Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗА ХУЛІГАНСТВА ЗАТРЫМАНЫ РАСЕЙСКІ ДЫПЛЯМАТ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Супрацоўнік амбасады Расеі 33-гадовы Эльдар Султанаў адпачываў учора ўвечары ў летняй кавярні каля крамы "Ўзвышша" на менскім праспэкце Скарыны. Там ён прысеў за столік да кампаніі маладых людзей – Віталя Ўмрэйкі, ягонай дзяўчыны й Рамана Шкора.

Хлопцы сьцьвярджаюць, што расейскі дыплямат быў на моцным падпітку і пачаў хваліцца сваёй пасадай ды паказваць дакумэнты, дзе было запісана, што Эльдар Султанаў ёсьць другім сакратаром расейскай амбасады. Пасьля Султанаў пачаў прапаноўваць Умрэйку грошы, каб той аддаў яму сваю дзяўчыну. Паміж імі завязалася спрэчка, якая фактычна перарасла ў бойку. Эльдар Султанаў накінуўся на Віталя Ўмрэйку.

Што было далей – распавядае сьведка здарэньня Раман Шкор:

(Шкор: ) "Віталь Умрэйка пачаў ад яго ўцякаць. Ён бег за Віталём па праспэкце Скарыны да Нацыянальнага банку, а на перакрыжаваньні вуліцы Леніна з праспэктам Скарыны зваліўся ў пераход".

Побач праходзіў міліцэйскі патруль, які затрымаў Эльдара Султанава. Сьведкі сьцьвярджаюць, што спадар Султанаў супраціўляўся міліцыянтам, і тыя нават былі вымушаныя ўжыць спэцсродкі. У дзяжурнай частцы гарадзкога аддзелу міліцыі №1 нашаму Радыё паведамілі:

(Дзяжурны:) "Так, быў ён у нас. Вызвалены й перададзены прадстаўнікам амбасады Расеі. Быў затрыманы ў 21.45 у п'яным выглядзе па вуліцы Леніна 9. Дробнае хуліганства. Але быў выкліканы прадстаўнік амбасады Расеі й яго вызвалілі".

Часовы павераны Расеі ў Беларусі Вячаслаў Каваленка сьцьвярджае, што ніякага падобнага здарэньня не было:

(Каваленка: ) "Гэта нейкія злыя языкі вам гавораць. Адчулі пах смажанага й спрабуеце разьдзьмуць гэтую справу. Я вас адразу папярэджваю, ня трэба гэтага рабіць. Ніякага такога выпадку не было – гэта нейкія інсынуацыі. Калі вы ў будучыні хочаце падтрымліваць з амбасадай добрыя й шчыльныя адносіны й зьвяртацца па падтрымку, я вас прашу ня ўдзельнічаць у гэтай кампаніі".

Пры гэтым кіраўнік расейскай амбасады адмовіўся паведамляць, ці працуе ў штаце іхнага дыпляматычнага прадстаўніцтва чалавек з прозьвішчам Султанаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG