Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР БЛАХІН – НОВЫ ПАСОЛ РАСЕЙСКАЙ ФЭДЭРАЦЫІ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСІ


Cяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Напярэдадні прыезду ў Менск Аляксандар Блахін сустрэўся з прэзыдэнтам Ўладзімерам Пуціным, пасьля чаго заявіў журналістам, што “галоўную задачу” пасла ён бачыць “ва ўсебаковым разьвіцьці” адносінаў зь Беларусью”. Паводле ягоных словаў, “Беларусь – найважнейшы прыярытэт Расеі на тэрыторыі былога СССР”, і “альтэрнатывы збліжэньню Расеі і Беларусі не існуе”. Блахін падкрэсьліў, што “гэта сур’ёзна і надоўга”.

Новы пасол адзначыў, што ў часе размовы з Пуціным, у прыватнасьці, гаворка ішла пра разьвіцьцё двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва і збліжэньне “эканомікі Беларусі з расейскай эканомікай, без чаго ня можа быць руху наперад”.

Паводле Блахіна, расейскае пасольства ў Беларусі “будзе прыкладаць усе намаганьні, каб расейскі і беларускі народ заўсёды заставаліся братнімі народамі”. Гэта, падкрэсьліў Блахін, жаданьне ня толькі прэзыдэнтаў і пасольстваў, але і народаў.

Аляксандару Блахіну 49 гадоў. Паводле спэцыяльнасьці ён інжэнэр-мэханік. Працаваў на прамысловых прадпрыемствах у розных расейскіх гарадах, а таксама ў Манголіі. З 1990 году – дэпутат Вярхоўнага Савету РСФСР, з 1992 – супрацоўнік міністэрства замежных справаў. Пяць гадоў знаходзіўся на пасадзе пасла Расейскай Фэдэрацыі ў Азэрбайджане. Пры ім у краіне быў узьведзены будынак пасольства. Апошнія два гады быў міністрам у справах нацыянальнасьцяў, Фэдэрацыі ды міграцыі.

Якія ж погляды ў Аляксандара Блахіна на нацыянальную палітыку?

У часе аднаго са сваіх інтэрвію на пасадзе міністра ў справах фэдэрацыі, нацыянальнай ды міграцыйнай палітыкі ён сказаў:

“У Расеі, на мой погляд, няма мэты пераплавіць усе народы. (...) Я думаю, што гэта няслушна, і гэта не патрэбна ні народам, ні Расеі наагул, таму што 176 народаў – гэта 176 культураў, 176 традыцыяў, 176 гістарычных досьведаў”.

Намесьнікам Блахіна ў міграцыйных справах у міністэрстве быў генэрал зьнешняй выведкі Аляксандар Мядзянік. На пытаньне журналістаў, ці ёсьць у Мядзяніка досьвед у міграцыйных справах, Блахін адказаў: “У пытаньнях міграцыі няма нічога складанага для разумнага і дасьведчанага чалавека, – і дадаў, – у той самы час мне зразумела і іншае: эфэктыўнасьць якой заўгодна палітыкі сёньня ўпіраецца ў грошы. Ніякай палітыкі, у тым ліку і нацыянальнай, і міграцыйнай, не падмацаванай фінансамі, быць ня можа”.

Да ўсіх нацыянальных канфліктаў Аляксандар Блахін ставіцца наступным чынам: “Усе яны, – лічыць Блахін, – “растуць” з палітыкі. Калі нейкая актыўная група людзей пры ўжываньні нацыянальнай рыторыкі спрабуе рэалізаваць свае ўласныя, почасту местачковыя, палітычныя амбіцыі. А нацыянальнае пытаньне – самы эфэктыўны спосаб аб’яднаць вакол сябе народ”.

Новы пасол Расеі ў Беларусі “зь вялікай падазронасьцю ставіцца да слова “нацыянальны”. Ад нацыянальнага – кажа Аляксандар Блахін – да нацыяналістычнага і ад нацыяналістычнага да нацыянал-сацыялістычнага – шлях вельмі кароткі і мяжа надта зыбкая. Не заўважыш як пяройдзеш”.

На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу Аляксандар Блахін яшчэ не прыехаў у Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG