Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ Ў АЛЕКСАНДРЫІ МУЗЭЙ ЛУКАШЭНКІ?


Аляксандар Сердзюкоў, Шклоўскі раён

За два дні пятнаццаць будаўнікоў паставілі агароджу вакол хаты маці Лукашэнкі, абклалі цэглай ейны калодзеж і на двары сталі падымаць падмурак. Пашанцавала і жыхарам суседніх хатаў, вакол якіх прыбралі тэрыторыю і параўнялі дарогі.

За рэканструкцыяй хаты Кацярыны Лукашэнкі, якая цяпер жыве ў Менску, пільна сочаць мясцовыя ўлады, у тым ліку і старшыня аблвыканкаму Барыс Батура, які ўчора наведаў вёску. Намесьнік старшыні Шклоўскага райвыканкаму па камунальных пытаньнях Яўген Семянковіч пацьвердзіў, што будаўнічыя матэрыялы завезеныя і адпаведныя працы вядуцца. Аднак ён не сказаў, для чаго гэта робіцца.

Больш шчырымі былі жыхары вёскі Александрыя. Паводле іхных словаў, у хаце плянуюць адкрыць музэй, які мусіць адлюстроўваць маладыя гады Аляксандра Лукашэнкі. Адна з жанчын паведаміла, што нейкія людзі ў гальштуках хадзілі па хатах і зьбіралі фотаздымкі школьніка Сашы Лукашэнкі.

Інжынэры жытлова-камунальнай гаспадаркі Шклоўскага раёну, якія не назвалі сваіх імёнаў, пацьвердзілі, што супрацоўнікаў гаспадаркі накіроўваюць для ўзьвядзеньня музэю. Аднак улады адмаўляюцца камэнтаваць гэтую сытуацыю. Тым часам рэканструкцыя хаты Кацярыны Лукашэнкі працягваецца.

Рабочыя Шклова мяркуюць, што грошы, якія зь іх зьбіраюць, пойдуць на новую будоўлю. Якраз з пачаткам адбудоўлі александрыйскай хаты ад рабочых прамысловых прадпрыемстваў гораду сталі патрабаваць выплаты ўнёска на 3 тысячы рублёў — нібыта на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі.

Сытуацыю з будоўляй пагадзіўся пракамэнтаваць былы старшыня прафкаму саўгасу “Гарадзец”, цяпер член раённага клюбу выбаршчыкаў Аляксандар Шчарбак:

(Шчарбак: ) “Гэтыя чарговыя гульні вакол Александрыі, верагодна, прыдумалі мясцовыя ўлады. Жадаюць улагодзіць усенароднаабранага, пагуляць на яноных настальгічных пачуцьцях. Каму гэта патрэбна, я не разумею, але не народу, канечне. Народ і так жыве на апошнім подыху, ледзь зводзіць канцы з канцамі”.

Дарэчы, сёньня на будоўлі пабываў кіраўнік Шклоўскай раённай вэртыкалі спадар Агееў і старшыня сельсавету Леанід Унецкі. Чынавенства мяркуе, што ўжо ў жніўні іхны шэф наведае сваю малую радзіму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG