Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК АБСЭ КАЖА, ШТО КАНСУЛЬТАЦЫЙНА-НАЗІРАЛЬНАЯ ГРУПА АБСЭ Ў МЕНСКУ НЯ МАЕ ДАСТАТКОВА ПЭРСАНАЛУ


Алесь Грыневіч, Менск

Прэсавы сакратар Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе Кейт Джынкс заявіў сёньня нашаму радыё, што адмова ў памяшканьні для сустрэчаў беларускіх апазыцыйных партыяў не была выкліканая палітычнымі прычынамі.

Паводле словаў Джынкса, Кансультацыйна-назіральная група ў Менску ня мае дастаткова пэрсаналу, і таму яе дзейнасьць вырашылі абмежаваць. Паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў ня трапілі ў абмежаванае кола задачаў КНГ АБСЭ. Гаворыць Кейт Джынкс:

(Джынкс: ) “Склад місіі цяпер вельмі невялікі, і яе функцыі цяпер зьведзеныя да простых адміністрацыйных пытаньняў. А гэта выходзіць за межы адміністрацыйных пытаньняў. Мы цяпер папросту ня маем місіі, якая б паўнавартасна працавала, і таму ўсё зьведзена да адміністрацыйных пытаньняў. І пакуль сытуацыя ня вырашыцца, напэўна, усё застанецца ў такім жа выглядзе”.

Пасьля таго, як у сьнежні мінулага году зь Беларусі зьехаў былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ Ганс-Георг Вік, беларускія ўлады не далі згоды на прызначэньне новага кіраўніка. Выканаўца абавязкаў кіраўніка КНГ Мішэль Рывалье быў вымушаны пакінуць Беларусь у красавіку, бо яму адмовіліся працягнуць беларускую візу. З гэтай жа прычыны на пачатку чэрвеня зь Беларусі зьехаў палітычны дарадца КНГ АБСЭ Эндру Карпэнтэр.
XS
SM
MD
LG