Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬВЯТАР БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ЦАРКВЫ ІВАН СПАСЮК СУСТРЭЎСЯ СА СЬЛЕДЧЫМ МІЛІЦЫІ


Сяргей Астраўцоў, Гарадзенская вобласьць

Сьвятар Іван Спасюк папрасіў прыехаць сьледчага да яго на кватэру. Пасьля ўчорашніх падзеяў сьвятар адчувае сябе кволым — у нядзелю міліцыя разагнала вернікаў і ўзяла пад ахову царкву ў Пагранічным. Івану Спасюку зрабілася дрэнна, ён нават страціў прытомнасьць. Яго даставілі ў райбальніцу, зрабілі ўколы. Але застацца там ён адмовіўся. Гаворыць Іван Спасюк:

(Спасюк: ) “Мы чакаем прадстаўніка Бераставіцкага РАЎС, нешта ён павінен мне ўручыць, бо плянуецца ўзбуджэньне крымінальнай справы. Што там на будоўлі – на будоўлю людзі не дапускаюцца, усё блякаванае міліцыянтамі, і яны нават не пускаюць людзей паліць кветкі. Толькі ў палацы, дзе мы праводзілі службы, дзяжураць некалькі чалавек, а астатніх людзей я адпусьціў, бо баюся правакацыяў з боку міліцыі.

Матушка наведала цяпер РАЎС, каб перадаць Валерыю Шчукіну перадачу, ёй было адмоўлена – маўляў, перадачы могуць перадаваць толькі самыя блізкія людзі.

Бог, відаць, адняў у іх розум, і яны ня ведаюць, што робяць”.

Бераставіцкі райвыканкам даручыў міліцыі правесьці праверку і распачаць супраць Івана Спасюка крымінальную справу — за самачыннасьць (гэта артыкул 383 Крымінальнага кодэксу). Па словах адваката, які дапамагае сьвятару, у артыкуле гаворыцца аб “самачынным ажыцьцяўленьні свайго сапраўднага або меркаванага права”. Тут можа весьціся аб праве Івана Спасюка весьці на сваёй дзялцы будаўніцтва.

У артыкуле сказана аб прычыненьні істотных стратаў правам і законным інтарэсам грамадзянаў або дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам. На думку адваката, сьвятар не зрабіў нікому рэальнай шкоды — будаваў царкву ён на сваёй зямлі, прычым будаўніцтва нават не закончыў.

На момант перадачы гэтага матэрыялу сустрэча Івана Спасюка са сьледчым не закончылася, і яе падрабязнасьці пакуль невядомыя. Ня выключана, што крымінальная справа супраць сьвятара будзе распачатая неўзабаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG