Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦЬ “НАРОДНАЙ ВОЛІ” РАСПАЧАЎСЯ ЧАРГОВЫ СУДОВЫ ПРАЦЭС


Галіна Абакунчык, Менск

Судзьдзі жодзінскага суду Аліна Клус і Ларыса Фраленка патрабуюць абвергнуць факты, надрукаваныя ў артыкуле “Бяспраўе”, і спагнаць матэрыяльную кампэнсацыю па 2,5 мільёна рублёў кожнай з газэты й па 1 мільёне з аўтара артыкула, юрыста Ўладзімера Іванова. Судзьдзя Людміла Грачова, якая вядзе працэс, адмовілася зьняць арышт з рахунку “Народнай Волі”, які быў накладзены больш за месяц таму ў зьвязку зь цяперашнім судом, і перанесла паседжаньне.

Ініцыятарак працэсу абурыла абнародаваньне ў артыкуле “Бяспраўе” фактаў парушэньня заканадаўства, злоўжываньняў і карумпаванасьці, якія, паводле аўтара артыкулу, судзьдзі дапусьцілі падчас разгляду позвы грамадзянкі Жодзіна ў справе выдзяленьня ёй жытла. Але старшыня суду Клус сьцьвярджае, што гэтыя факты не адпавядаюць рэчаіснасьці, а судзьдзя Фраленка заявіла, што карумпаваная яна альбо не, ніхто ня знойдзе доказаў.

Абаронца аўтара артыкулу Алена Папельская заяўляе, што факты ў артыкуле праўдзівыя і абураная ходам паседжаньня. Паводле ейнага перакананьня, суд прыме рашэньне на карысьць сваіх калегаў. Гаворыць Алена Папельская:

(Папельская: ) “Судзьдзя не дае мне магчымасьці ўсебакова й дэтальна гаварыць пра іх беззаконныя дзеяньні. Я думаю, што суд вынесе рашэньне за тую няпраўду, якую яны рабілі ў судах, яшчэ й выплаціць ім грошы”.

Першы дзень паседжаньня высьветліў мноства фактаў, якія патрабуюць дадатковага дасьледаваньня. Таму галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч заклікаў усе бакі не марнаваць час, а знайсьці мірнае вырашэньне інцыдэнту і нават прапанаваў некалькі варыянтаў, аднак заяўніцы не пагадзіліся на гэтую прапанову.

Акрамя таго, судзьдзя Людміла Грачова, якая вядзе працэс, адмовілася зьняць арышт зь пяці мільёнаў рублёў, заблякаваных на рахунку “Народнай Волі” дзеля магчымых выплатаў заяўніц больш за месяц таму. Судовае паседжаньне працягнецца заўтра.
XS
SM
MD
LG