Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМІСІЯ ПА МІЖНАРОДНЫХ СПРАВАХ ПОЛЬСКАГА СОЙМУ ЎХВАЛІЛА ЗАЯВУ Ў СПРАВЕ АСНОЎНЫХ КІРУНКАЎ ПАЛІТЫКІ ПОЛЬШЧЫ АДНОСНА БЕЛАРУСІ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Чальцы Камісіі, а ў яе склад ўваходзяць прадстаўнікі усіх фракцыяў Сойму, ухвалілі заву адзінагалосна, што, паводле аднаго з аўтараў тэксту заявы, дэпутата партыі “Закон і Справядлівасьць “ Марка Юрка ёсьць найлепшым пацьверджаньнем таго, што ўсе палітычныя сілы ў Польшчы аднолькава занепакоеныя сітуацыяй у Беларусі.
Гаворыць спадар Юрэк:

(Юрэк: ) “Гэтая заява ёсьць перадусім выразам нашага сяброўскага стаўленьня да беларускага народу. Мы спадзяемся, што незалежнасьць Беларусі будзе ўзмоцненая, а палітычныя і гаспадарчыя стасункі ўнутры краіны нармалізуюцца і беларусы атрымаюць свабоду, якую маем, мы, палякі. Адначасова гэтай заявай мы абавязалі наш урад, каб ён выступаў у абарону правоў чалавека ў Беларусі. Бо Беларусь – гэта вельмі важная краіна для нас, і яе справы значна бліжэйшыя Польшчы, чымся справы краінаў Заходняй ці Паўднёвай Эўропы”.

Паводле згоднага меркаваньня пераважнай большасьці польскіх палітыкаў, цяперашняя палітычная сітуацыя ў Беларусі не пасуе да Эўропы пачатку ХХІ стагодзьдзя. Гаворыць лідэр парлямэнцкай фракцыі партыі “Закон і справядлівасьць”, былы міністар юстыцыі Польшчы Лех Качыньскі:

(Качыньскі: ) “Сытуацыя ў Беларусі фатальная. У краіне няма дэмакратыі, больш за тое – там прысутнічае палітычны тэрарызм. Зьнікненьні апазыцыйных палітыкаў – найлепшы доказ гэтага. Сытуацыя ў Беларусі цяпер горшая, чым калісьці ў Польскай Народнай Рэспубліцы, нягледзячы на тое, што Менск дэкляруе прыхільнасьць да дэмакратыі. Аднак я ўпэўнены, што з часам яна зьменіцца, бо зьмянілася ва ўсёй Эўропе і Беларусь ня можа доўга быць іншай. Тады, беларускі народ чакае будучыня, зьвязаная з інтэграцыяй у заходнія структуры і раней ці пазьней, гэта дасьць добры вынік”.

Меркаваньні польсікх палітыкаў адносна сітуацыі ў Беларусі знайшлі адлюстраваньне ў тэксьце заявы Камісіі па міжнародных справах.

“Існаваньне ў Беларусі недэмакратычных структураў улады мы ўспрымаем як пагрозу міру і стабільнасьці ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Польская дыпляматыя павінна падтрымліваць намаганьні міжнароднай супольнасьці, скіраваныя на вяртаньне дэмакратычнага ладу, а таксама пашаны да правоў чалавека ў Беларусі. Мы павінны выступаць супраць рэпрэсіяў ў адносінах да апазыцыі, грамадзкіх арганізацыяў і незалежных мэдыяў. Асабівае значэньне мае высьвятленьне лёсу зьніклых палітыкаў, а таксама фактаў, якія сьведчаць аб тым, што гэты арганізаваны гвалт робіцца пры дапамозе альбо са згоды ўладаў. Мы прагнем, каб па выкананьні нашых патрабаваньняў Беларусь вярнулася на міжнародную арэну ў якасьці чальца такіх міжнародных структураў, як Рада Эўропы, АБСЭ і Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя”.

Адначасова Камісія заклікае да гаспадарчага, навуковага ды культурнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю, якое ў будучым будзе фундамэнтам добрых міждзяржаўных стасункаў.

У хуткім часе заява Камісіі Сойму па міжнародных справах будзе перададзеная ў Міністэрства замежных справаў Польшчы, якое абавязанае браць пад увагу патрабаваньні гэтага дакумэнту, ажыцьцяўляючы стасункі з афіцыйным Менскам.
XS
SM
MD
LG