Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАНІЦАЙ УЕЗДЫ Ў ПАСЁЛАК ПАГРАНІЧНЫ АХОЎВАЛІ ПАМЕЖНІКІ З АЎТАМАТАМІ


Сяргей Астраўцоў, Гарадзенская вобласьць

Да аўтакефальнай царквы зноў падагналі аўтакран. Але царкву пакуль не чапаюць. Каля яе працягваюць дзяжурыць два міліцыянты.

А чацьвертай раніцы на ўездах у пасёлак Пагранічны стаялі машыны з узброенымі памежнікамі. Ніхто бяз пропуску трапіць у пасёлак ня мог.

Сёньня ў Пагранічны прыехалі з Горадні журналісты дзяржаўных мас-мэдыяў і прадстаўнікі праваслаўнай япархіі і абласнога ўпраўленьня ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў. Сьвятары разам зь мясцовым начальствам абыходзілі дамы вернікаў, якія наведваюць аўтакефальную царкву. Людзей спрабавалі пераканаць, што быццам сьвятар Іван Спасюк іх падманвае, і што аўтакефальная царква — гэта сэкта. Але вернікі сказалі, што будуць падтрымліваць свайго бацюшку, якога перасьледуюць улады.

Аўтакран пазьней зьнік. Апоўдні каля царквы знаходзіўся толькі бульдозэр і рабочы з МПМК-141. Ён сказаў мне, што ягоныя калегі не пагодзяцца разбураць царкву — а менавіта такое рашэньне прыняў Бераставіцкі райвыканкам. Хіба што ўлады возьмуць салдатаў-памежнікаў, — сказаў ён.

Тут пад’ехаў на ровары мужчына. Сказаў, што ў пасёлку пастаянна ў незнаёмых спраўджваюць дакумэнты — каб не прыехаў ніхто дапамагаць бацюшку. І сапраўды, вярнуліся два міліцыянты, якія ахоўваюць царкву, і папрасілі мяне паказаць дакумэнты.

Я вырашыў пацікавіцца ў райаддзеле міліцыі, як сябе адчувае Валеры Шчукін — журналіст “Народнай Волі”. У мінулую нядзелю яго затрымалі ў Пагранічным, завезьлі ў Бераставіцу і пасадзілі на 15 сутак — быццам бы за непадпарадкаваньне міліцыі.

Дзяжурны капітан сказаў, што ніякай інфармацыі наконт Шчукіна ня дасьць. Маўляў, са здароўем у журналіста ўсё нармальна і скаргаў ён ня мае. А сёньня Валеры Шчукін атрымаў перадачу ад жонкі, — паведаміў дзяжурны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG