Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВЫ ЯШЧЭ БУДЗЕЦЕ ЎСКЛАДАЦЬ КВЕТКІ ДА ПОМНІКА ЛУКАШЭНКУ”


Валянцін Жданко, Менск

Лісты прыхільнікаў цяперашняй улады займаюць у нашай пошце ня надта значнае месца. Тым ня менш, час ад часу яны зьяўляюцца і сьведчаць пра тое, што сярод гэтых людзей нямала тых, хто вельмі пільна сочыць за перадачамі Беларускай Свабоды. І часам дае вельмі своеасаблівае тлумачэньне тым падзеям, пра якія даведваецца з нашага радыё. Вось які ліст атрымалі мы днямі ад Паўла Лупсякова з Магілёва:

“На Лукашэнку сёньня нападаюць з усіх бакоў — і з Захаду, і з Усходу — з Масквы, якая прадалася Захаду. Наша сінявокая Беларусь засталася адна ў гэтым бязьлітасным сьвеце капіталу і нажывы. Калі б вы, нацыяналісты, сапраўды думалі пра незалежнасьць Беларусі — то павінныя былі б аб’яднацца вакол прэзыдэнта і ўсяляк дапамагаць яму ў барацьбе з ворагамі незалежнасьці.

Аляксандар Лукашэнка назаўсёды ўпісаў сваё імя ў гісторыю Беларусі як першы прэзыдэнт незалежнай дзяржавы, які насуперак усім намаганьням (як з Захаду, так і з Усходу) абараніў незалежнасьць і перадасьць яе нашчадкам. Калі-небудзь на плошчы Незалежнасьці ў Менску насупраць помніка Леніну абавязкова будзе стаяць помнік першаму прэзыдэнту. І вы яшчэ панесяце кветкі да гэтага помніка”.

Усе восем гадоў, што Аляксандар Лукашэнка пры ўладзе, ён вядзе зацяжную кампанію інтэграцыі з Расеяй. Наколькі спалучальная гэтая інтэграцыя з ідэямі незалежнасьці? Аляксандар Лукашэнка ніколі ня ўтойваў, што быў супраць распаду Савецкага Саюзу, што ён імкнецца аднавіць саюз у новым выглядзе. Зь ягоных вуснаў ня раз гучалі грэблівыя і прыніжальныя выказваньні пра незалежнасьць і пра тых, хто яе адстойвае.

Кампанія інтэграцыі, аднак, прынесла зусім ня той плён, на які разьлічвалі яе пачынальнікі. І сёньня, сапраўды, выглядае зусім верагодным паступовы вымушаны пераход Лукашэнкі на пазыцыі прыхільніка незалежнасьці Беларусі. Але гэта зусім не азначае, спадар Лупсякоў, што можна перапісаць, перагледзець, забыць усю папярэднюю гісторыю — маршы Свабоды за незалежнасьць супраць саюзу з Расеяй, якія гвалтам разганяла ўлада ў сярэдзіне і ў канцы 90-х; забарону нацыянальнай і аднаўленьне савецкай дзяржаўнай сымболікі; разгон дэмакратычна абранага парлямэнту.

А тое, каму будзе ўсталяваны помнік на плошчы Незалежнасьці, і ці застанецца на гэтай плошчы помнік Леніну — вырашаць, відавочна, наступныя пакаленьні, якія здолеюць аб’ектыўна ацаніць найноўшую айчынную гісторыю.

Слухачы працягваюць дыскусію, распачатую некалькі тыдняў таму Ільлём Копылам зь Менску — пра мову нашых перадачаў, пра тое, ці варта перакладаць на беларускую мову інтэрвію з расейскамоўнымі суразмоўцамі. Чэслаў Хвайніцкі са Смаргоні з гэтай нагоды піша:

“Кожны жыхар Беларусі павінен разумець дзяржаўную беларускую мову і, у залежнасьці ад узроўню свайго інтэлекту, валодаць ёй. Ня лічаць патрэбным ведаць мову толькі рознага кшталту прыблуды, іхныя паслугачы, а таксама ўсе савецкія манкурты. Для іх беларускі народ — частка расейскага сьвету, а Беларусь — расейская правінцыя. Дзеля гэтага яны і праводзяць татальную русіфікацыю.

Адна з частак іхнага пляну — увядзеньне так званага “двухмоўя”, якое ў сапраўднасьці ёсьць поўным удушэньнем усяго беларускага. Няма мовы — няма нацыі. А няма нацыі — няма і дзяржавы.

Многія нацыянальна сьведамыя беларусы, а найперш беларусы замежжа, слухаюць Беларускую Свабоду ня толькі таму, што на Свабодзе больш-менш аб’ектыўна паведамляецца пра падзеі і факты, а і таму, што перадачы вядуцца менавіта на сваёй роднай мове, а не на расейскай. Апошняя для многіх асацыюецца з пазбаўленьнем нашага народу прыватнай уласнасьці, са зьнішчэньнем бальшавікамі беларускай нацыянальнай эліты. А ў тых слухачоў, лёс якіх так ці інакш скалечаны савецкім таталітарызмам, любая расейшчына выклікае агіду, і нават алергію”, — напісаў Чэслаў Хвайніцкі са Смаргоні.

На гэтую ж тэму — рэпліка Мікалая Вязьміна зь Менску:

“Я супраць двухмоўя на Беларускай Свабодзе, хоць сам пішу па-расейску. Усё ж на беларускім радыё павінна гучаць пераважна беларускае слова. Рэйтынг вы можаце ўзьняць, і не адмаўляючыся ад беларускай мовы. Асабліва калі ў вас зьявяцца больш цікавыя і больш зьмястоўныя перадачы. Ня трэба абмяжоўвацца аднымі і тымі ж асобамі — гэта набівае аскоміну. Знайдзіце свой асабісты стыль, больш назірайце жыцьцё, шукайце, і вашыя героі зьявяцца разам з вамі.

Хоць, вядома, калі вы лічыце, што двухмоўе дабавіць вам рэйтынгу — то апошняе рашэньне за вамі. Але я мяркую, што ў гэтым выпадку вы можаце памыліцца”.

Мы ўдзячныя слухачам за выказаныя прапановы і пажаданьні. Праблема палягае ў тым, што значная частка нашых суразмоўцаў — экспэрты, палітыкі, службовыя асобы — меркаваньні якіх важныя і цікавыя для шырокай аўдыторыі, на жаль, не валодаюць беларускай мовай. Ці варта перакладаць іхныя маналёгі, зважаючы на тое, што пераважная бальшыня жыхароў Беларусі добра разумее па-расейску? Дыскусію на гэтую тэму мы працягваем.

Мікалай Невядомскі зь Менску даслаў чарговы ліст, у якім піша:

“Чамусьці Радыё Свабода перастала паведамляць пра акцыі тых, хто не забывае пра Захаранку, Ганчара, Красоўскага, Завадзкага... Мушу адзначыць, што пры асьвятленьні дзейнасьці апазыцыі ў вас адбыліся пэўныя зьмены.

Калі раней ваш аглядальнік Карбалевіч і ягоныя экспэрты Класкоўскі і Падгол усе разам утрох нападалі на апазыцыю, то цяпер самі Карбалевіч і Цыганкоў ужо наўпрост на апазыцыю не нападаюць. А калі даюць слова такім відавочным лукашыстам, як Падгол і Класкоўскі, то потым даюць магчымасьць запярэчыць ім і дзеячам апазыцыі.

Я слухаю Беларускую Свабоду штодня, і абсалютна ўпэўнены, што Класкоўскі і Падгол — ворагі дэмакратычнай апазыцыі. Дастаткова паслухаць любыя іхныя цьверджаньні — хоць яны, канечне, і хітрыя, закамуфляваныя.

Я ня згодны, што апазыцыя ў нас слабая. Яна робіць усё, што магчыма ва ўмовах дыктатуры. І я ведаю шмат людзей, якія падтрымліваюць апазыцыю, але баяцца выходзіць на яе акцыі. Толькі сумленныя выбары могуць паказаць сілу альбо слабасьць апазыцыі”.

Тое, што нехта з аналітыкаў не пагаджаецца з прызнанымі дэмакратычнымі лідэрамі, крытыкуе іхную тактыку, разважае пра іхныя пралікі — зусім ня значыць, спадар Мікалай, што гэты аналітык — вораг дэмакратыі, агент спэцслужбаў і найміт рэжыму. Дэмакратыя тым і адрозьніваецца ад таталітарнага ладу, што пабудаваная на разнастайнасьці пазыцыяў і меркаваньняў, якія кожны вольны публічна адстойваць, не баючыся перасьледу.

Што да грамадзкіх пратэстаў тых, хто нагадвае пра лёс зьніклых беларускіх палітыкаў і журналістаў, то мы заўсёды паведамляем пра іх, спадар Мікалай, і па-ранейшаму пільна сочым за гэтай тэмай.

На заканчэньне — ліст ад нашага сталага слухача і аўтара Алеся Марціновіча з Баранавічаў:

“На 90% у Беларусі жыве руска-постсавецкае насельніцтва. А сварка Лукашэнкі і Пуціна — гэта сварка двух постсавецкіх і эўразійскіх дыктатараў. Рэжым у Расеі (а тым больш рэжым у Менску) ва ўсіх аспэктах жыцьця мала падобныя на Эўропу і ЗША. І куды Лукашэнка можа ўцячы ад Пуціна?

Ды і для большасьці беларусаў Пуцін сёньня — гэта зусім не ГКЧП для прыбалтаў у 1991 годзе. Пуцін не зацікаўлены ва ўсталяваньні ў Беларусі сыстэмы ўлады кшталту, напрыклад, латвійскай.

Сутнасьць эўразійска-азіёпска-постсавецкіх рэжымаў ад Менску і Масквы да Баку і Душанбэ — у ардынскім спосабе кіраваньня, які краіны Балтыі і Цэнтральнай Эўропы здолелі выкараніць за 10–12 гадоў. Любыя законы Эўразьвязу у гэтай прасторы непрымяняльныя, яны не закладзеныя ў глыбока неэўрапейскім мэнталітэце насельніцтва і ягонай эліты.

І колькі б група Вітушкі ў Курапатах ні зімавала, але і праз 20 гадоў большасьць насельніцтва з прычыны сваёй інэртнасьці не адвернецца ад Расеі, ня возьме за мадэль Фінляндыю і не ператворыць краіну ў разьвітую дэмакратыю”.

Цьверджаньне пра “глыбока неэўрапейскі мэнталітэт” беларускага насельніцтва, на маю думку, спадар Марціновіч, несправядлівае. Мэнталітэт нацыі складваецца стагодзьдзямі. А на працягу апошняга тысячагодзьдзя беларусы толькі дзьвесьце апошніх гадоў вымушаныя былі жыць у складзе расейскай (пазьней — савецкай) імпэрыі. Астатні гістарычны досьвед — гэта досьвед жыцьця ў Эўропе, у адной дзяржаве з палякамі і літоўцамі, у цесных дачыненьнях зь іншымі эўрапейскімі нацыямі.

Няма таго непераадольнага цывілізацыйнага і мэнтальнага бар’еру паміж беларусамі й насельнікамі іншых краінаў Усходняй Эўропы, пра які вы, спадар Марціновіч, пішаце. Іншая рэч — палітычны рэжым. Але ягоная зьнешняя трываласьць і даўгавечнасьць, як сьведчыць нядаўняя савецкая гісторыя — часта ўяная.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG