Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЛУЧЭНЬНЕ ПОЛЬШЧЫ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ МОЖА БЫЦЬ КАРЫСНЫМ ДЛЯ ПОЛЬСКА-БЕЛАРУСКІХ ГАНДЛЁВЫХ СТАСУНКАЎ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Галоўнымі тэмамі размоваў з чальцамі беларускай дэлегацыі, у якую уваходзілі прадстаўнікі міністэрства замежных справаў, эканомікі, а таксама некалькіх беларускіх прадпрыемстваў, былі ў асноўным тэхнічныя пытаньні: далейшая рэалізацыя амаль двух дзясяткаў польска-беларускіх гандлёвых дамоўленасьцяў ды фармальны выгляд міждзяржаўных эканамічных стасункаў па далучэньні Польшчы да Эўразьвязу, памеры мытных пошліны, а таксама пытаньні, зьвязаныя з увядзеньнем візавага рэжыму. Паводле ўдзельніка перамоваў з польскага боку, дырэктара Дэпартамэнту замежнаэканамічных стасункаў Міністэрства гаспадаркі Польшчы спадара Тадэўша Ліска, нягледзячы на тое, што частку міждзяржаўных гандлёвых дамоваў трэба будзе прыстасаваць да эўрапейскіх стандартаў, увогуле далучэньне Польшчы да Эўразьвязу будзе карыснае для польска-беларускіх гандлёвых стасункаў. Гаворыць Тадэуш Лісэк:

(Лісэк: ) “Па-першае, па далучэньні Польшчы да Эўразьвязу на нашай мяжы панізіцца мытная пошліна, бо ў Эўразьвязе яна ніжэйшая, чым цяпер у Польшчы. Па-другое, на беларускі экспарт будзе распаўсюджвацца генэральная сыстэма прэфэрэнцыяў, а па-трэцяе, сам факт уваходу беларускіх тавараў на польскі рынак будзе аўтаматычна азначаць тое, што гэтыя тавары змогуць свабодна вандраваць па ўсёй тэрыторыі Эўразьвязу, без дадатковых фармальнасьцяў. Канечне, гэта будзе і пэўным выпрабаваньнем для беларускіх экспарцёраў – беларускія тавары мусяць быць канкурэнтаздольнымі”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат каго зь беларускіх экспарцёраў цікавіць, ці будуць распаўсюджвацца антыдэмпінгавыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца цяпер адносна некаторых беларусіх тавараў у Эўразьвязе, і на Польшчу, па яе далучэньні да Аб’яднанай Эўропы?”

(Лісэк: ) “На жаль, так. Бо мы будзем часткай адзінага гаспадарчага абшару Эўразьвязу і мусім мець такія самыя мытныя пошліны, як і ўсе астанія краіны Аб’яднанай Эўропы. Аднак па пашырэньні Эўразьвяз будзе ўжо іншым, і, магчыма, гэтыя антыдэмпінгавыя сродкі трэба будзе пераглядаць. Можа ў новым, пашыраным, Эўразьвязе яны ўжо не спатрэбяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Лісэк, а як бы вы ацанілі цяперашні стан польска-беларускіх гаспадарчых стасункаў?”

(Лісэк: ) “Калі мы гаворым пра гаспадарчыя стасункі, дык перадусім маем на ўвазе гандаль. І тут Беларусь ёсьць вельмі важнай для нас. Сярод асабліва малых і сярэдніх прадпрыемстваў ёсьць вялікае зацікаўленьне гандлем зь Беларусьсю. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб спрасьціць польскім фірмам экспарт у Беларусь. Што да прысутнасьці польскага капіталу ў Беларусі, дык паводлле нашых падлікаў, там працуе каля 250 польска-беларускіх гандлёва-вытворчых прадпрыемстваў, а каля сотні прадпрыемстваў заснаваныя выключна з удзелам польскага капіталу. Летась паводле гэтых паказьнікаў мы былі ў Беларусі на трэцім месцы пасьля Нямеччыны і Злучаных Штатаў. Канечне, польскі капітал пакуль невялікі, каля 15 мільёнаў даляраў”.

Спадар Лісэк дадаў таксама, што Польшча вельмі зацікаўленая ў далучэньні Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, бо гэта выклікала б паніжэньне беларускай мытнай пошліны для польскіх тавараў.
XS
SM
MD
LG