Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДРОБНЫ БІЗНЭС ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ КАСАВЫХ АПАРАТАЎ


Мітхал Стэльмак, Менск

Апоўдні некалькі дзясяткаў прадпрымальнікаў і “зуброўцаў” сабраліся ля ўваходу ў гандлёва-выстаўны цэнтар “Паркінг”. Яны разгарнулі вялізны плякат, на якім было напісана: “Не — парушэньню правоў прадпрымальнікаў” і “Так жыць нельга”.

Пасьля гэтага адразу ж зьявіліся міліцыянты на чале з начальнікам аддзелу аховы грамадзкага парадку Менгарвыканкаму палкоўнікам Вараб’ёвым, які заявіў пра незаконнасьць акцыі:

(Вараб’ёў: ) “Насуперак рашэньню гарвыканкаму вы зьбіраецеся праводзіць нейкі сход. Прапаную вам разысьціся”.

(Прадпрымальніца: ) “А я жыхарка гэтага гораду і маю права таксама тут стаяць. У нас ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суду, якое ўказвае на парушэньне Менгарвыканкаму”.

(Малахаў: ) “Малому бізнэсу гэта не патрэбна. Гэта трэба перадаць у Менгарвыканкам Паўлаву”.

(Міліцыянт: ) “Спыніце парушаць заканадаўства. Паважаныя таварышы, прайдзіце ў парк Дружбы народаў”.

Аднак пікетоўцы не падпарадкаваліся, а сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў у прысутнасьці ўдзельнікаў акцыі перадаў міліцыянтам касавы апарат, які, паводле ягоных словаў, спрычыніўся да сёньняшняга пратэсту.

(Малахаў: ) “Правядзеньне сёньняшняй акцыі выкліканае парушэньнем Менгарвыканкамам прэзыдэнцкага дэкрэту №12. На пачатку лютага Менгарвыканкам і Саўмін прынялі рашэньне, паводле якога прадпрымальнікі мусяць выкарыстоўваць касавыя апараты для прыёму наяўных сродкаў. І гэта выклікала абурэньне прадпрымальнікаў. Гэта стала апошняй кропляй, што перапоўніла чашу цярпеньня прадпрымальнікаў. Таму што дагэтуль зьнішчаліся шапікі ў цэнтры гораду, былі прымусовыя паборы”.

А вось як пракамэнтаваў удзел у сёньняшняй акцыі сяброў руху “Зубр” адзін зь яго лідэраў Цімафей Дранчук:

(Дранчук: ) “Мы прыйшлі сюды, бо выдатна разумеем, чаму душаць зараз прадпрымальнікаў — яны дапамагалі нам у часе выбарчай кампаніі і за гэта ўлады ім помсьцяць. Мы лічым іх адным з самых актыўных слаёў насельніцтва і таму зьбіраемся іх абараняць як зараз, так і ўвосень, калі ня будуць спыненыя супраць іх рэпрэсіі. Будзем разам праводзіць вулічныя акцыі”.

Міліцыянты не адважыліся гвалтоўным чынам спыніць акцыю, якая працягвалася гадзіну. Аднак пры канцы яе Леаніду Малахаву як арганізатару несанкцыянаванага пікету была ўручаная позва. Ён павінен наведаць Савецкі аддзел міліцыі.
XS
SM
MD
LG