Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГУТАРКА З ДЭПУТАТАМ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ 12-ГА СКЛІКАНЬНЯ ЛЯВОНЦІЕМ ЗДАНЕВІЧАМ


Ірына Халіп, Менск

Дванаццаць гадоў прайшло з моманту прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі. Многім з тых, хто працаваў тады ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, здаецца сёньня, што гэта быў найлепшы час у жыцьці. А некаторыя вельмі неахвотна ўзгадваюць свой пяцігадовы палітычны досьвед.

Архітэктар Лявонці Зданевіч быў у складзе апазыцыі БНФ Вярхоўнага Савету, якая і паўплывала на прыняцьце Дэклярацыі аб незалежнасьці. У 1995 годзе ён сышоў з палітыкі й цяпер займаецца толькі архітэктурай, а з калегамі-дэпутатамі сустракаецца часьцей за ўсё на пахаваньнях. Але ягоны, ужо непалітычны, погляд на тыя падзеі і ёсьць незалежны. Сёньня Лявонці Зданевіч — госьць Ірыны Халіп.

(Ірына Халіп: ) “Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Дэклярацыю аб незалежнасьці пасьля таго, як падобныя дэклярацыі былі прынятыя Расеяй і Ўкраінай. Чаму? Гэтыя працэсы ішлі паралельна ці Вярхоўны Савет Беларусі вырашыў паўтарыць тое, што ўжо было зроблена іншымі рэспублікамі?”

(Лявонці Зданевіч: ) “І адно, і другое. Мне б, вядома ж, хацелася б сказаць, што гэта была ініцыятыва Вярхоўнага Савету і вынік нашай пасьлядоўнай работы, але, на жаль, гэта ня так. Тыя падзеі, якія адбываліся ў суседніх краінах, паўплывалі вельмі моцна, і гэта трэба шчыра прызнаць. Але былі і пэўныя колы ў Вярхоўным Савеце, якія вельмі моцна ўплывалі на гэты працэс і вельмі хацелі б, каб гэтае адбылося нават раней. Але факт ёсьць фактам: толькі пасьля таго, як гэта зрабілі іншыя, стала магчыма, каб большасьць вярхоўнага Савету прагаласавала за Дэклярацыю аб незалежнасьці”.

(Халіп: ) “Калі верыць старажытным кітайцам, дык менавіта 12 гадоў — гэта замкнёнае кола, і, такім чынам, сёньня замкнулася кола з моманту прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці. Які галоўны вынік? Што яна дала?”

(Зданевіч: ) “Галоўны вынік — станоўчы. Існуе незалежная краіна Беларусь, і тыя намаганьні, якія прыкладаюць пэўныя колы (нам усім добра вядомыя) для зьнішчэньня незалежнасьці, вынікаў не далі. І, на мой погляд, малыя пэрспэктывы, каб адбылося тое, чаго яны хочуць. Ёсьць жа аб’ектыўныя працэсы.

Так што вынік станоўчы. Іншая справа, што ён намінальны. Ён не атрымаў падтрымкі ў сапраўдным жыцьці, у эканоміцы. Я маю на ўвазе паляпшэньне ўзроўню жыцьця людзей, уваход у сям’ю эўрапейскіх краінаў — гэта галоўнае, што патрэбна людзям. Гэтага не адбылося — вось што жахліва”.

(Халіп: ) “У той час, калі вы былі дэпутатам Вярхоўнага Савету, дэпутаты саюзнага Вярхоўнага Савету былі страшэнна папулярныя. Іх пазнавалі ня толькі ў твар, а нават і па галасах, калі трансьляцыя ішла па радыё. А беларускі Вярхоўны Савет быў такім жа папулярным тут, у Менску?”

(Зданевіч: ) “Думаю, што так. Хаця асабіста ў мяне не было такіх ужо праблемаў з папулярнасьцю, думаю, што і ў маіх калегаў таксама. Але цікавасьць была вялікая — асабліва ў першыя гады перабудовы і падчас першых выбараў. Дастаткова было папулярнасьці, дастаткова было актыўнасьці нашых выбаршчыкаў, і дастаткова было падтрымкі — асабліва ў першы час”.

(Халіп: ) “Вярхоўны Савет тады быў уплывовым?”

(Зданевіч: ) “Безумоўна, так. Я нават скажу, што ўзровень Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня па інтэлекце, па прадстаўнічасьці, па адпаведнасьці сацыяльнаму складу насельніцтва — самы высокі. Не таму, што я ўваходзіў у яго склад. Можа, таму, што гэта былі адзіныя сапраўды дэмакратычныя выбары. Нават наступны, трынаццаты склад абіраўся ўжо ва ўмовах далёка не дэмакратычных.

Прадстаўнікі таго вярхоўнага Савету, у тым ліку і я, былі рамантыкі. Можа, не зусім палітычна падрыхтаваныя, але людзі, якія ў палітыцы не шукалі ніякай карысьці — у большасьці сваёй. Хаця сярод нас было нямала прадстаўнікоў улады, і гэта таксама было нармальна”.

(Халіп: ) “Як увогуле вы прыйшлі ў палітыку? Вы былі пасьпяховым архітэктарам, а выбары сапраўды былі першыя, і ні ў каго не было ніякага палітычнага досьведу”.

(Зданевіч: ) “Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне, таму што было шмат дробязяў, шмат супадзеньняў. Вылучаўся мой калега-архітэктар. Ён не прайшоў. Камусьці трэба было гэтым займацца. Тым больш што асабістыя абставіны прымушалі шукаць новыя моманты, новыя інтарэсы ў жыцьці. Але галоўнае, шчыра кажучы, — сапраўды камусьці трэба было там працаваць, займацца палітыкай. І я пайшоў, адчуваючы, што, напэўна, змагу дапамагчы”.

(Халіп: ) “А чаму вы вырашылі не працягваць палітычную дзейнасьць? Расчараваліся?”

(Зданевіч: ) “Не, не расчараваўся. Я не шкадую пра тыя амаль шэсьць гадоў, якія аказаліся выкрэсьленыя з майго прафэсійнага жыцьця. Я не пайшоў у наступны Вярхоўны Савет, таму што пэрыяд рамантызму скончыўся, пачаўся пэрыяд — ён і цяпер доўжыцца — калі патрэбная прафэсійная палітычная дзейнасьць.

А ў мяне ніколі не было палітычных мэтаў, і нейкія мае асабістыя якасьці не адпавядаюць вобразу палітыка — напрыклад, я не лічу ўладу чымсьці прывабным для сябе. Я чалавек творчы, і гэтыя мае паводзіны абсалютна натуральныя. У той пэрыяд я паспрабаваў прынесьці карысьць свайму народу, а потым, ня маючы мэтаў і нават падставаў працягваць палітычную кар’еру, вырашыў, што гэтае месца павінен заняць іншы”.

(Халіп: ) “Калі гаварыць пра карысьць, якую вы прынесьлі свайму народу, дык гэтая карысьць вельмі спрэчная. Гэта ж была вашая рэпліка зь месца з прапановай абраць Аляксандра Лукашэнку старшынём антыкарупцыйнай камісіі! Потым яе падтрымаў Станіслаў Шушкевіч — і што ў выніку? Гэта можна назваць карысным для беларускага народу?”

(Зданевіч: ) “Вядома ж, гэтым я не прынес карысьць свайму народу. Гэта быў учынак, вынікі якога было немагчыма спрагназаваць. Але я і не казаў, што прынес карысьць — я сказаў, што спрабаваў яе прынесьці. І я сапраўды рабіў усё, што мог”.

(Халіп: ) “А чаму вы прапанавалі менавіта Лукашэнку ў якасьці старшыні антыкарупцыйнай камісіі? Што, у Вярхоўным Савеце не было іншых дастойных людзей?”

(Зданевіч: ) “Я проста хацеў дапамагчы гэтаму чалавеку канкрэтнай справай. Было відавочна, што яму было проста няма чаго рабіць. Так ужо атрымалася, што гэтую справу ён выканаў выдатна — у пэўным сэнсе, вядома ж”.

(Халіп: ) “Зараз, калі я прыгадваю той Вярхоўны Савет, атрымліваецца, што адныя ў бізнэсе, другія ў іншых прафэсіях, трэція нават у эміграцыі... А вы сустракаецеся з былымі калегамі?”

(Зданевіч: ) “Рэгулярных сустрэчаў няма. Бывае, што я сустракаюся з кімсьці зь іх ужо ў якасьці экспэрта па пытаньнях эканомікі ці блізкіх да эканомікі. А так... На жаль, сустракаемся часьцей за ўсё на пахаваньнях. Ці на мітынгах. Напружанасьць майго жыцьця такая, што ў мяне фактычна няма вольнага часу ці часу на адпачынак”.

(Халіп: ) “Калі вы ходзіце на мітынгі, значыць, захоўваеце палітычную актыўнасьць. А не бывае такога, што вы сядзіце ўвечары і думаеце: “Ну чаму я ня там, чаму я не ў палітыцы, чаму я не ў Народным Фронце?”

(Зданевіч: ) “Безумоўна, бывае. Я адчуваю вялікую павагу да людзей, якія дагэтуль там, я часам адчуваю няёмкасьць, што я ўжо ня там. Сапраўды гэта так”.

(Халіп: ) “А ці можа здарыцца што-небудзь такое, што прымусіць вас вярнуцца ў палітыку?”

(Зданевіч: ) “Наўрад ці. Кожны чалавек робіць свой выбар і мае адпаведныя рысы, якія робяць яго здольным займацца той ці іншай справай. Каб займацца палітыкай, трэба любіць гэтую справу і трэба любіць уладу, урэшце. Той, хто ня любіць уладу як такую, ня мае пэрспэктываў дасягненьня гэтай улады. Вы заўважце, у гісторыі гэта так, асабліва ў нас, дзе няма ўсталяваных дэмакратычных адносінаў, дзе трэба мець велізарны напор і быць здольным карыстацца любымі сродкамі.

Інтэлігентны чалавек ня можа ў нас быць абраны на высокую пасаду. Вы гэтае, напэўна, ужо заўважалі, і гісторыя гэта пацьвердзіць яшчэ неаднаразова. Мы — пераходнае грамадзтва, і якасьці палітыкаў тут адпаведныя”.

(Халіп: ) “А калі, на ваш погляд, інтэлігентны чалавек у Беларусі можа быць абраны на высокую пасаду?”

(Зданевіч: ) “Думаю, што пройдзе шмат часу. Палітычная сьвядомасьць разьвіваецца няхутка, і хаця палітыкі павінныя дапамагаць уздыму сьвядомасьці, час патрэбны вялікі”.

(Халіп: ) “Пра што вы шкадуеце больш за ўсё — за пэрыяд вашага дэпутацтва?”

(Зданевіч: ) “Можа, трохі не хапіла нам кампраміснасьці з той дэпутацкай большасьцю, якая галасаваньнем усё ж прымала рашэньні. Можа, гнуткасьці не хапіла. Мы з улікам нашага маладога на той момант узросту, з улікам нашага рамантызму — вы ж памятаеце пачатак перабудовы і ўсеагульныя спадзяваньні — былі тады максымалістамі. Можна было цішэй дасягнуць большага. Я сёньня ведаю, што былі недапрацоўкі, у тым ліку мае асабістыя”.

(Халіп: ) “Чаго не зрабілі асабіста вы?”

(Зданевіч: ) “Я не магу сказаць канкрэтна, не хацеў бы выдзяляць нейкія нязробленыя ўчынкі, але думаю, што можна было і больш зрабіць”.

(Халіп: ) “У студыі быў Лявонці Зданевіч, дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, адзін з тых, каму мы ўсе абавязаныя прынятай Дэклярацыяй аб незалежнасьці. Як прыемна сёньня ўзгадваць той час! Напэўна, чым больш змрочным становіцца дзень сёньняшні, тым больш сьветлым здаецца мінулае...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG