Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“МІЛОШАВІЧ ВЕДАЕ, ШТО Ў РЭШЦЕ РЭШТ ПРАЙГРАЕ, АЛЕ ПАКУЛЬ ЁН МОЖА ВЕСЬЦІ ГОДНУЮ БАРАЦЬБУ”


Юры Дракахруст, Прага

“Interntional Herald Tribune” адзначае, што, нягледзячы на амаль 6 месяцаў працэсу, на допыты дзесяткаў сьведкаў, экспэртаў, былых паплечнікаў Мілошавіча і ацалелых у бойнях альбанцаў абвінавачаньне пакуль ня здолела даказаць самы важны момант – што ў ваенных злачынствах, якія адбываліся ў Косаве ў 1998-1999 гадох, вінаваты асабіста былы прэзыдэнт Югаславіі, што менавіта паводле яго загадаў дзясяткі альбанцаў былі забітыя, а сотні – выгнаныя са сваіх дамоў.

Пытаньне ня ў тым, ці мелі месца гэтыя злачынствы – гэта на працэсе было даказана пераканаўча, а ў працэдурным моманце, на якім стаіць справядлівае правасудзьдзе – у доказах наўпроставай віны канкрэтнай асобы.

У апошні дзень на працэсе быў дапытаны былы кіраўнік югаслаўскіх спэцслужбаў Радэ Маркавіч. Ён быў дастаўлены зь бялградзкай вязьніцы, дзе адбывае зьняволеньне за знішчэньне сакрэтных дакумэнтаў падчас падзеяў кастрычніка 2000 году, калі Мілошавіч быў адхілены ад улады.

“Interntional Herald Tribune” піша, што абвінавачаньне вельмі спадзявалася на паказаньні Маркавіча. Аднак вынік атрымаўся дваістым. Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Айя Кугі, былы кіраўнік югаслаўскай спэцслужбы паведаміў, што падчас косаўскага крызысу ён штодня рабіў справаздачу прэзыдэнту пра дзеяньні войска і паліцыі ў мяцежнай правінцыі. Маркавіч таксама распавёў, што Мілошавіч асабіста разьмяркоўваў сродкі на аплату, як гэта называлася, “антытэрарыстычнай кампаніі супраць Войска вызваленьня Косава”. Такім чынам, ускосна Маркавіч пацьвердзіў, што Мілошавіч як мінімум ведаў, што робяць у Косаве войскі і паліцыя.

Праблема ў тым, што ж ён ведаў. Як адзначае “Interntional Herald Tribune”, калі на працэсе Мілошавіч задаваў пытаньні Маркавічу, апошні вёў сябе, як адданы падначалены. Паводле Маркавіча, ён ніколі не атрымліваў ад былога прэзыдэнта ані загадаў зьнішчаць альбанцаў, ані выганяць іх зь іх дамоў, ані перавозіць целы забітых з Косава ў Сэрбію, каб схаваць сьляды злачынства. Больш за тое, былы шэф югаслаўскай спэцслужбы заявіў, што каля 200 югаслаўскіх паліцэйскіх былі пры Miлошавічы прыцягнутыя да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека ў Косаве.

“Interntional Herald Tribune” прыводзіць меркаваньне прадстаўніка праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Рычарда Дакера, паводле якога паказаньні Маркавіча ня сталі пераканаўчым доказам вінаватасьці Мілошавіча ў ваеных злачынствах.

На думку праваабаронцаў, адным з сур’ёзных доказаў ёсьць паказаньні былога брытанскага пасланьніка на Балканах Пэды Эшдаўна, які распавёў міжнароднаму трыбуналу, што падчас косаўскага крызысу сустракаўся зь Мілошавічам і папярэджваў яго, што калі ён ня спыніць зьверствы югаслаўскага войска ў Косаве, яму будзе прад’яўленае абвінавачаньне ў ваенных злачынствах.

Адной з праблемаў абвінавачаньня ёсьць і стан здароўя былога прэзыдэнта Югаславіі. Ён абараняе сябе сам, упарта адмаўляючыся ад паслугаў адваката. “Я не зьбіраюсь прызначаць адваката на судзе, якога няма”, – кажа Мілошавіч. Аднак непрызнаньне легітымнасьці суду не перашкаджае былому прэзыдэнту Югаславіі выступаць з даўгімі прамовамі-абвінавачаньнямі на адрас NATO і ЗША. Разам з тым, напружаньне працэсу адбіваецца на здароўі 60-гадовага палітыка – лекары лічаць, што яму пагражае інфаркт. “Вашае здароўе – гэта наш галоўны клопат”, – сказаў Мілошавічу судьдзя Патрык Робінсан.

Былы прэзыдэнт Югаславіі працягвае ўдала выкарыстоўваць магчымасьці, якія дае яму справядлівая судовая працэдура, магчымасьці, якіх былі пазбаўленыя забітыя косаўскія альбанцы.

На думку амэрыканскага экспэрта па Балканах Гары Дэмпсы, “Мілошавіч ведае, што ў рэшце рэшт прайграе, але пакуль ён можа весьці годную барацьбу”.
XS
SM
MD
LG