Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКЦЫЯ МАЛАДОГА ФРОНТУ “ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСЫ” СКОНЧЫЛАСЯ ЗАТРЫМАНЬНЕМ ПАЎЛА СЕВЯРЫНЦА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Акцыя Маладога Фронту называлася “Дзень незалежнай прэсы” і была прымеркаваная да 12-х угодкаў прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Мерапрыемства пачалося на палову адзінаццатай раніцы ў штаб-кватэры БНФ, дзе прайшла адмысловая віктарына. Маладыя людзі адказвалі на пытаньні пра недзяржаўныя беларускія мэдыі (іх гісторыю й сучасны стан). Пераможцы атрымалі падпіску на газэты “Наша Ніва” і “День”, а таксама кнігі “Верш на свабоду”, выдадзеныя нашым радыё.

А 12-й гадзіне дня актывісты Маладога Фронту, апранутыя ў белыя і чырвоныя футболкі, што сымбалізавалі бел-чырвона-белы сьцяг, прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску. Гаворыць лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Сёньня, 27 ліпеня, мы праводзім акцыю “Дзень незалежнай прэсы”, таму што 12 гадоў таму была падпісаная Дэклярацыя аб незалежнасьці Беларусі — а адзін з атрыбутаў незалежнасьці нароўні са сьцягам, гербам і гімнам — незалежная прэса”.

Паводле лідэра Маладога Фронту, апошнім часам улады распачалі брутальны наступ на незалежную прэсу (справа Маркевіча і Мажэйкі, крымінальны перасьлед галоўнага рэдактара газэты “Рабочы” Віктара Івашкевіча, арышт рахункаў “Народнай Волі” і г.д.). Маладафронтаўцы лічаць, што напярэдадні мясцовых выбараў Аляксандар Лукашэнка проста баіцца ўплыву незалежных мэдыяў на выбарцаў.

Маладафронтаўцы, да якіх далучыліся й іншыя людзі, расьцягнуліся ланцугом уздоўж Кастрычніцкай плошчы. У руках яны трымалі асобнікі недзяржаўных газэтаў і бел-чырвона-белыя сьцягі. Усяго ў акцыі бралі ўдзел каля 80 чалавек. Удзельнікі ланцугу перакананыя, што падобнымі акцыямі можна прымусіць улады спыніць ціск на недзяржаўныя СМІ.

Гавораць удзельнікі акцыі Касьпяровіч і Лія Кійко:

(Касьпяровіч: ) “На сёньняшні дзень гэта адзіная магчымасьць неяк абараніць незалежную прэсу, бо заявы ў суд не даюць плёну. Сёньня можа мець плён толькі грамадзкая актыўнасьць. На месцы Паўла Мажэйкі і Міколы Маркевіча на сёньняшні дзень можа быць любы журналіст, які крытыкуе ўладу. На маю думку, толькі такія акцыі й могуць прынесьці плён”.

(Кійко: ) “Відаць, сапраўды гэта адзіная мачымасьць. Па праспэкце праяжджае шмат машынаў, і людзі гэта могуць бачыць на ўласныя вочы, што адбываецца зь незалежнай прэсай”.

А вось што сказалі палітык Вячаслаў Сіўчык і журналіст Валеры Шчукін, якія бралі ўдзел у акцыі:

(Сіўчык: ) “Я мусіў падтрымаць акцыю Маладога Фронту, які вырашыў у гэты дзень абараніць недзяржаўную прэсу, бо гэта актуальнае пытаньне. Лічу вельмі добра, што хаця б Малады Фронт сёньня праводзіць акцыю. Тыя, хто мог сёньня выйсьці, яны выйшлі. Шкада, што палітычныя партыі ня выкарысталі гэтую дату, каб правесьці антылукашэнкаўскую вулічную акцыю”.

(Шчукін: ) “Зьніклі палітыкі, зьніклі журналісты, цяпер пачалі зьнікаць незалежныя газэты. А я не хачу, каб яны зьнікалі”.

Іншыя апазыцыйныя партыі сёньня арганізавалі футбольны турнір — Кубак Незалежнасьці прысьвечаны памяці Гянадзя Карпенкі. Ён праходзіць ужо ў шосты раз, і сёлета ў ім удзельнічала 9 камандаў.

На плошчы было нямала міліцыянтаў у цывільным, якімі кіраваў афіцэр гарадзкога аддзелу міліцыі спадар Вераб’ёў:

(Вераб’ёў: ) “Па зварот не зьвярталіся, так самастойна тут сталі, што хочуць — незразумела”.

(Карэспандэнт: ) “А вашыя падначаленыя, што зьбіраюцца — іх разганяць ці якім чынам дзейнічаць?”

(Вераб’ёў ) “Разганяць ніхто не зьбіраецца, калі ня будуць парушаць парадак”.

На плошчы міліцыянты сапраўды нікога не затрымлівалі. Але калі ўдзельнікі акцыі групамі пайшлі да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, у Канстытуцыйны і Вярхоўны суды, пракуратуру ды ў іншыя дзяржаўныя установы, каб перадаць патрабаваньне спыніць перасьлед недзяржаўных СМІ, міліцыя затрымала Паўла Севярынца.

Як паведамілі ў аддзеле міліцыі Цэнтральнага раёну Менску, спадар Севярынец вінаваты ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі й будзе знаходзіцца ў зьняволеньні да панядзелка, калі над ім адбудзецца суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG