Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЫ ЗРАБІЛІ СПРОБУ РАЗБУРЫЦЬ ПЕРШЫ Ў БЕЛАРУСІ ХРАМ БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня раніцай да царквы ў Пагранічным прыбылі намесьнікі старшыні Бераставіцкага райвыканкаму Дуцько і Ганчарова, прыбыла міліцыя, а таксама два аўтакраны і кампрэсар — для разбурэньня храму. З райцэнтру прывезьлі рабочых, але яны адмовіліся руйнаваць царкву.

У пасёлку дзяжурылі дзьве машыны з АМОНам. Каля царквы міліцыя затрымала трох чалавек, сярод іх двух журналістаў: Валерыя Шчукіна з “Народнай Волі” і Андрэя Пачобута з “Глоса з-над Немна”.

Вернікі выйшлі з абразамі й не падпускалі міліцыянтаў. Супрацьстаяньне працягвалася некалькі гадзінаў. Навокал сабраліся дзясяткі мясцовых жыхароў, пераважна мужчыны. Яны адназгодна асуджалі дзеяньні ўладаў.

Гаворыць жыхар Пагранічнага:

(Спадар: ) “Крыўдна, што за добрую справу з чалавека гэтак зьдзекуюцца. Каб ён будаваў штось кепскае. Які наркадом, ці для п’янкі што. А то — адное сьвятое месца і такія ганеньні. За што? Крыўдна. Ніхто ж сюды сілай ня гоніць. Чаму такая “свабода веравызнаньня”? Дзіка проста”.

Жыхароў абурае, што ўлады пераабсталявалі ў царкву сталоўку, каб людзі не хадзілі да Спасюка. Прымусілі мясцовых адпрацаваць па тры дні на гэтай царкве. Улады давалі тэхніку і грошы. А тут чалавек сам будуе, а яму перашкаджаюць. Гаворыць адна з прыхажанак:

(Спадарыня: ) “Яны параіліся, паглядзелі, што мы настроеныя не адступаць. Будзем класьціся пад трактар. Гэтыя хлопцы не хацелі ісьці, сказалі — нас паслалі. Мы разумеем. Мусіць, Бог іхны розум трохі прасьвяціў, сталі жанчыны хрысьціць іх. Яны параіліся і сказалі — да рашэньня аблвыканкаму прыпынілі справу”.

Усе згаджаліся, што каб ня сьмеласьць прыхаджанаў, улады пачалі б разбураць царкву. Гаворыць айцец Іван Спасюк:

(Спасюк: ) “Моладзь была гатовая ісьці на ўсё. Моладзь сябе прыкавала ланцугамі да царкоўных калёнаў. Жанчыны-прыхажанкі былі гатовыя класьціся пад колы. Сёньня за ноч вакол царквы зьявілілся барыкады. Канфлікт вырашыўся, але не да канца. Спадарыня Ганчарова сказала: усё роўна тут нічога ня будзе”.

Тым ня менш, Іван Спасюк спадзяецца, што ўдасца правесьці першае набажэнства. Мясцовыя жыхары памятаюць, як у савецкі час разбурылі царкву ў суседняй вёсцы. Усе ўдзельнікі кепска скончылі — хто ўтапіўся, хто заўчасна памёр або стаў інвалідам. Гэтую гісторыю мне расказвалі некалькі чалавек.
XS
SM
MD
LG