Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭР ТУРКМЭНІСТАНУ КЛАПОЦІЦЦА ПРА “ДАКЛАДНАЕ ІНФАРМАВАНЬНЕ НАСЕЛЬНІЦТВА” БОЛЬШ ЗА ЛУКАШЭНКУ


Натальля Судлянкова, Прага

Туркмэнбашы Сапармурат Ніязаў выказаў занепакоенасьць выглядам гарадоў. На ягоную думку, талеркі сатэлітнага тэлебачаньня брыдка выглядаюць на сьценах дамоў сталіцы Туркмэністану Ашгабаду. І распарадзіўся па ўсёй краіне іх паздымаць.

Месяц таму туркмэнбашы выказаў занепакоенасьць інфармацыйным забесьпячэньнем насельніцтва сваёй краіны. На адным з паседжаньняў кабінэту міністраў Сапармурат Ніязаў заклікаў афіцыйныя асобы праявіць болей увагі да кабэльнага тэлебачаньня.

“Мне сталася вядома наконт кабэльнага тэлебачаньня. Людзі хочуць бачыць больш тэлевізійных каналаў і шмат хто хоча атрымліваць больш інфармацыі аб падзеях у сьвеце. Гэта не забаронена. Але мясцовыя і рэгіянальныя ўлады, а таксама ўлады ў правінцыях ні ў якім выпадку ня могуць дапусьціць парушэньняў закону”.

Што такое парушэньне закону па-туркмэнску? Людзі прыстасоўваюць спутнікавыя талеркі на дахі будынкаў і пускаюць 13 каналаў на цэлы дом. Гэтая паслуга каштуе 50 тысячаў манатаў – каля двух даляраў на месяц.

“Прынесьці антэну і дамовіцца з жыхарамі, каб далучыць іх да кабэлю, а потым атрымліваць за гэта грошы – гэта супраць закону. Калі дапусьціць, каб гэта працягвалася і заўтра, яны будуць рабіць, што ім толькі захочацца”.

Нездарма ў сваёй кнізе “Вялікая шахматная дошка” Зьбігнеў Бжэзінскі параўноўваў Беларусь з Туркмэністанам. У размове з карэспандэнтам ІТАР-ТАСС Сапармурат Ніязаў паскардзіўся, што расейскія тэлеканалы, якія перадаюцца праз спадарожнікавае тэлебачаньне, маюць перадузяты погляд на Туркмэністан, які скажае рэальнасьць. Жыхары Беларусі ўжо нешта падобнае чулі не адзін раз.
Але туркмэнбашы праяўляе больш, чым беларускі прэзыдэнт, вынаходніцтва і цьвёрдасьці ў імкненьні забясьпечыць дакладнае інфармаваньне насельніцтва сваёй краіны аб падзеях у сьвеце.

“Замежныя сродкі масавай інфармацыі не разумеюць, што ў нас адбываецца, як мы працуем, як жывем. Таму я вырашыў стварыць ва ўрадзе прэзыдэнта службу міжнародных навінаў. Гэтая служба будзе даваць інфармацыю замежным СМІ і атрымліваць інфармацыю аб тым, што па-за межамі нашае краіны пішацца аб Туркмэністане”.

У выніку ўжо зараз дзяржаўныя газэты “Туркмэністан” і “Нэўтральны Туркмэністан” друкуюць адцэнзураваныя вэрсіі замежных паведамленьняў аб краіне. Шэраг гэтых паведамленьняў абмяжоўваецца пытаньнямі вакол газу, ураджаю зерня, гандлю і тэлефонных размоваў Ніязава зь лідэрамі краінаў сьвету.

Ад моманту набыцьця незалежнасьці ў 1991 годзе расейскія тэлеканалы трансьлююцца з адтэрміноўкай на 24 гадзіны. Менавіта столькі часу трэба цэнзарам, каб адкарэктаваць перадачы.

У Туркмэністане ёсьць толькі адзін інтэрнэт-правайдэр зь ліцэнзіяй – Міністэрства сувязі. Распаўсюджваньне газэтаў зь іншых краінаў дазваляецца толькі ў пяцізоркавых гатэлях, дзе жывуць замежнікі.

На туркмэнскай мяжы друкаваныя матэрыялы скануюцца. Калі памежнікі лічаць, што гэтыя дакумэнты могуць нейкім чынам нанесьці шкоду ўраду, яны канфіскуюцца.

Туркмэністан, відавочна, у пэўным сэнсе апераджае Беларусь. Гэта выцякае з размовы са спадаром Андрэем Івановым, які кіруе фірмай “Адкрыты кантакт”. Гэта, бадай, самы буйны на Беларусі правайдэр інтэрнэтаўскіх паслугаў.

Як паведаміў спадар Іваноў, дзяржава на Беларусі, безумоўна, зьяўляецца ў пэўным сэнсе манапалістам. У першую чаргу, дзяржава выдае ліцэнзіі на прадстаўленьне правайдэрскіх паслугаў. Па-другое – і гэта найбольш важна, – дзяржава ўтрымлівае манаполію на зьнешнія каналы сувязі. Такім чынам, патэнцыйны жадаючы прыняць удзел у разьвіцьці рынку сучасных тэлекамунікацыяў можа прыйсьці толькі ў Міністэрства сувязі. І дзяржава, такім чынам, мае магчымасьць утрымліваць пэўны ўзровень кошту паслугаў. У дадзены момант, на думку спадара Іванова, гэты ўзровень відавочна завышаны.

Больш за тое, Міністэрства сувязі адначасова само прадстаўляе паслугі інтэрнэт-правайдэру. Аднак, што цікава, гэта не зрабіла іхныя цэны больш нізкімі, чым у іншых кампаніях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG