз сказаць цяжка. Пытаньне ўрэшце рэшт залежыць ад прэзыдэнта Пуціна, які будзе хутчэй за ўсё вырашаць гэтыя пытаньні з Лукашэнкам асабіста”.

А вось што думае Ўладзіслаў Максімаў:

(Максімаў: ) “Мне здаецца, што ў нейкія бліжэйшыя часы будуць зробленыя з абодвух бакоў заявы, нэўтралізуючыя гэтыя апошнія выказваньні. А далей зноўку будзе нейкі пэрыяд зацішша, а потым могуць узьнікнуць нейкія новыя абставіны. Размова ідзе пра бізнэс, пра грошы. Нават палітычны фактар тут не галоўны будзе”.

Адносна пэрспэктываў палітычнага саюзу дзьвюх дзяржаваў нашыя суразмоўцы выказаліся наступным чынам:

(Максімаў: ) “Таго аб’яднаньня на ўмовах уваходжаньня ў склад Расейскай Фэдэрацыі Лукашэнка не дапусьціць у першую чаргу, бо ў дадзеным выпадку ён гаспадар сытуацыі і калі гаворка ўсур’ёз пойдзе пра гэта, ён выступіць найдзяржаўнейшым дзеячам і “прыхільнікам незалежнасьці №1”.

(Бука: ) “Расея мае свае інтарэсы, Беларусь для яе зараз тэрыторыя на шляху на Захад”.

Расейскі інстэблішмэнт лічыць Беларусь сваёй тэрыторыяй і ўжо гатовы дыктаваць свае ўмовы існаваньня, суседзтва. Але я лічу, што для Беларусі гэта непрымальна, і нават усялякія саступкі, якія можа рабіць Расея, ня вартыя таго, каб згубіць сваю незалежнасьць.

Безумоўна, сілы ня роўныя. Але, казаць пра тое, што Расея задушыць сваёй масай Беларусь – гэта глупства. Нейкія рычагі ўціску могуць быць там, дзе Беларусь залежыць ад Расеі. Але агульная палітыка – гэта будуць вялікія страты для Расеі і Беларусі. Цяпер Расея павярнулася да NATO, да заходніх краінаў, і Беларусь апынулася ў ізаляцыі, як раней была Югаславія”.

Якое выйсьце ў гэтай сытуацыі можа мець Беларусь? Паслухаем ізноў сп. Буку:

(Бука: ) “Я хацеў бы, гэта можа мара, каб улада ў Беларусі зьмянілася, каб там трошку цьвярозей глядзелі і на Захад, і на Ўсход і рабілі свае далейшыя крокі больш абдумана як, напрыклад, тая самая Прыбалтыка. Там цяпер няма такой канфрантацыі, якая была на пачатку перабудовы і станаўленьня балтыйскіх дзяржаваў. Яны нават радыя прытоку і расейскага капіталу таму, што ёсьць шмат людзей, якія працуюць у сумесным бізнэсе. Я мяркую, што Беларусь магла бы пайсьці гэтым шляхам.

Паціху, паволі трэба рабіць незалежную эканамічную палітыку і аглядацца ня толькі на Расею, але і шукаць інвэстараў. Калі няпэўнае палітычнае становішча, то ніхто ня будзе ўкладаць грошы ў эканоміку краіны. Людзі пераводзяць свае грошы, шмат хто перавёў грошы ў Літву, ці ў Расею. Бізнэс уцякае, ідзе вялікі ціск. У гэтай сытуацыі ні Захад, ані Расея ня будуць рабіць інвэстыцыі”.

Мы задалі пытаньне адносна публікацый у расейскай прэсе пра нібыта існуючы плян адхіленьня Лукашэнкі ад улады. Сп. Аляксей Бука выказаўся катэгарычна:

(Бука: ) “Я не давяраю такім зьвесткам. Калі б такія пляны існавалі, іх бы не публікавалі”.

На заканчэньне паслухаем наступнае меркаваньне сп. Максімава. На ягоную думку тое, што размовы аб інтэграцыі перайшлі ў сфэру рэальных дзеяньняў, і ёсьць шлях да сапраўднай, ўзаемавыгаднай інтэграцыі ў рамках цывілізаваных адносінаў паміж дзьвюма незалежнымі дзяржавамі:

(Максімаў: ) “Толькі апошнім часам нейкая інтэграцыя, калі яна ўвогуле ёсьць і калі яна ўвогуле магчымая, пачынае набываць нейкі рэальны сэнс. Папярэднія заявы і падпісаньні, стварэньне саюзаў ня мелі ніякіх наступстваў. Калі зараз атрымаецца пабудаваць адносіны на прагматычных умовах, на ўмовах бізнэсу, гэта будзе выдатна”.

Такім бачыцца маскоўскаму беларусу – аглядальніку газэты “Ведомости” Ўладзіславу Максімаву рэальны выхад зь сёньняшняга расейска-беларускага канфлікту.
XS
SM
MD
LG