Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЖНІЎНІ ПАЧНЕ ДЗЕЙНІЧАЦЬ НОВЫ ЗАКОН “АБ ДАРОЖНЫМ РУХУ”


Ганна Соусь, Менск

Кіраўнік Дзяржаўтаінспэкцыі Леанід Фармагей патлумачыў сёньня журналістам сутнасьць новага закону “Аб дарожным руху”. Па-першае, патрульна-паставую службу на дарогах Беларусі будуць несьці толькі афіцэры. Згодна з загадам міністра ўнутраных справаў, гэтая служба была рэарганізаваная, адбылася пераатэстацыя супрацоўнікаў ДАІ. Больш за чвэрць інспэктараў пераатэстацыю прайсьці ня здолелі. Гаворыць Леанід Фармагей:

(Фармагей: ) “Ня ўсе ж супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі і патрульна-паставой службы — хамы й хабарнікі. Звычайна ідзе размова пра тое, што яны зьдзекуюцца зь людзей. Ёсьць супрацоўнікі, на якіх паступалі скаргі, якія мелі дысцыплінарныя спагнаньні — гэтак званая “група рызыкі”. Як у любым калектыве. Таму правядзеньне гэтых мерапрыемстваў сёньня нам дазволіла наладзіць, так бы мовіць, чыстку ў шэрагах дарожна-патрульнай службы”.

Паводле Леаніда Фармагея, рэфармуюцца рэгістрацыйныя й іспытныя службы ДАІ. У асноўным яны будуць складацца з цывільных асобаў. Што тычыцца праблемы хабарніцтва, то, прыкладам, у суседняй Расеі нядаўна быў уведзены наступны парадак — аўтаінспэктары ня маюць права браць штраф з кіроўцы на месцы, толькі выпісваюць квіток. Наколькі рэальна ўвядзеньне гэткай практыкі і ў Беларусі?

На гэтае пытаньне Радыё Свабода начальнік беларускага ДАІ Леанід Фармагей адказаў наступным чынам:

(Фармагей: ) “Я прыхільнік таго, каб інспэктар дарожна-патрульнай службы ня быў касірам. Мы падалі прапановы пра адпаведныя зьмены ў праекце новага Працэсуальнага кодэксу аб правапарушэньнях. Прапануем забараніць браць штраф на месцы. Ці будзе ён прыняты нашымі парлямэнтарамі? Я мяркую, што будзе падтрыманы”.

Што да іншых навацыяў у законе “Аб дарожным руху”, то паводле Леаніда Фармагея, яны тычацца правоў кіроўцаў. Іх стане больш.

(Фармагей: ) “Калі грамадзянін ня зможа высьветліць прычыну спыненьня ў аўтаінспэктара, то ён можа падаваць у суд. Такім чынам закон рэглямэнтуе стасункі паміж кіроўцамі й аўтаінспэктарамі”.

Як распавёў сёньня Радыё Свабода адзін з інспэктараў ДАІ, які пажадаў застацца ананімным, у іхнай сыстэме існуе негалосная практыка недатыкальнасьці. Аўтаінспэктары павінныя ведаць нумары машынаў высокіх чыноўнікаў і асобаў зь іхнага атачэньня, якіх непажадана спыняць на дарозе. Гэтыя сьпісы недатыкальных асобаў хутка мяняюцца, як, дарэчы, і й іхныя аўтамабілі. Леанід Фармагей, аднак, існаваньня такой практыкі не пацьвердзіў.
XS
SM
MD
LG