Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІТРАПАЛІТ ФІЛАРЭТ НАВЕДАЎ ВІЛЬНЮ


Тацяна Поклад, Вільня

Патрыяршы эгзарх мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт правёў два дні ў Літве з нагоды сьвята перанясеньня машчэй трох Віленскіх пакутнікаў. Гэтае сьвята адзначаецца 26 ліпеня ў памяць шчасьлівага вяртаньня машчэй трох Віленскіх сьвятых – шанаванай праваслаўнымі сьвятыні, якая была вывезеная перад першай усясьветнай вайной і вернулася ў Віленскі кляштар толькі ў 1946 г. Гэта сьвята Віленскай епархіі, тых праваслаўных, якія пачуваюцца далучанымі да культурнай і духоўнай спадчыны Віленшчыны.

Прыезд мітрапаліта Філарэта ў Вільню быў неспадзяваны, бо і сам мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Хрызастом быў у гэты час ў ад’езьдзе і вярнуўся толькі ў самы дзень сьвяточнай літургіі.

Мітрапаліт Філарэт выказаў жаданьне абмеркаваць пэрспэктывы супрацоўніцтва дзьвюх епархій – Беларусі і Літвы – якія некалі лучыліся ў адну епархію, а таксама правесьці сэмінар ў Вільні аб праваслаўнай адукацыі моладзі, аднак, паколькі візыт ня быў загадзя афіцыйна ўзгоднены, мітрапаліта Філарэта прынялі ў Вільні як праваслаўнага паломніка, хаця і адпаведна яго высокаму духоўнаму сану.

(Настаяцель Сьвята-Мікалаеўскай царквы Віленскай епархіі а. Васіль: ) “Гэта было паломніцтва. Неафіцыйны візыт, па патрэбе сэрца. Гэта нармальна, ад рангу гэта не залежыць – і такая высокая асоба таксама можа мець духоўныя запатрабаваньні.

І ў мінулым годзе сябры брацтва сьвятых віленскіх пакутнікаў сюды прыяжджалі ў паломніцтва, вось гэта ўжо сталася традыцыяй, і мітрапаліт Філарэт, як пачуў, што едзе суполка, таксама выказаў жаданьне прыехаць зь імі. Для нас гэта была падзея – старажылы, пэўна, не прыгадаюць, каб два мітрапаліты ў гэты дзень служылі літургію разам”.

Хаця сьвяточная літургія, якую служылі два мітрапаліты адразу – гэта падзея адметная, неафіцыйны візыт мітрапаліта Філарэта ў Літву не асьвятляўся ў сродках масавай інфармацыі. У канцылярыі мітрапаліта Віленскага і Літоўскага адмовіліся камэнтаваць прыезд мітрапаліта Філарэта, бо візыт быў ўспрыняты як прыватнае паломніцтва. Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт на абедзе пасьля сьвяточнай літургіі прыгадаў, што некалі Беларусь і Віленшчына былі адной праваслаўнай епархіяй і цяпер іх як адну сям’ю лучаць супольныя сьвяты і сьвятыні, якія ня маюць ніякага дачыненьня да Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG