Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫЯ АХВЯРЫ Ў БІТВЕ ЗА ЎРАДЖАЙ


Валер Каліноўскі, Менск

На сёньняшняй рэспубліканскай сэлектарнай нарадзе адзін з прэзыдэнцкіх упаўнаважаных Генадзь Нявыглас паведаміў пра гібель дзіцяці на таку ў Лагойскім раёне – з прычыны парушэньняў правілаў бяспекі. У Стаўбцоўскім раёне згарэла 125 гектараў пшаніцы – вінаватыя знойдзеныя, вядзецца следзтва. У іншых месцах былі злоўленыя за рулём п'яныя кіраўнікі калгасаў. Такім чынам вядзецца актыўная барацьба са злачыннасьцю, якая суправаджае жніво. Вось як загадаў А.Лукашэнка абыходзіцца са "злодзеямі і прайдзісьветамі":

(Лукашэнка: ) “Неадкладна на месцы арыштоўваць і разьбірацца па ўсёй строгасьці закону”.

Адмыслова арганізаваная і прапагандысцкая кампанія ў дзяржаўнай прэсе, накіраваная на актывізацыю ўборачных работ, пра што паведаміў міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны. Калі ж тут замінае незалежная прэса, то А.Лукашэнка загадаў Падгайнаму "прыводзіць да пачуцьця апазыцыйную шалуху, забараніць ім зьдзек зь людзей, якія кормяць гэтых нягоднікаў".

Дасталося і міністрам ды кіраўнікам вэртыкалі. Калі міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіл Русы паспрабаваў давесьці прагнозы навукоўцаў, што сёлета ня будзе сабрана 6 мільёнаў тон збожжа, А.Лукашэнка прыгразіў таму адстаўкай. Між тым Міхаіл Русы даводзіў, што ўсе даручэньні А.Лукашэнкі старанна выконваюцца: на ўборку мабілізаваныя ўсе сілы – больш як 5000 гарадзкіх мэханізатараў, трыста вайскоўцаў, камбайнавыя заводы ў Лідзе і Гомелі пастаўляюць сваю тэхніку ў калгасы проста з канвэера. Прычым загады Лукашэнкі на пастаўкі тэхнікі выконваюцца нягледзячы на тое, што грошай на гэта часам няма. Кіраўніцтва краіны прымушае бізнэсоўцаў да ахвяраваньняў на жніво. Вось які дыялёг адбыўся паміж А. Лукашэнкам і кіраўніком "Белнафтахіму" Іванам Бамбізам:

(Лукашэнка: ) “Ну а што камэрцыйныя структуры думаюць і пастаўшчыкі нафты?”

(Бамбіза: ) “Мы зь імі правялі перамовы, прынятае рашэньне: з рэсурсаў нафты, што пастаўляецца ў жніўні, 20 тысячаў тонаў яны адгружаюць па фіксаваных цэнах з адтэрміноўкай плацяжу да 1 сьнежня гэтага году”.

(Лукашэнка: ) “А што яны нам падараць сёлета?”

(Бамбіза: ) “Аляксандар Рыгоравіч, так склалася зараз цэнавая сытуацыя, што магчымасьці такой даць бязвыплатна няма”.

(Лукашэнка: ) “Такога ня можа быць... (Навіцкаму) Генадзь Васільевіч, запрашайце пастаўшчыкоў, камэрцыйныя структуры, вядзіце зь імі дыялёг і папрасіце ад майго імя... Усіх перапісаць, і мне сьпіс на стол: хто колькі ахвяруе, колькі хто пакладзе беларускаму народу на ўборку збожжа. Яны працуюць на нашым рынку і непрыгожа ня ўдзельнічаць ва ўборцы ўраджаю. Я думаю, 20 тысяч тон мы яшчэ знойдзем”.

Надзвычайныя захады давялося ўжыць, каб распачаць нарыхтоўку зерня. Прадпрыемствы камітэту хлебапрадуктаў "сядзелі ў даўгавой яме" і змаглі пачаць працу толькі дзякуючы ўказу А.Лукашэнкі, які рэструктурызуе іх запазычанасьць ды прадстаўляе ім крэдыт памерам 180 мільярдаў рублёў. Жніво ў зэніце, а ў многіх гаспадарках ня выплацілі заробак калгасьнікам яшчэ за красавік. Запазычанасьць складае 29 мільярдаў рублёў. 60 мільярдаў павінны сялянам за здадзеную імі прадукцыю перапрацоўчыя прадпрыемствы.

Нягледзячы на працу ў надзвычайным рэжыме, ранейшы загад А.Лукашэнкі закончыць уборачную кампанію да 1 жніўня фактычна скасаваны – цяпер размова йдзе пра першую дэкаду месяца. А пасля ўборкі А.Лукашэнка загадаў сялянам "наладзіць нармальны севазварот і нарэзаць палі прыгожа, як на Захадзе". Кіраўнік дзяржавы сам будзе кантраляваць ход уборачных работ ў рэгіёнах, пералятаючы на прэзыдэнцкім гелікоптэры з адной вобласьці ў другую.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG