Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУРАПАТАХ ЛЯ КРЫЖА ПАКУТЫ НА МЕСЦЫ, ДЗЕ БУДАЎНІКІ ВЫКАПАЛІ ТРАНШЭЮ, АКТЫВІСТКІ КХП БНФ ПАСАДЗІЛІ КВЕТКІ


Ганна Соусь, Менск

На пляцоўцы ля Крыжа Пакуты дагэтуль бачныя сьляды экскаватара — як сьведчаньне падзеяў гэтага тыдня, калі будаўнікі спрабавалі пракласьці водны калектар праз Курапаты. Траншэя цяпер цалкам засыпаная. Актывісткі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ пасадзілі на гэтым месцы кветкі. Дарэчы, неўзабаве яны зьбіраюцца зрабіць вялікую клюмбу ля Крыжа Пакуты.

Актывіст партыі Ўладзімер Юхо штодня прыходзіць у Курапаты. Ён праводзіць пэўныя паралелі паміж пракладкай трубы праз урочышча й адным з твораў Васіля Быкава:

(Юхо: ) "Узгадваю інтэрвію, якое даваў расейскамоўны пісьменьнік Эдуард Скобелеў. Ён сказаў, што Васіль Быкаў не знайшоў другой тэмы, акрамя нейкай трубы, у якую заварылі рабочага пры пракладцы газаправоду. Якраз вельмі актуальная тэма ў Васіля Быкава пра трубу і будаўніцтва. У Курапатах таксама засыпаецца памяць пра нашых продкаў. Хочуць ня толькі засыпаць, але й затапіць гэтае месца, каб яго не было. Але я думаю, што гэта ўжо ім не ўдасца”.

У Курапатах я сустрэла Ўладзімера Сабяшчука, які жыве блізу ўрочышча. Ягоных дзядькоў расстралялі ў сталінскі час, дагэтуль невядома дзе, магчыма ў Курапатах, мяркуе спадар Уладзімер. Сёлета ён паставіў некалькі крыжоў у Курапатах па сваіх сваяках. Уладзімер Сабяшчук узгадвае падзеі свайго дзяцінства:

(Сабяшчук: ) “Калісьці я быў у дзіцячым доме, у чацьвертай клясе. І нас вывезьлі сюды на лецішча. Тут шмат было ягадаў, мы іх зьбіралі, елі. Але вось тут на пагорку мясцовыя жыхары нам забаранялі зьбіраць ягады. Казалі, што тут людзі ляжаць, і грэх зьбіраць ягады”.

За падзеямі мінулага тыдня, калі ішло супрацьстаяньне вакол калектару, пільна сачылі будаўнікі з Заслаўя, якія працуюць на другім баку дарогі. Гаворыць будаўнік Яўген:

(Яўген: ) “Раней трэба было думаць. Але яны абралі такі час для работ, калі нікога няма. А чацьвертай гадзіне пачалі, як мы бачылі. Потым глядзім, адная бабулька бяжыць, потым мужчына, і спынілі гэта. Самі будаўнікі не вінаватыя, цэлая брыгада тут два дні сядзела. Прыехалі з другой вобласьці зарабіць, а тут такія справы”.

Ягоную думку працягвае экскаватаршчык Міхаіл:

(Міхаіл: ) “На нашых вачах усё адбывалася”.

(Карэспандэнтка: ) “А Вы на чыім баку былі?”

(Міхаіл: ) “На баку гэтых людзей. Нават рыдлёўку ім далі. І бабулькі, між іншым, баранілі гэтае месца. Цяжка глядзець на гэта. Дзікунства. І так рабіць як яны, пасьля працы, па-бандыцку, як зладзеі...”

(Карэспандэнтка: ) “А як вашая сям’я ставіцца да таго, што Вы тут у Курапатах працуеце?”

(Міхаіл: ) “Хочуць, каб хутчэй адсюль мяне забралі”.

Да гэтага дадам, што сёньня ў Курапатах адбылася ўжо традыцыйная талака, якую правялі сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.
XS
SM
MD
LG