Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Праскі акцэнт”. 28 ліпеня

Адмова расейкай кампаніі “Захадтранснафтапрадукт” у рэгістрацыі на тэрыторыі Беларусі сталася працягам канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Крамлём. Некаторыя расейскія мэдыі нават пачалі называць Аляксандра Лукашэнку “бацькам беларускай незалежнасьці”.

Ці сапраўды цяперашні кіраўнік беларускай дзяржавы бароніць яе нацыянальныя інтарэсы? Ці ўмацавалася незалежнасьць Беларусі цягам апошніх дзесяці гадоў?. Што ўкладаецца ў само паняцьце незалежнасьці? І нарэшце, ці можна пабудаваць незалежную Беларусь зьверху – без удзелу беларускага народу?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом “Праскага акцэнту” намесьнік старшыні БНФ прафэсар Юры Хадыка і галоўны рэдактар тыднёвіка “Наша Ніва” Андрэй Дынько.


“Вольная студыя”. 28 ліпеня

Карабель пад назвай "Саюз пісьменьнікаў", 1934 году выпуску, нягледзячы на намаганьні беларускіх уладаў і пэўнай часткі каманды, ня хоча ісьці на дно. Аднак і астатняя частка каманды можа ўзбунтавацца – адразу тры народныя пісьменьнікі публічна выказалі сваё незадавальненьне дзейнасьцю тых, хто стаіць на капітанскім мастку. Відавочна, што пісьменьніцкая суполка павінна быць хуткім часам рэфармаваная. Магчымы й падзел – няздары, паклёпнікі ды сэксоты створаць свой саюз, а таленавітыя ды сумленныя – свой. Гутарку Міхася Скоблы са старшынёй Рады Саюзу пісьменьнікаў Вольгай Іпатавай слухайце ў нядзельнай "Вольнай студыі".


“Сымбаль веры”. 27 ліпеня

Адноснае разьняволеньне цэркваў, якое наступіла ў Беларусі ў канцы 1980-х гадоў, зрабіла магчымым будаўніцтва новых храмаў. За апошнія 10 гадоў у краіне пабудаваныя дзясяткі новых цэркваў і касьцёлаў. Ну а дзе новыя храмы, там і новыя абразы, новая скульптура, гэта значыць новае рэлігійнае мастацтва. І вось пытаньне – якое яно? Ці радуюць вока беларусаў гэтыя новыя касьцёлы і цэрквы, ці дапаўняюць яны натуральным чынам беларускі пэйзаж, ці працягваюць яны беларускія традыцыі ў сакральнай архітэктуры і жывапісе і ці трэба гэтыя традыцыі працягваць? Гэтыя пытаньні ў чарговым выпуску «Сымбаля Веры» абмяркоўваюць Алесь Пушкін, Валяр'ян Янушкевіч і Сяргей Харэўскі. Вядзе перадачу Сяргей Абламейка.


“Нядзельны літаратурны круглы стол”. 28 ліпеня

З панядзелка, 29 ліпеня, у нашым эфіры будуць гучаць фрагмэнты твораў з рэдакцыйнага архіву часопісу “Маладосць”. Напярэдадні былы галоўны рэдактар “Маладосці” Генрых Далідовіч і ягоны таксама звольнены намесьнік Казімір Камейша распавядаюць пра ранейшыя набыткі выданьня і цяперашнія страты.

Нагадаем, што менавіта за часы рэдактарства спадара Далідовіча ў часопісе “Маладосць” упершыню былі надрукаваныя творы, якія сталі бэстсэлерамі беларускае літаратуры. Гэта гістарычныя нарысы Міколы Ермаловіча і “Споведзь” Ларысы Геніюш. Праграму падрыхтавала і вядзе Валянціна Аксак.
XS
SM
MD
LG