Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПРАХОДЗІЦЬ “БІТВА ЗА ЎРАДЖАЙ” У СУСЕДЗЯЎ?


Віталь Цыганкоў, Менск

Знайсьці ў расейскай ды ўкраінскай прэсе матэрыялы пра збор ураджаю даволі складана. Інфармацыйнае поле гэтых дзяржаваў запоўненае іншымі навінамі й паведамленьнямі. Прэзыдэнт Расеі не аблятае на верталёце поле “бітвы за ўраджай”, кіраўнік Украіны не праводзіць сэлектарныя нарады на ўборачныя тэмы.

У суседзяў Беларусі калгасна-саўгаснай сыcтэмы даўно не існуе. Пра тое, калі і як адбываліся рэформы ў сельскай гаспадарцы Расеі ды Ўкраіны, нагадвае карэспандэнт расейскай газэты “Крестьянские ведомости” Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) “Рэформы ва Ўкраіне і ў Расеі адбыліся прыкладана ў адзін час — 1991–92 год. Былі разбураныя дастаткова хутка калгасы і саўгасы. Ва Ўкраіне, напрыклад, вельмі добра папрацавалі эканамісты, і было распрацавана 18 арганізацыйна-прававых формаў сельскай гаспадаркі. У прыватнай сялянскай гаспадарцы ты атрымліваеш пэўную колькасьць зямлі, якая вызначаная законам, і працуеш на ёй, як хочаш.

Далі селяніну магчымасьць арганізовўвацца, як ён сам хоча. Хочаш адзін — калі ласка, хочаш з суседам, вуліцай у вёсцы, усёй вёскай — калі ласка. Ад саматужнага селяніна да ўнітарнага прадпрыемства, да буйнога землеўласьніка — кожны можа выбіраць сабе форму ўласнасьці, якую хоча”.

Сваю частку зямлі ў Расеі ды Ўкраіне атрымалі ўсе былыя калгасьнікі. Калі нехта ня мае сілаў альбо жаданьня нешта вырошчваць на сваім кавалку, то ён мае магчымасьць здаць зямлю ў арэнду — і атрымаць пэўны прыбытак.

Якія ж вынікі прынесла рэфармаваньне сельскай гаспадаркі? Зразумела, што першыя пераходныя гады былі ня вельмі лёгкімі. Аднак ужо ў канцы 1990-х рэформы далі плён. Лічбы гавораць самі за сябе. Разьняволіўшы селяніна, Расея зноў, як і ў дакамуністычны час, прадае хлеб іншым краінам.

Напрыклад, летась Расея сабрала 83 мільёны тонаў збожжа і забясьпечыла сабе месца ў дзясятцы ўсясьветных экспартэраў зерня. Ураджайнасьць мінулага году — 18,7 цэнтнэра з гектару — рэкордная за апошнія 40 гадоў. Ва Ўкраіне летась затраты на сяўбу зьнізіліся ў два разы, а Эўразьвяз пастанаўляе закрыць свой рынак ад наплыву таннага ўкраінскага зерня. У цэлым шляхі рэфармаваньня сельскай гаспадаркі суседзяў Беларусі можна падсумаваць наступнай фразай Анатоля Гуляева:

(Гуляеў: ) “Агульны накірунак такі — гэтак званай “калектыўнай уласнасьці” нідзе няма”.
XS
SM
MD
LG