Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПЕРАД ВЫБАРАМІ Ў МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ АГП МАБІЛІЗУЕ СВАЕ РЭГІЯНАЛЬНЫЯ СТРУКТУРЫ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Як паведаміў спадар Лябедзька, да канца лета ён мерыцца наведаць усе буйныя прамысловыя цэнтры краіны і сустрэцца з актывістамі сваёй партыі. Дагэтуль кіраўнік АГП ужо наведаў Віцебск і Магілёў; трэцім пунктам яго палітвандроўкі стаўся Полацак.

Полацкая гарадзкая арганізацыя АГП была створаная ў сьнежні летась і налічвае больш як 30 актыўных чальцоў. Паводле спадара Лябедзькі, кіраўніцтва партыі ўскладае на тамтэйшую партыйную структуру вялікія спадзяваньні і перакананае, што яна здолее правесьці сваіх дэпутатаў у гарадзкі савет. Такім чынам, кіраўніком партыі была сфармуляваная актуальная задача: пошук канкурэнтназдольных кандыдатаў у дэпутаты, а таксама вылучэньне сваіх людзей у выбарчыя камісіі на ўсіх 35-цёх выбарчых участках.

Па сьведчаньні намесьніка старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімера Высоцкага, полацкія аб’яднаныя грамадзяне зьбіраюцца ісьці на выбары агульным фронтам зь іншымі дэмакратамі, і з гэтай нагоды бяруць на сябе функцыю лякаматываў інтэграцыйных працэсаў паміж дэмакратычнымі партыямі і грамадзкімі рухамі ў рэгіёне.
XS
SM
MD
LG