Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА 31 ЛІПЕНЯ Ў БЕЛАРУСІ ЗАПЛЯНАВАНЫ ЎСЕБЕЛАРУСКІ СТРАЙК ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Вось што распавёў сёньня нашаму радыё старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Акцыя будзе праходзіць ва ўсіх абласных цэнтрах, у тым ліку ў Менску, у некаторых райцэнтрах. Мяркуецца, што яе падтрымае ўся Гарадзеншчына. Мы чакаем, што страйкаваць у цэлым па Беларусі будзе ня меней як 100 тысяч прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў”.

Заўтрашні страйк, паводле спадара Леванеўскага, — папераджальны. Паводле зьвестак страйкаму, уладныя структуры падрыхтавалі праект прэзыдэнцкага дэкрэту, якім мяркуецца больш чым удвая павялічыць падаткі для дробнага бізнэсу.

Прадпрымальнікі зьбіраюцца папярэдзіць улады пра недапушчальнасьць пагаршэньня ўмоваў працы. Апроч таго, яны разьлічваюць з дапамогай страйку прыпыніць працэс масавага ўкараненьня ў дробным гандлі касавых апаратаў. Супраць гэтага, як вядома, учора ўжо пратэставалі сталічныя прадпрымальнікі, якія правялі несанкцыянаваны пікет ля гандлёва-выстаўнага цэнтру “Паркінг”.

І, нягледзячы на арышт на дзесяць сутак арганізатара пікету Леаніда Малахава, учорашнія ўдзельнікі пікету заўтра зноў будуць браць удзел у страйку:

(Прадпрымальніца: ) “Мы ўсе прынялі рашэньне, што прадпрымальнікі ўсёй Беларусі 31 ліпеня выходзяць на працу, але не працуюць”.

Сябры страйкаму ўпэўненыя ў плённасьці заўтрашняй акцыі.

(Каліценя: ) “Досьвед нашых мінулых акцыяў падказвае, што мы маем нядрэнны шанец на посьпех. Была вельмі плённая акцыя летась 18 траўня. Гэта быў першы палітычны страйк прадпрымальнікаў у Беларусі. У страйку брала ўдзел палова ўсіх прадпрымальнікаў краіны. У лютым 2000 году мы страйкавалі два тыдні й прадухілілі пагаршэньне ўмоваў для прадпрымальнікаў.

Плённым быў пяцідзённы страйк і на пачатку 2001 году, калі мы дасягнулі посьпеху ў змаганьні за зьмест прэзыдэнцкага дэкрэту №12. Нашым важным посьпехам ёсьць і скарачэньне ўладамі сьпісу тавараў для абавязковай сэртыфікацыі й гігіенічнай рэгістрацыі.

Якраз вынікі ранейшых страйкаў улады і хочуць цяпер скасаваць. Але мы гэтага ня хочам і таму праводзім акцыю. Досьвед такіх акцыяў у нас ёсьць, актывісты ёсьць, я мяркую, што мы добра падрыхтаваліся”, — зазначыў Леанід Каліценя, каардынатар страйкаму па Менску і Менскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG