Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС "ПЕРАСТАНЕ КЛАНЯЦЦА ПЕРАД АБСЭ", АЛЕ ПАЧНЕ БОЛЬШ ЦЕСНА ЎЗАЕМАДЗЕЙНІЧАЦЬ З ЗША


Юры Сьвірко, Менск

Аляксандар Лукашэнка, заявіўшы, што АБСЭ "наўрад ці камусьці штосьці дае", дадаў: "Гэта не Эўразьвяз – эканамічная арганізацыя, гэта нават ня Злучаныя Штаты ці Нямеччына". А як паведаміла прэсавая служба спадара Лукашэнкі, ён "адзначыў, што неабходна наладжваць больш цесныя эканамічныя ўзаемадносіны з ЗША, для гэтага склаліся неабходныя перадумовы". Вось камэнтар прэсавага сакратара МЗС Паўла Латушкі:

(Латушка: ) "Мы разглядаем, вядома ж, Злучаныя Штаты Амэрыкі ў якасьці аднаго з важных эканамічных партнэраў Беларусі, і ў гэтым кантэксьце кіраўнік дзяржавы ўчора выказаў свае патрабаваньні й пажаданьні на адрас Міністэрства замежных справаў. МЗС Беларусі будзе рэалізоўваць згаданыя палажэньні".

Павал Латушка таксама паведаміў, што 29-30 ліпеня ў Менску пройдуць першыя ў гісторыі кансультацыі паміж дыпляматычнымі ведамствамі Беларусі ды Ізраілю. Кіраўнік ізраільскае дэлегацыі Давід Пелег – намесьнік генэральнага сакратара МЗС Ізраілю – сустрэнецца таксама з шэфам прэзыдэнцкае адміністрацыі Ўралам Латыпавым і віцэ-сьпікерам "палаты прадстаўнікоў" Уладзімерам Канаплёвым.

У часе перамоваў будуць абмеркаваныя інвэстыцыйныя праекты з удзелам ізраільскага капіталу – гэта мадэрнізацыя сыстэмы паркоўкі, а таксама будаўніцтва ў Менску буйнога гандлёвага цэнтру.

Цікава, што гэтыя кансультацыі пройдуць на фоне паведамленьня пра закрыцьцё ізраільскае амбасады ў Менску з прычыны недахопу грошай на ўтрыманьне замежных прадстаўніцтваў Ізраілю. Прэсавы сакратар МЗС сёньня падаў такія лічбы: "цяпер у Беларусі пражывае каля 30 тысячаў габрэяў, а ў Ізраілі – больш за 120 тысячаў выхадцаў зь Беларусі", а таксама паведаміў, што ніякай афіцыйнай інфармацыі наконт закрыцьця ізраільскай амбасады беларускі бок не атрымліваў.

Паводле Паўла Латушкі, адразу пасьля сустрэчы з дэлегацыяй МЗС Ізраілю беларускі міністар Міхаіл Хвастоў накіруецца з афіцыйным візытам у Індыю. Адначасова – 1-2 жніўня – у Мазыры адбудзецца паседжаньне міжурадавай беларуска-ўкраінскай камісіі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Учора Аляксандар Лукашэнка вельмі рэзка выказаўся наконт гандлю з Украінай і нават "указаў на неабходнасьць прыняцьця крокаў у адказ да тых краін, якія выкарыстоўваюць дыскрымінацыйныя захады да беларускай прадукцыі".

(Латушка: ) "Беларускую дэлегацыю на гэтых вельмі важных перамовах, якія пакліканыя надаць новы імпульс разьвіцьцю супрацоўніцтва краін у гандлёва-эканамічнай сфэры, узначаліць першы намесьнік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі, украінскую – віцэ-прэм'ер-міністар Леанід Казачэнка. У ходзе пасяджэньня камісіі бакі абмяркуюць стан гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай і асноўныя накірункі павелічэньня тавараабароту. Значная ўвага будзе нададзеная супрацоўніцтву ў сфэры аграпрамысловага комплексу, вытворчай каапэрацыі і транспарту, разьвіцьцю міжрэгіянальнага супрацоўніцтва".

Паводле зьвестак МЗС, сёлета за першыя пяць месяцаў таваразварот з Украінай скараціўся амаль на 40% у параўнаньні зь леташнім, прычым беларускі экспарт зьменшыўся больш як на 60%. Гандлёвае сальда з Украінай склалася адмоўнае – 28 мільёнаў даляраў, што і раззлавала Аляксандра Лукашэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG